Абраз Маці Божай Лагішынскай
Маці Божая Лагішынская — Каралева Палесься — каталіцкі цудатворны абраз. Знаходзіцца ў галоўным алтары касьцёлу Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў Лагішыне Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці.
Гісторыя
рэдагавацьУ красавіку 1706 году, пакінуўшы Горадню, швэдзкі кароль Карл XII са сваім войскам праз Пружаны, Бярозу, Хомск ішоў да Пінску. Расейцы праз Жалудок ішлі на Менск. Адзін з вайсковых аддзелаў у Мерчыцах павярнуў на Лагішын, адпачыць і папоўніць правіянт[1]. Афіцэр аддзелу, Галабурда, які вёз з сабой абраз, затрымаўся на пастой у сакратара гораду Малішэўскага. Ён загарнуў абраз у палатно і паставіў каля дзьвярэй у сенях. Калі паступіў загад выступаць у паход, абраз застаўся за расчыненымі дзьвярыма. Малішэўскія занесьлі яго ў сьвятыню, дзе абраз у хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі[2].
Вялікім цудам стала выратаваньне драўлянага храма ад пажару, падчас якога згарэлі ўсе суседнія дамы. У 1866 годзе, пасьля задушэньня паўстаньня 1863—1864 гадоў, касьцёл разам з абразам быў перададзены царскімі ўладамі праваслаўнай царкве.
У 1913 годзе быў пабудаваны новы мураваны касьцёл, але абраз ня быў вернуты каталікам. І толькі ў 1938 годзе некалькі юнакоў-каталікоў таемна вынесьлі абраз Маці Божай з царквы і перанесьлі яго ў касьцёл. Тры разы праваслаўныя судзіліся з каталікамі, але суд застаўся на боку апошніх. Увосень 1939 году абраз адправілі ў Варшаву на рэстаўрацыю, пасьля якой берасьцейскі біскуп Казімір Букраба сам прывёз яго і ўласнаручна зьмясьціў у галоўны алтар новага касьцёлу. У 1944 годзе, пасьля ўваходу Чырвонай Арміі ў мястэчка, зноў праваслаўныя запатрабавалі вярнуць абраз у царкву, але не знайшлі падтрымкі ў ваеннага камісара.
Каранацыя
рэдагавацьДзякуючы намаганьням арцыбіскупа мінска-магілёўскага кардынала Казіміра Сьвёнтэка, абраз быў адноўлены і 1 студзеня 1997 г. зноў урачыста перададзены Петрапаўлаўскаму касьцёлу. А 10 траўня, у дзень парафіяльнага сьвята, якое штогод адзначаецца ў Лагішыне, адбылася вялікая ўрачыстасьць, прысьвечаная яго каранацыі папскімі каронамі, у якой удзельнічала некалькі тысячаў вернікаў. У ёй удзельнічаў кардынал Казімір Сьвёнтак, нунцый архібіскуп Дамінік Грушаўскі, шматлікія сьвятары з усіх дыяцэзіяў Беларусі.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Королева Полесья // «Краязнаўчая газета», 2008 год