Аміліна гара
Узгорак | |
Аміліна гара
| |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжаньне | Гародзькі |
Каардынаты | 54°13′12″ пн. ш. 26°29′55″ у. д. / 54.22° пн. ш. 26.49861° у. д.Каардынаты: 54°13′12″ пн. ш. 26°29′55″ у. д. / 54.22° пн. ш. 26.49861° у. д. |
Статус | помнік мясцовага значэньня |
Аміліна гара |
Аміліна гара — геалягічны помнік прыроды мясцовага значэньня ў Беларусі, разьмешчаны за 4 кілямэтры на ўсход ад будынку сельсавету вёскі Гародзькі Валожынскага раёну Менскай вобласьці і 15,6 кілямэтры на паўночны захад ад цэнтру гораду Валожыну. Ахоўны статус нададзены 19 студзеня 2009 году.
Апісаньне
рэдагавацьПлошча ахоўнай зоны помніку прыроды складае 0,2 км². Граніца праходзіць на поўначы ўздоўж дарогі Гародзькі-Гарадзілава, на ўсходзе па мяжы вёскі Ганькавічы, на поўдні ўздоўж чыгункі Ліда-Маладэчна, на захадзе ўздоўж мясцовай дарогі, якая злучае чыгунку з дарогай Гародзькі-Гарадзілава.
Аміліна гара ўяўляе сабой вузкую, выразна выяўленую ў рэльефе водна-ледавіковая граду, якая выгнулася на поўнач з канцамі, арыентаванымі на паўднёвы захад і паўднёвы ўсход. Яна мае даўжыню 0,6 км, шырыню — да 50 м. Форма складзена слаістымі водна-ледавіковымі пяскамі і пясчана-жвірова-галечнымі адкладамі. Слаі пяску і пясчана-жвіровых адкладаў маюць схіл на поўдзень да лагчыны з далінай ракі Заходняя Бярэзіна.
Паверхня Амілінай гары няроўная і ўтворана са мноства ўзвышшаў. Самы высокі ўзгорак на поўначы помніка. Абсалютная вышыня вяршыні дасягае 204,9 м над узроўнем мора, адносная — 20 м. У бок Бярэзінскай лагчыны ўзгоркі памяншаюцца і робяцца больш дробнымі, але застаюцца з вельмі выразнымі схіламі (22 — 25) і вузкімі грэбнямі. На іх паверхні разьмешчана мноства валуноў крышталічных парод да 1,5 м па пэрымэтры. На поўдні гара паступова пераходзіць у роўную пляцоўку, нахіленую да лагчыны. Аміліна гара — параўнальна рэдкая для вобласьці беларускіх узгоркаў форма водна-ледавіковага рэльефу і сьведка найбольш тыповых геалягічных працэсаў эпохі адступленьня перадапошняга ледавіка. Яна ўтварылася 220—150 тыс. гадоў назад падчас сожскага зьледзяненьня ў выніку накапленьня пяску, жвіру, галькі, валуноў і марэнных супескаў каля краю актыўнай крыніцы ў пэрыяд яе часовага спыненьня.
Помнік Аміліна гара захаваўся ў прыродным стане, не быў закрануты актыўнай антрапагеннай дзейнасьцю. Ён зьяўляецца эталёнам марэнных град і ўзгоркаў канцова-марэнных узвышшаў цэнтральнай Беларусі.