Азярное (археалягічныя помнікі)

археалягічныя помнікі ў Беларусі

Азярное — археалягічныя помнікі: паселішчы каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў каля в. Азярное (Любанскі раён, Менская вобласьць), на воз. Вячэра. Выявіў і дасьледаваў у 1985—1991 гг. Мікола Крывальцэвіч.

Паселішча—1

рэдагаваць

Знаходзіцца за 0,7 км на захад ад вёскі, на пясчаным узвышшы (памеры 250х150 м, вышынёй да 4,5 м) каля воз. Вячэра, ва ўрочышчы Дубное. На выдме паўночна-заходняй часткі пагорку знойдзены крамянёвыя вырабы, фрагмэнты посуду эпохі бронзы і жалезнага веку. Тэрыторыя выдмы дасьледавалася паквадратнымі паверхневымі зборамі на плошчы 548 м².

Вылучаецца комплекс матэрыялаў кудлаеўскай культуры мэзалітычнага пэрыяду VIII — V-га тыс. да н. э. Раскопы і шурфы плошчай каля 800 м² закладаліся на паўднёва-заходняй і заходняй ускраіне ўзвышша. На пляцоўцы памерамі 145х95 м выяўлены рэшткі паселішчаў каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. Культурны пласт 0,6 м. Знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скрабкі, скоблі, праколкі, разцы, адбойнікі, рэтушоры, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка ўсходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры з элемэнтамі нэалітычнай нёманскай культуры.

Посуд вастрадонны з пукатым, часам рабрыстым тулавам, адагнутымі вонкі венчыкамі. Аздабленьне: грабеньчатыя штампы, наколы, насечкі, лініі, «вусеневыя», лапчастыя, вузельчатыя, шнуравыя адбіткі. Для пэрыяду 2-й паловы III — пачатку II-га тыс. да н. э. характэрны комплекс сярэднедняпроўскай культуры з элемэнтамі культуры шнуравой керамікі і культуры шарападобных амфар, позьняга этапу днепра-данецкай культуры.

Выяўлены сьляды наземнай пабудовы. Знойдзены каменныя (сякера-клін, абломкі шліфавальных плітак) і крамянёвыя вырабы (чатырохграннае шліфаванае долата, фрагмэнты шліфаваных сякер, трохвугольныя наканечнікі стрэл, нажы і інш.), абломкі посуду амфарнага тыпу, слоікавай формы, місак. Аздабленьне складалася з лінейных штампаў, зубчатых адбіткаў, наколаў, шнуравых і «вусеневых» арнамэнтаў, пракрэсьленых ліній. Выяўлены комплекс знаходак тшцінецкага культурнага кола, які мае лякальныя паўночна-палескія асаблівасьці. Вылучаюцца абломкі гаршкоў, слоікавага посуду, місак. Паверхня посуду загладжавалася і ангабавалася, часта пакрывалася арнамэнтам ад венчыка да дна. Кераміка ў асноўным упрыгожвалася г. зв. «ружанцовым» арнамэнтам, радзей пракрэсьленымі лініямі, наколамі. Тшцінецкая кераміка датуецца ад 1700/1600 да канца II-га тыс. да н. э..

Частка фрагмэнтаў посуду мае аналягі на помніках лебядоўскай культуры позьняга пэрыяду бронзавага веку. Знойдзена кераміка эпохі жалеза — мілаградзкай культуры (з пукатым тулавам, высокай шыйкай, аздобленая «жамчужным» арнамэнтам) і рабрысты штрыхаваны посуд з выгнутымі шыйкамі.

Паселішча—2

рэдагаваць

Знаходзіцца за 0,8—1 км на паўднёвы захад ад вёскі, на пясчаным мысападобным выступе берагу воз. Вячэра (паселішча—2А) і ў падводнай зоне возера (паселішча—2Б). Большая частка паселішча—2А разбурана пры будаўніцтве копанак у 1970-я г. Пры паверхневых зборах знойдзены кераміка і крамянёвыя вырабы каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў.

Паселішча—2Б знаходзіцца насупраць паселішча—2А у донных адкладах возера Вячэра. Злакалізаваныя пад вадой артэфакты зьбіраліся ў 1985—1991 гг., калі на возеры вялася прамысловая здабыча сапрапэлю. Глыбіня вады ў зоне заляганьня культурных рэшткаў дасягала да 1,5 м, магутнасьць донных сапрапэлевых адкладаў — 3,9 м.

Артэфакты сустракаліся ў межах ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў мэтраў ад берагу. Комплексы выпадковых знаходак з Азярнога—2Б складаюцца з 1150 фрагмэнтаў керамікі, крамянёвага інвэнтару, рэшткаў костак і рагоў жывёл, больш чым 120 касьцяных і рагавых вырабаў.

Параўнальна-тыпалагічны аналіз знаходак дазваляе вылучыць мэзалітычны і нэалітычны комплексы. Пераважная большасьць мэзалітычных тыпаў касьцяных і рагавых вырабаў мае аналягі ў яніславіцкай культуры, культуры кунда. Сярод артэфактаў вялікае значэньне належыць касьцяным і рагавым вырабам. На некаторых зь іх захаваліся гравіраваныя малюнкі з выявамі людзей і арнамэнтальнае аздабленьне. У складзе керамічнай калекцыі налічваецца каля 1100 абломкаў нэалітычнага посуду (прыблізна ад 100 пасудзін) усходнепалескага варыянту днепра-данецкай культуры. Каля 50 фрагмэнтаў посуду маюць прыкметы культуры шнуравой керамікі. Кераміка паселішча—2Б датуецца IV — III-м тыс. да н. э.

Літаратура

рэдагаваць
  • Кривальцевич, Н. Н. Исследования в центральной части Белорусского Полесья / Н. Н. Кривальцевич // Археологические открытия 1985 года / Отв. ред. В. П. Шилов. — М.: Наука, 1987. — С. 455—456: ил.
  • Кривальцевич Н. Н. Новые данные к вопросу культурной принадлежности памятников бронзового века в Припятском Полесье Белоруссии // Актуальные проблемы историко-археологических исследований: Тезисы докладов VI Респ. конф. Молодых археологов, Киев, октябрь 1987 г. / [Редкол.: Е. В. Максимов (отв. ред.) и др.]. — Киев: Наукова думка, 1987. — 189, [1] с. — С.
  • Крывальцэыіч, М. М. Азярное / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 24 — 25. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Крывальцэвіч, М. М. Азярное / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с — С. 29 — 30. — ISBN 5-85700-077-7.