Андрэй Шаўчэнка
Андрэ́й Мікала́евіч Шаўчэ́нка (па-ўкраінску: Андрій Миколайович Шевченко; нарадзіўся 29 верасьня 1976 году, сяло Дворкіўшчына, Ягатынскі раён, Кіеўская вобласьць) — былы ўкраінскі футбаліст. Заслужаны майстар спорту Ўкраіны (2003). У цяперашні час зьяўляецца галоўным трэнэрам «Джэноа».
Андрэй Шаўчэнка | ||
Пэрсанальная інфармацыя | ||
---|---|---|
Нарадзіўся | 29 верасьня 1976[1][2] (48 гадоў) Дворкіўшчына, Ягатынскі раён, Кіеўская вобласьць, Украіна | |
Рост | 183 см | |
Вага | 83 кг | |
Пазыцыя | нападнік | |
Моладзевыя клюбы | ||
1986—1994 | Дынама Кіеў | |
Клюбы | ||
Гады | Клюб | Гульні (галы)¹ |
1994—1999 1999—2006 2006—2009 2008—2009 2009—2012 |
Дынама Кіеў Мілян Чэлсі Лёндан → Мілян (арэнда) Дынама Кіеў |
117 (60) 208 (127) 47 (9) 18 (0) 55 (23) |
Зборныя | ||
1995—2012 | Украіна | 111 (48) |
Трэнэрскія клюбы | ||
2016—2021 2021— |
Украіна Джэноа |
Шаўчэнка — выхаванец футбольнай школы кіеўскага «Дынама». У 2004 годзе быў уганараваны прызам «Залаты мяч», які ўручаецца найлепшаму футбалісту Эўропы па выніках году. Да гэтага ў галасаваньні за «Залаты мяч» двойчы займаў трэцяе месца. З 1999 па 2006 годы гуляў у італьянскім клюбе «Мілян», за гады выступу ў якім стаў другім найлепшым бамбардзірам у гісторыі клюбу. 26 траўня 2006 году разам з прэзыдэнтам «Міляну» Адрыяна Галіяні Андрэй Шаўчэнка правёў прэс-канфэрэнцыю, на якой афіцыйна абвясьціў аб сваім рашэньні пакінуць «Мілян» па сямейных абставінах[3]. 31 траўня 2006 году ён падпісаў кантракт зь лёнданскім клюбам «Чэлсі». Ён атрымаў у камандзе сёмы нумар, пад якім выступаў у «Міляне» й зборнай Украіны. Ад 29 жніўня 2009 году ён вярнуўся ў кіеўскае «Дынама», за якое выступаў да 2012 году. 15 ліпеня 2016 году прызначаны галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Украіны.
Біяграфія
рэдагавацьАндрэй Шаўчэнка нарадзіўся 29 верасьня 1976 году ў горадзе Ягатыне (Кіеўская вобласьць). Першыя гады яго жыцьця мінулі ў пасёлку Дворкіўшчына, затым у 1979 годзе сям’я пераехала ў Кіеў у адзін з новых гарадзкіх раёнаў — Абалона.
Першыя крокі ў футболе Андрэй зрабіў на спортпляцоўцы сярэдняй школы нумар 216 (тут ён вучыўся зь першай па дзясятую клясу, у 1983—1993 гг.). Гуляў за каманду жэка, якой кіравала інструктар-жанчына. На адным зь дзіцячых турніраў Шэву зацеміў трэнэр дзіцяча-юнацкай спартовай школы кіеўскага «Дынама» Аляксандар Шпакаў, запрасіўшы ў сваю клясу.
Бацькі Андрэя спачатку былі супраць захапленьня сына. Мікалай Шаўчэнка жадаў, каб пасьля заканчэньня школы спадчыньнік пайшоў па яго ступнях — стаў вайскоўцам. Ды і езьдзіць на трэніроўкі трэба было праз увесь горад. Але Шпакаў пераканаў Мікалая Рыгоравіча і маму Андрэя, Любоў Мікалаеўну, у тым, што ў іх дзіцяці ёсьць далягляды ў футболе. Гульня ў скураны мяч стала для Шэвы галоўнай справай у жыцьці.
