Валожынскі ешыбот
Помнік грамадзянскай архітэктуры | |
Валожынскі ешыбот
| |
Валожынскі ешыбот
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Валожын |
Каардынаты | 54°05′28″ пн. ш. 26°31′40″ у. д. / 54.09111° пн. ш. 26.52778° у. д.Каардынаты: 54°05′28″ пн. ш. 26°31′40″ у. д. / 54.09111° пн. ш. 26.52778° у. д. |
Заснавальнік | Хаім з Валожына[d] |
Дата заснаваньня | 1803 |
Валожынскі ешыбот | |
Валожынскі ешыбот на Вікісховішчы |
Валожынскі ешыбот, таксама вядомы як Эц Хаім (у гонар заснавальніка Хаіма Валожынэра) — юдэйская навучальная ўстанова і помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Валожыне. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычнай Смаргонскай вуліцы[a]. Дзейнічаў да 1939 году. Твор архітэктуры клясыцызму.
У пэрыяд росквіту тут навучаліся больш за 400 чалавек з усёй Расейскай імпэрыі. Адсюль выходзілі вялікія габрэйскія пісьменьнікі, рабіны, палітыкі і навукоўцы. Стаў прататыпам большасьці літвакоўскіх ешыботаў сьвету. Назву «Валожынская» мае адна з галоўных сынагогаў Нью-Ёрку.
Гісторыя
рэдагавацьЕшыбот у Валожыне заснаваў у 1803 годзе рабін Хаім Валожынэр, вучань Віленскага гаону. У 1821 годзе пераемнікам на чале ешыботу стаўся ягоны сын Ісаак. Па сьмерці Ісаака ў 1849 годзе кіраўніком ешыботу прызначылі рэбэ Эліязэр Фрыд (анг. Eliezer Fried). Неўзабаве Эліязэр Фрыд сканаў, наступным кіраўніком ешыботу ў 1854 годзе стаў ягоны намесьнік рэбэ Нафталі Цьві Ягуда Бэрлін (анг. Naftali Zvi Yehuda Berlin).
У 1896 годзе ешыбот афіцыйна зачынілі, бо ўлады Расейскай імпэрыі запатрабавалі ўвядзеньне ў навучальную праграму выкладаньня расейскай мовы і сьвецкіх прадметаў. Рэбэ Бэрлін не пагадзіўся з гэтымі ўмовамі[1]. Паводле іншае вэрсіі, рэбэ Бэрліна не задаволіла ў першую чаргу ня тое, што давядзецца выкладаць сьвецкія прадметы, а сам загадны тон патрабаваньня: «Выкладчыкі ўсіх прадметаў мусяць мець дыплёмы каледжаў… юдэйскія прадметы нельга выкладаць ад 9 да 15 гадзін… начныя студыі не дазваляюцца… час навучаньня ня можа перавышаць 10 гадзінаў у дзень».
Некаторыя гісторыкі даводзяць іншую прычыну закрыцьця ешыботу. Паводле гісторыка Шаўэля Стампфэра (анг. Shauel Stampfer), нядаўна адкрытыя дакумэнты расейскага ўраду пацьвярджаюць, што сапраўднай прычынай закрыцьця стала процістаяньне іншых выкладчыкаў спробам рэбэ Бэрліна прызначыць свайго сына дэканам ешыботу[2].
Рэбэ Рэфаэль Шапіра (анг. Refael Shapiro), зяць рабіна Нацыва Валожынэра, адчыніў ешыбот наноў у 1899 годзе, хоць колькасьць вучняў у ім значна скарацілася. Дэ факта ешыбот існаваў да 1939 году[3].
Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады прыстасавалі будынак былога ешыботу пад рэстаран, потым тут была кулінарыя.
У 1998 годзе падчас візыту ў Валожын былога прэм’ера Ізраілю Шымона Пэрэса зьявілася дамоўленасьць аб рэканструкцыі будынка. У 2000 годзе будынак ешыботу перадалі ва ўласнасьць Габрэйскаму рэлігійнаму зьвязу Беларусі. У 2007 годзе ўлады запатрабавалі ад габрэйскае суполкі 20 000 даляраў на аднаўленьне будынку, пагражаючы іначай канфіскаваць яго[4]. Неабходныя сродкі на рэстаўрацыю будынку сабралі пры актыўным удзеле габрэйскай суполкі Agudath Israel у ЗША.
-
Срэбраная памятная манэта, 10 рублёў, 2010 г.
-
Срэбраная памятная манэта, 10 рублёў, 2010 г.
Архітэктура
рэдагавацьПомнік архітэктуры клясыцызму. Гэта прастакутны 1-павярховы будынак з цокальным паверхам, накрыты 2-схільным дахам. Цокальны паверх ня мае вонкавай плястыкі, яго тоўстыя сьцены праразаюцца прастакутнымі вокнамі ў глыбокім нішах. Асноўны аб’ём будынка аддзяляецца ад цокалю карнізнай цягай і падзяляецца пілястрамі, яго прастакутныя вокны аздабляюцца сандрыкамі. Цэнтральная частка сьцяны галоўнага фасада аздабляецца дэкаратычнай кампазыцыяй у выглядзе роўнай аркавай нішы. Высокі франтон мае ў цэнтральнай частцы профіль, які нагадвае 3-пялёсткавае суквецьце[5].
Кіраўнікі ешыботу
рэдагавацьЕшыбот ўзначальвалі (у храналягічным парадку):
- Хаім з Валожыну
- Іцхак з Валожыну
- Нафталі Цьві Явуда Бэрлін (пачаткова — супольна зь Ёсэфам Доў-Бэр Салавейчыкам)
- Рэфаэл Шапіра
Галерэя
рэдагавацьГістарычныя здымкі і графіка
рэдагаваць-
да 1939 г.
-
да 1939 г.
-
А. Налiваеў, 1964 г. (тэмпэра)
-
А. Налiваеў, 1967 г. (тэмпэра)
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Агульны выгляд
-
З боку двара
-
Галоўны фасад
-
Мэмарыльная дошка
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Кірава
Крыніцы
рэдагаваць- ^ William B. Helmreich. The World of the Yeshiva: An Intimate Portrait of Orthodox Jewry. — KTAV Publishing House, Inc., 2000. S. 11.
- ^ The Dinur Center for Research in Jewish History: Shaul Stampfer
- ^ Валожынскі ешыбот (рас.)
- ^ Old building of Volozhiner Yeshiva to be confiscated (анг.). Yeshiva World News (3 траўня 2007). Праверана 1 лютага 2009 г.
- ^ Локотко А. И. Архитектура европейских синагог. — Мн., 2002. С. 90.
Літаратура
рэдагаваць- Локотко А. И. Архитектура европейских синагог. — Мн.: Ураджай, 2002. — 156 с. ISBN 985-04-0547-3.