Інты́мная лі́рыка — сукупнасьць лірычных твораў пра каханьне. Адным з самых старажытных і знакамітых майстроў інтымнай лірыкі была старажытнагрэцкая паэтка Сапфо (канец VII — першая палова VI ст. да н. э.). Значны ўклад у разьвіцьцё сусьветнай інтымнай лірыкі ўнесьлі Авідыюс, Пэтрарка, Шэксьпір, А. Пушкін, А. Міцкевіч, Р. Гамзатаў і інш. Паэзія выпрацавала нямала жанраў і жанравых разнавіднасьцей інтымнай лірыкі: альбы, баркаролы, сэрэнады, эпіталамы, рамансы.

Беларуская інтымная лірыка

рэдагаваць

У беларускім фальклёры існуе асобны вялікі і багаты жанр песень пра каханьне. На іх аснове і з выкарыстаньнем сусьветнага паэтычнага вопыту беларускія паэты XVII—XVIII стст. напісалі нямала вершаў, што ўзбагацілі тагачасную інтымную лірыку. У новай беларускай літаратуры, што нараджалася і разьвівалася ў XIX ст. амаль што ў кансьпіратыўных умовах, было не да інтымнай лірыкі — у ёй выразна пераважалі грамадзянскія матывы. І толькі ХХ ст. прынесла сапраўдны росквіт інтымнай лірыцы. Выдатныя ўзоры яе ёсьць у Я. Купалы, М. Багдановіча, А. Куляшова, М. Танка, П. Броўкі, Е. Лось, Я. Янішчыц, і інш. Часам выходзяць зборнікі, цалкам складзеныя з твораў інтымнай лірыкі («Ave Maria» М. Танка, «Ты — мая пчолка» П. Броўкі і інш.). Лепшыя творы народнай беларускай інтымнай лірыкі ўвайшлі ў грунтоўнае выданьне «Песьні пра каханьне» (1978), творы паэзіі пісьмовай — у анталёгію «Зорка Вэнэра» (1972).

Літаратура

рэдагаваць