Але заняткі спортам ледзь не былі перакрэсьленыя аварыяй на атамнай станцыі ў Чарнобылі. Увесну 1986-га кіеўскіх школьнікаў сьпешна вывозілі далей ад рэгіёнаў, «пазначаных» радыяцыяй. Да шчасьця, усё абыйшлося, вярнуўшыся дадому, Андрэй працягнуў спасьцігаць асновы вялікай гульні.
Каманда, у якой выступаў Шэва (у 1992 годзе Шпакава на трэнэрскім пасту зьменіць Аляксандар Лысенка), у жніўні 1991-га стала пераможцам апошняга першынства СССР сярод юнакоў 1976 году нараджэньня. У яе складзе Шаўчэнка, распачыналы, дарэчы, на пазыцыі апорнага паўабаронцы, заваяваў свае першыя міжнародныя прызы і тытулы. У 1990-м юныя дынамаўцы выйгралі ва Ўэльсе «Кубак Яна Раша», а Андрэй, стаўшы лепшым бамбардзірам, атрымаў у падарунак ад знакамітага бамбардзіра пару буцаў. Упершыню пабываўшы ў Італіі на стадыёне «Сан-Сыра», Шаўчэнка абзавёўся марай — згуляць калі-небудзь на гэтай услаўленай арэне.
Клюбная кар’ера
рэдагавацьШлях на Апэніны, натуральна, ляжаў праз кіеўскае «Дынама». У першынстве Ўкраіны-1992/93 Андрэй праводзіць шэсьць матчаў у складзе другой каманды ўслаўленага клюбу, якая выступала ў другім дывізіёне пад кіраўніцтвам трэнэра Ўладзімера Анішчанкі. А ўжо ў наступным сэзоне з 12 мячамі становіцца найлепшым бамбардзірам гэтага калектыва.
26 красавіка 1994 году Шаўчэнка ўпершыню зьяўляецца на «вялікім экране» — украінскае тэлебачаньне трансьлюе зь Львова матч сваёй юніёрскай зборнай супраць галяндзкіх аднагодкаў. Андрэй забівае адзін з двух мячоў (паядынак завяршаецца ўнічыю — 2:2), дэманструючы выдатную тэхніку і байцоўскі характар.
8 лістапада таго жа году 18-гадовы форвард дэбютуе ў асноўным складзе кіеўскага «Дынама». У сустрэчы з «Шахцёрам» ён на 54-й хвіліне зьмяняе Джышкарыяні. Увосень і ў пачатку зімы 1994-га апісаньне шматлікіх падзеяў у футбольнай біяграфіі Андрэя пачынаецца словам «упершыню»: 11 кастрычніка ў паядынку з камандай Славеніі (1:0) ён дэбютаваў у моладзевай зборнай (трэнэр — Уладзімер Мунцян), 23 лістапада згуляў свой першы матч у Лізе чэмпіёнаў («Дынама» саступіла ў Маскве «Спартаку» — 0:1, а Шаўчэнка на 57-й хвіліне замяніў Раброва), 1 сьнежня забіў першы гол у вышэйшай лізе (у вароты «Дняпра», усталяваўшы канчатковы рахунак матчу — 4:2), а 7-га ўпершыню адзначыўся ў Кубку чэмпіёнаў, забіўшы мяч мюнхэнскай «Баварыі» (дынамаўцы прайгралі — 1:4).
Толькі праславуты нямецкі характар і жахлівае нешанцаваньне мяшае камандзе-зорцы Лабаноўскага прабіцца ў фінал Лігі чэмпіёнаў-1998/99. Але лёс Шаўчэнкі вырашаны — дыямэнт такой агранкі павінен зіхацець у адным з заходніх супэрклюбоў. «Мілан» дамагаецца свайго: 1 ліпеня Андрэй пазуе ў чырвона-чорнай суколцы на віа Тураці. У Італіі яго завуць новым ван Бастэнам. Андрэю лісьлівяць такія параўнаньні, але ён ветліва заўважае, што жадаў бы заставацца самім сабой — Шаўчэнкам.
