Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Маркевіч.

Антон Маркевіч (14 кастрычніка 1925, Горадня9 лістапада 2009, Ашава, Канада) — беларускі грамадзкі дзеяч у Канадзе.

Антон Маркевіч
Род дзейнасьці беларускі грамадзкі дзеяч у Канадзе
Дата нараджэньня 14 кастрычніка 1925
Месца нараджэньня Сьцяг Польшчы Горадня, Польская Рэспубліка
Дата сьмерці 9 лістапада 2009
Месца сьмерці Сьцяг Канады Ашава, Канада
Сябра ў Згуртаваньне беларусаў Канады

Ад 1944 году – на эміграцыі. Дзевяць гадоў (1946—1955) пражыў у Мюнхэне, але ўдзелу ў грамадзкім жыцьці там не браў. У 1955 годзе перабраўся ў Канаду, дзе пачаў актыўна ўдзельнічаць у грамадзкім беларускім жыцьці. Праз кароткі час быў абраны сакратаром Задзіночаньня Беларусаў Канады. У 1958 годзе быў абраны старшынём Галоўнай управы ЗБК.

Разам з Кастусём Акулам ён заснаваў выдавецка-мастацкі клюб «Пагоня». Сярод іншага, сябры клюбу рабілі значкі з «Пагоняй» ды пярсьцёнкі. Залатымі і срэбранымі значкамі ганаравалі вядомых беларусаў за ўнёсак у грамадзкую і культурную працу.

Быў карэспандэнтам амэрыканскае газэты «Беларус». Пісаў пра жыцьцё канадзкіх беларусаў пад імем Хвядос Прылепскі, ці крыпта-псеўданімам А—віч.

У 1965 годзе, жывучы ў горадзе Ашава (не блытаць са сталіцай краіны Атавай) дабіўся, каб бел-чырвона-белы сьцяг уздымаўся штогод 25 сакавіка перад гарадзкой ратушай побач з канадзкім. У 1970-м разам з Вінцэнтам і Раісай Жук-Грышкевічамі дамовіліся з мэрыяй Таронта, каб сьцяг уздымаўся на ратушнай плошчы кожныя 25 сакавіка.

Як прадстаўнік беларускай грамады быў запрошаны на ўрачысты абед у мэрыі ў гонар брытанскай каралевы Элізабэт падчас ейных адведзінаў Таронта.

Арганізаваў штонядзельныя паўгадзінныя радыёперадачы на беларускай мове на радыёстанцыі ў горадзе Оўквіл.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць