Ўільям Барылка
Ўільям „Біл“ Барылка (па-ангельску: William «Bashin' Bill» Barilko; 25 сакавіка 1927, Тымінс, Антарыё, Канада — к. 26 жніўня 1951, Кокран, Антарыё, Канада) — канадзкі хакеіст, гулец клюбу Нацыянальнай хакейнай лігі „Таронта Мэйпл Ліфс“.
Ўільям Барылка | ||
---|---|---|
Рост | 180 см | |
Вага | 82 кг | |
Пазыцыя | Абарона | |
Кідок/Ловы | правы | |
Грамадзянства | ||
Дата нараджэньня | 25 сакавіка 1927 | |
Месца нараджэньня | Тымінс, Антарыё, Канада | |
Дата сьмерці | к. 26 жніўня 1951 (24 гады) | |
Месца сьмерці | Кокран, Антарыё, Канада | |
Выступаў за | ||
Гульнявая кар’ера | 1945—1951 |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБацькі Ўільяма Барылкі — эмігранты зь Беларусі. Бацька, Сьцяпан Барылка, нарадзіўся ў 1892 року ў Дабучыне Пружанскага павету (цяпер Пружанскі раён). У 1910 року пераехаў у Канаду і ўзяў імя Стывэн. Маці, Феадосія Карпінчук, нарадзілася ў 1899 року ў Малечы Пружанскага павету (цяпер Бярозаўскі раён); у 25-гадовым веку зьехала ў Канаду[1].
Ўільям Барылка меў брата Алекса і сястру Ганну. Быў заручаны з Луізай Гастынгс. З прычыны цяжкага фінансавага становішча кінуў школу пасьля васьмі клясаў і ўладкаваўся працаваць у золатаздабыўчай шахце. Бацька, не жадаючы сыну сваёй долі, пераканаў таго заняцца хакеем.
Кар’ера
рэдагавацьПрафэсійную кар’еру Біл Барылка пачаў у камандзе лігі Ціхаакіянскага ўзьбярэжжа „Галівуд Вулўз“. У лютым 1947 року перайшоў у найдаражэйшы тады клюб сьвету „Таронта Мэйпл Ліфс“, дзе й выступаў да канца жыцьця[2], сьпярша пад №21, у 1948—1950 роках — пад №19. У наступным сэзоне атрымаў вызвалены №5.
За пяць сэзонаў Барылка з „Таронта“ выйграваў чэмпіёнскі кубак чатыры разы: у 1947, 1948, 1949 і 1951 роках. Апошняя шайба, закінутая Барылкам 21 красавіка 1951 року ў авэртайме супраць „Манрэалю“, прынесла „Лістам“ чэмпіёнства ў 5-м матчы фіналу розыгрышу 1951 року.
Сьмерць
рэдагаваць24 жніўня 1951 року Барылка з сваім дэнтыстам Генры Гадсанам паляцеў гідрасамалётам „Fairchild 24“ у паўночны Квэбэк на рыбалку[3][4]. На адваротным шляху да возера Парк’юпайн аднаматорны самалёт зьнік, і 11 гадоў ягоныя пасажыры лічыліся зьніклымі бязь вестак[3]. 6 чэрвеня 1962 пілёт шрубалёту Рон Бойд знайшоў абломкі самалёта ў тайзе прыкладна за 100 км на поўнач ад Кокрану ў Антарыё, на 56 кілямэтраў убок ад іхняга курсу. Прычынамі аварыі было названае спалучэньне недасьведчанасьці пілёта, благое надвор’е і вялікая загружанасьць.
Біла Барылку пахавалі на Тымінскіх могілках у родным месьце.
Узнагароды
рэдагавацьБіл Барылка выступаў у матчах усіх зорак НХЛ сэзонаў 1947, 1948 і 1949 рокаў, закінуўшы ў апошнім зь іх шайбу. Уладальнік Кубка Стэнлі 1947, 1948, 1949 і 1951 рокаў.
Памяць
рэдагавацьУ 1988 року выйшла кніга пра жыцьцё Ўільяма Барылкі „Авэртайм, спазьненьне: Гісторыя Біла Барылкі“ (Overtime, Overdue: The Bill Barilko Story). У 2004 року выйшла кніга „Барылка — бяз сьледу“ (Barilko — Without A Trace).
У 1993 року гурт „The Tragically Hip“ напісаў песьню «Fifty Mission Cap» пра кар’еру і сьмерць Біла Барылкі. Гэтая песьня дагэтуль выконваецца перад кожным дамашнім матчам „Таронта Мэйпл Ліфс“.
У 2017 року канадзкі спартовы тэлеканал TSN паказаў дакумэнтальны фільм „Місія“ (The Mission) пра спробу дастаць абломкі самалёта Генра Гадсана.
Статыстыка
рэдагавацьРэгулярны сэзон | Плэй-оф | |||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Сэзон | Клюб | Ліга | ЗГ | Г | П | Пк | Ш | ЗГ | Г | П | Пк | Ш | ||
1943—44 | Голмэн Плагерс | ХАПА | — | — | — | — | — | — | — | — | — | — | ||
1944—45 | Тымінс Канадыенс | ХАПА | — | — | — | — | — | — | — | — | — | — | ||
1944-45 | Парк’юпайн Камбайнз | ХАПА | — | 3 | 2 | 5 | 8 | — | — | — | — | — | ||
1945—46 | Галівуд Вулўз | ЦАХЛ | 38 | 4 | 5 | 9 | 103 | 12 | 2 | 3 | 5 | 26 | ||
1946—47 | Таронта Мэйпл Ліфс | НХЛ | 18 | 3 | 7 | 10 | 33 | 11 | 0 | 3 | 3 | 18 | ||
1946—47 | Галівуд Вулўз | ЦАХЛ | 47 | 9 | 2 | 11 | 69 | — | — | — | — | — | ||
1947—48 | Таронта Мэйпл Ліфс | НХЛ | 57 | 5 | 9 | 14 | 147 | 9 | 1 | 0 | 1 | 17 | ||
1948—49 | Таронта Мэйпл Ліфс | НХЛ | 60 | 5 | 4 | 9 | 95 | 9 | 0 | 1 | 1 | 20 | ||
1949—50 | Таронта Мэйпл Ліфс | НХЛ | 59 | 7 | 10 | 17 | 85 | 7 | 1 | 1 | 2 | 18 | ||
1950—51 | Таронта Мэйпл Ліфс | НХЛ | 58 | 6 | 6 | 12 | 96 | 11 | 3 | 2 | 5 | 31 | ||
Агулам у НХЛ | 252 | 26 | 36 | 62 | 456 | 47 | 5 | 7 | 12 | 104 |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Зялевіч, Алена (8 студзеня 2021) Глыбокі сьлед на лёдзе. Гісторыя канадзкага хакеіста беларускага паходжаньня Біла Барылка. „Раённыя будні“. Праверана 9 студзеня 2021 г.
- ^ Bill Barilko (анг.) NHL.com. Toronto Maple Leafs. Праверана 9 студзеня 2021 г.
- ^ а б Leafs pay tribute to Barilko (анг.) // CBC Sports, 1 траўня 2001 г. Архіўная копія ад 29 кастрычніка 2017 г. Праверана 9 студзеня 2021 г.
- ^ Carola Vyhnak. The 11-year mystery of Leafs' 'Bashin' Bill Barilko' (анг.) // Toronto Star, 1 чэрвеня 2017 г. Архіўная копія ад 11 лістапада 2020 г. Праверана 9 студзеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Хакейная заля славы (анг.)
- Хакейная база зьвестак (анг.)
- Легенды хакею (анг.)
- Выяўленьне абломкаў самалёта Генры Гадсана (анг.)
- Біл Барылка на бачыне „Find a Grave“ (анг.)