Пасьля сямі гадоў выступаў за італьянскі «Мілян» Шаўчэнка вырашыў перабрацца ў Лёндан, у клюб Рамана Абрамовіча «Чэлсі». Сума ягонага трансфэру склала каля 30 млн фунтаў. У першай жа гульні за новы клюб ён стаў аўтарам гола: гэта быў матч за Супэркубак Ангельшчыны супраць «Лівэрпулу», які скончыўся перамогай «Лівэрпуля» зь лікам 2:1. Але, нягледзячы на нядрэнны пачатак і давер тагачаснага трэнэра «Чэлсі» Жазэ Маўрыньню, кар’ера Шаўчэнкі ў Ангельшчыне не была ўдалай. За два гады ў «Чэлсі» ён перанёс дзьве апэрацыі і цяжкую траўму сьпіны.
Вяртаньне ў «Мілян»
рэдагаваць23 жніўня 2008 году, пасьля двух гадоў у Лёндане, афіцыйны сайт «Чэлсі» паведаміў аб вяртаньні Шаўчэнкі ў «Мілан» у гадавую арэнду з магчымым правам выкупу. Вярнуўшыся, Шаўчэнка гуляў пад 76-м нумарам, паколькі ягоная любімая «сямёрка» была занятая Алешандрэ Пата.
Вяртаньне ў «Дынама»
рэдагаваць27 жніўня 2009 году галоўны трэнэр «Чэлсі» Карлё Анчэлёцьці паведаміў Шаўчэнку, што не плянуе ўключаць яго ў заяўку на Лігу чэмпіёнаў. 29 жніўня 2009 году Андрэй падпісаў кантракт з кіеўскім «Дынама» па схеме 2+1, атрымаўшы сёмы нумар.
Дасягненьні
рэдагаваць- Уладальнік Супэркубка Італіі: 2004
- Уладальнік Супэркубка УЭФА: 2004
- Чэмпіён Італіі: 2004
- Пераможца Лігі чэмпіёнаў: 2003
- Уладальнік Кубка Італіі: 2003
- Чэмпіён Украіны: 1995, 1996, 1997, 1998, 1999
- Уладальнік Кубка Ўкраіны: 1996, 1998
- Уладальнік Кубка Ангельскай Лігі: 2007
Асабістыя ўзнагароды
рэдагаваць- Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Ўкраіны (18 мячоў): 1999
- Найлепшы нападнік Лігі чэмпіёнаў (вэрсія УЭФА): 1999
- Найлепшы бамбардзір Лігі чэмпіёнаў (10 мячоў): 1999
- Ордэн «За заслугі» 3-й ступені: 1999
- Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Італіі (24 мяча): 2000
- Ордэн Сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера 3-й ступені: 2000
- Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Італіі (24 мяча): 2004
- «Залаты мяч»: 2004
- «Зорка» (вэрсія газэты «Спорт-Экспрэс»): 2004
- Герой Украіны «за велізарны ўнёсак у разьвіцьцё ўкраінскага футболу»: 2004
- «Зорка» (вэрсія газэты «Спорт-Экспрэс»): 2005
- Найлепшы бамбардзір Лігі чэмпіёнаў: 2006
- У сьпісе ФІФА 100
Папярэднік Сяргей Раброў |
Найлепшы бамбардзір Вышэйшай лігі чэмпіянату Ўкраіны 1998—1999 |
Наступнік Максім Шацкіх |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Andriy Shevchenko // Transfermarkt (мн.) — 2000.
- ^ а б в ANDRIY SHEVCHENKO // Argentine Soccer Database (гішп.)
- ^ http://www.germany06.ru/2006/05/26/a_153372.shtml