Алтэр Друянаў
А́лтэр Друя́наў (па-габрэйску: אלתר דרויאנוב), сапраўднае імя Ашэр Абрагам Аба[1] (6 ліпеня 1870, Друя, Віленская губэрня Расейскай імпэрыі — 10 траўня 1938, Тэль Авіў, Брытанскі мандат у Палестыне) — жыдоўскі літаратар, рэдактар, журналіст, фальклярыст.
Алтэр Друянаў | |
па-габрэйску: אלתר דרויאנוב | |
Імя пры нараджэньні | Ашэр Абрагам Аба |
---|---|
Род дзейнасьці | пісьменьнік, журналіст |
Дата нараджэньня | 6 ліпеня 1870 |
Месца нараджэньня | Друя |
Дата сьмерці | 10 траўня 1938 (67 гадоў) |
Месца сьмерці | Тэль Авіў |
Месца пахаваньня | |
Занятак | пісьменьнік, перакладнік, журналіст |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў заможнай хасыдзкай сям’і рабіна і гандляра Гецэля (Пэсаха Эльякіма) Янкелевіча і Трайны Друянавых. Навучаўся ў Валожынскай ешыве, дзе далучыўся да прадвесьніка сіянісцкага руху „Хібат Цыён“. У 1890 року пачаў супрацоўніцтва з іўрытамоўнай газэтай «Ха-Мэліц», дзе апублікаваў свой першы фэльетон.
Па сканчэньні навучаньня вярнуўся на радзіму, дзе займаўся камэрцыяй. Ажаніўся з Брахай Гальперын, зь якой пазнаёміўся ў Дзьвінску[2]. Да 1899 року публікаваў артыкулы і фэльетоны на іўрыце й ідышы ў розных пэрыядычных выданьнях. У 1900—1905 быў сакратаром адэскага Камітэту па засяленьні Палестыны. У 1906 эміграваў у Эрэц-Ісраэль, але ў 1909 вярнуўся ў Вільню і да 1914 рэдагаваў «Ха-Алам» (тады орган Усерасейскай сіянісцкай арганізацыі). У ваенным часе працаваў у адэскім Камітэце дапамогі жыдоўскім ахвярам вайны.
З 1918 у Адэсе супольна з Хаімам Нахманам Бялікам і Егошуа Ханам Раўніцкім(d) публікаваў пэрыядычныя зборнікі жыдоўскай фальклярыстыкі «Рэшумот» (вып. 1-4, Адэса — Бэрлін — Тэль-Авіў, 1918—1926).
З 1921 настала пасяліўся ў Эрэц-Ісраэлі.
Творчасьць
рэдагавацьСкладальнік зборніку дакумэнтаў «Ктавім ле-талдот Хібат Цыён вэ-ішуў Эрец-Ісраэль» («Нататкі па гісторыі Хібат Цыён і засяленьні Палестыны»), выдадзеных у трох тамох у пэрыяд з 1919 па 1932). Вядомы як аўтар «Сэфэр ха-бдыха вэ-ха-хідуд» («Кніга жартаў і досьціпаў»), выдадзеных у трох тамох у пэрыяд з 1935 па 1938 рокі). У 1943—1945 пасьмяротна выйшаў двухтомнік ягоных твораў.
Выбраная бібліяграфія
рэдагаваць- 1922 Сэфэр ха-бдыха вэ-ха-хідуд (Кніга жартаў і досьціпаў);
- 1919—1932 Ктавім ле-талдот Хібат Цыён (Нататкі па гісторыі Хібат Цыён);
- 1932 Ціянут бэ-Палянія (Сіянізм у Польшчы);
- 1936 Сэфэр Тэль Авіў (Кніга Тэль Авіву).
Памяць
рэдагавацьІмем Алтэра Друянава названая вуліца ў Друі (былая Першамайская)[3].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Короли ищут жён в Двинске (рас.). Наша Газета (29 сакавіка 2007). Праверана 27 чэрвеня 2021 г.
- ^ Шуламит Шалит. Король еврейской шутки // Мишпоха. — 2004. — № 14.
- ^ Як жыве мястэчка, падзеленае на дзьве краіны Беларусьсю і Латвіяй. Радыё „Свабода“ (2017). Праверана 27 чэрвеня 2021 г.
Літаратура
рэдагаваць- Артыкул «Друянов Алтер» у Электроннай габрэйскай энцыкляпэдыі (рас.)
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Друянов Алтер // Расейская жыдоўская энцыкляпэдыя