Анакру́за (па-старажытнагрэцку: ἡ ἀνάκρουσις — адштурхоўваньне, крок назад) — ненаціскныя склады ў пачатку вершаванага радка перад першым мэтрычным націскам. У сілаба-танічным вершы ў залежнасьці ад характару мэтра анакруза бывае нулявой (харэй, дактыль), аднаскладовай (амфібрахій) і двухскладовай (анапэст). Анакруза ў вершы мае вялікае рытмічнае значэньне. Паколькі ўнутраная структура роднасных памераў (двухскладовых, з аднаго боку, і трохскладовых — з другога) аднолькавая, то яны адрозьніваюцца па сутнасьці толькі анакрузай. На гэтым засноўваецца існаваньне радковых лягаэдаў — двухскладовых і тро'складовых памераў з раўнамерным чаргаваньнем анакрузаў:

Сонца штораз больш у жылах кроў агніць,
Калені штораз больш ласкоча нам трава,
Блогасна аб сэрцы сэрца ў жары сьніць,
Жаданьнем забыцьця п’янее галава.
(Я. Купала «Яна і я»)

Часам анакруза дапамагае вылучыць пэўнае слова ў пачатку вершаванага радка. Гэта здараецца тады, калі сярод аднатыпных анакрузаў зьяўляецца анакруза іншага віду. Найбольш відазьмяняе рытмічны малюнак верша нераўнамернае паўтарэньне анакрузаў. Некаторыя дасьледчыкі тэрмін «анакруза» ўжываюць толькі ў дачыненьні да звышсхемных ненаціскных складоў у пачатку радкоў, што, у прыватнасьці, назіраецца ў чацьвёртым радку першага чатырохрадкоўя верша М. Багдановіча «Купідон» (тут у стапе ямба лішні ненаціскны склад):

Ад спомінаў дзіцячых лет
Ў маёй душы астаўся сьлед.
Я помню, як бывала рада
Маё сэрца плітцы шакаляда.

Літаратура

рэдагаваць