Анге́льскае зе́льле (па-лацінску: Pimenta dioica) — прыправа, якая вырабляецца зь недасьпелых і высушаных пладоў піментавага дрэва, якое належыць да роду міртавых (лац. Myrtaceae). Плод — цёмная ягада з двума насеньнямі.

Гісторыя

рэдагаваць

Упершыню з эўрапейцаў знойдзена гішпанцамі ў канцы XV — пачатку XVI стагодзьдзя на выспах Карыбскага мора й памылкова прынятая за перац, з гэтага паходзіць гішпанская (pimenta) і лацінская (Pimenta officinalis) назвы — перац. Дадавалася ацтэкамі ў шакаляд. Шырокавядомай у Эўропе стала з канца XVII стагодзьдзя. Водарам нагадвае гвазьдзікі й цынамон, а вастрынёй — перац, таму ў ангельскай мове за гэтай прыправай замацавалася вызначэньне «all spice» («усе спэцыі»).

Уласьцівасьці

рэдагаваць

Высушаныя ягады ўтрымліваюць 3,5 — 5% этэрнага алею, у склад якога ўваходзяць эўгенол (60 — 80%), мэтылеўгенол, экваліптол, ліналол і іншыя субстанцыі. Вырошчваецца пераважна ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амэрыцы, галоўныя экспартэры да сёньняшняга дня — Ямайка й Барбадос. Вялікія плянтацыі знаходзяцца таксама ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

Выкарыстаньне

рэдагаваць

У кухні выкарыстоўваецца як прыправа да мясных страваў, каўбас, марынадаў. Некалькі цэлых ці здробленых зярнятак, даданых да тлустых соўсаў, надаюць ім прыемны водар. Ужываецца таксама як прыправа да страваў з гародніны й рыбы. Было прынята дадаваць ангельскае зельле ў дэсэрты й печыва. Слынны бэнэдыктынскі лікёр (Benedictine Chartreuse), які вырабляўся і ў бэнэдыктынскіх кляштарах у ВКЛ, гатаваўся з выкарыстаньнем ангельскага зельля (традыцыя вырабу гэтага лікёру адноўленая ў Літве ў другой палове XX стагодзьдзя). Эсэнцыя ангельскага зельля выкарыстоўваецца таксама ў касмэтычнай, парфумэрнай і фармацэўтычнай вытворчасьці.

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алег Дзярновіч, праект «Наша ежа».