Інстытут матэматыкі
Каардынаты: 53°55′8″ пн. ш. 27°36′9″ у. д. / 53.91889° пн. ш. 27.6025° у. д.
Інстыту́т матэма́тыкі — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў чэрвені 1959 году ў якасьці Інстытуту матэматыкі і вылічальнай тэхнікі.
Інстытут матэматыкі | |
2019 год | |
Абрэвіятура | ІМ |
---|---|
Папярэднік | Інстытут фізыкі і матэматыкі |
Дата ўтварэньня | Чэрвень 1959 |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка матэматычных мадэляў і спосабаў рашэньня прыкладных пытаньняў |
Месцазнаходжаньне | Менск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 11 |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Намесьнік па навуцы | Сяргей Лемяшэўскі |
Навуковы сакратар | Віктар Лепін |
Асноўныя асобы | Мікалай Ізобаў, |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Колькасьць супрацоўнікаў | 101 (2014 г.) |
Сайт | im.bas-net.by |
Колішняя назва | Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (да 1965 году) |
На канец 2018 году Інстытут уваходзіў у склад Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі НАНБ. У асьпірантуру і дактарантуру набіралі па 4 спэцыяльнасьцях: 1) дыфэрэнцыйныя раўнаньні, дынамічныя сыстэмы і аптымальнае кіраваньне; 2) матэматычная лёгіка, альгебра і тэорыя лікаў; 3) вылічальная матэматыка; 4) дыскрэтная матэматыка і матэматычная кібэрнэтыка. Інстытут аказваў паслугі матэматычнага мадэляваньня і распрацоўкі пакетаў прыкладных праграмаў[1]. Дасьледнікі Інстытуту ажыцьцяўлялі сумесныя дасьледаваньні з навукоўцамі ЗША, 3 краінаў Азіі (Грузія, Кітай, Японія) і 15 краінаў Эўропы — Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вялікабрытанія, Грэцыя, Данія, Італія, Нямеччына, Польшча, Расея, Сэрбія, Украіна, Францыя, Чэхія і Швайцарыя.
Будова
рэдагавацьНа канец 2018 году Інстытут матэматыкі ўлучаў:
- 10 аддзелаў — 1) альгебры, 2) вылічальнай матэматыкі, 3) дыфэрэнцыйных раўнаньняў, 4) інфармацыйных тэхналёгіяў, 5) камбінаторных мадэляў і альгарытмаў, 6) матэматычнай тэорыі сыстэмаў, 7) нелінейнага і стахастычнага аналізу, 8) прыкладной матэматыкі, 9) тэорыі лікаў, 10) вытворча-тэхнічны;
- лябараторыю тэорыі і дастасаваньня канчатковых групаў[1].
Мінуўшчына
рэдагавацьУ чэрвені 1959 году Акадэмія навук БССР утварыла Інстытут матэматыкі і вылічальнай тэхнікі (ІМВТ) на аснове матэматычных лябараторыяў Інстытуту фізыкі і матэматыкі. ІМВТ увайшоў у склад Аддзяленьня фізыка-матэматычных, хімічных і геалягічных навук АН БССР. У 1963 годзе ІМВТ перайшоў у Аддзяленьне фізыка-матэматычных навук. 10 лютага 1965 году на аснове часткі лябараторыяў ІМВТ стварылі Інстытут тэхнічнай кібэрнэтыкі. Сам ІМВТ перайменавалі ў Інстытут матэматыкі (ІМ). 4 красавіка 1975 году ў Гомелі заснавалі аддзяленьне ІМ, якое пазьней пераўтварылі ў лябараторыю тэорыі і дастасаваньня канчатковых групаў. У 1987 годзе ІМ увайшоў у склад Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі АН БССР. За савецкім часам распрацоўкі дасьледнікаў Інстытуту ўганароўвалі Дзяржаўнай прэміяй СССР (1972) і Ленінскай прэміяй (1978), Дзяржаўнымі прэміямі БССР (1974, 1978, 1982) і прэміяй Савету міністраў СССР (1986), прэміямі Ўсесаюзнага камсамолу (1970, 1987) і Камсамолу Беларусі (1976, 1984, 1990). У Інстытуце працавалі акадэмікі Мікалай Яругін, Зьміцер Супруненка(be), Уладзімер Крылоў(be), Яўген Барбашын(be), Сяргей Чуніхін, Уладзімер Спрынджук(be) і Ўладзімер Платонаў, сябры-карэспандэнты Эдуард Груда(be) і А.Я. Залескі[2].
У 1993 і 1995 гадах дасьледнікі Інстытуту ўзнагароджваліся прэміямі Акадэміі навук Беларусі. У 1998 годзе распрацоўку ІМ адзначылі Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. З 1998 году пачалі выпускаць «Працы Інстытута матэматыкі» (ISSN 1812-5093) па-расейску, якія са сьнежня 1999 году сталі разьмяшчаць у Сеціве[3]. На 1998 год Інстытут матэматыкі меў 13 аддзелаў, асьпірантуру і дактарантуру, рады па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: альгебра, альгебраічная геамэтрыя і тэорыя лікаў; дыфэрэнцыйныя раўнаньні і тэорыя ўстойлівасьці; вылічальная матэматыка і матэматычнае мадэляваньне; матэматычная кібэрнэтыка і стахастычны аналіз; нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіраваньня. У Інстытуце распрацавалі: тэорыю вырашальных і нільпатэнтных лінейных групаў і групаў падстановак; унітарны і сьпінарны варыянты прыведзенай К-тэорыі; выніковыя спосабы рашэньня Дыяфантавых раўнаньняў(en); мэтрычную тэорыю трансцэндэнтных лікаў(be), у якой вырашаная праблема Малера(ru); тэорыю характарыстычных паказьнікаў Ляпунова(be) дыфэрэнцыйных сыстэмаў з малымі адхіленьнямі; тэорыю раўнаньняў у поўных вытворных; лікавыя спосабы і праграмныя сродкі рашэньня шматвымерных задачаў матэматычнай фізыкі; тэорыю набліжанага функцыянальнага інтэграваньня(en); тэорыю пабудовы паралельных альгарытмаў, адпаведных шматпрацэсарным вылічальным сыстэмам; альгарытмы і спосабы рашэньня задачаў камбінаторнага аптымізаваньня і вылічальнай геамэтрыі; тэорыю шматграннага квазідыфэрэнцыяваньня нягладкіх адлюстраваньняў і шматадлюстраваньняў; апэратарныя спосабы дасьледаваньня шматпарамэтрычных дыскрэтных сыстэмаў кіраваньня; якасную тэорыю аптымальнага кіраваньня і каструктыўныя спосабы рашэньня экстрэмальных задачаў. Таксама вырашылі задачы набліжэньня і найбольшасьці ў арытмэтычных групах(en). Дасьледавалі ўласьцівасьці рашэньняў дыфэрэнцыйных раўнаньняў Пэнлеве(fr) і сыстэмаў Пфафа(de). Сумесна з Расейскай акадэміяй навук выдаваўся штомесячны часопіс «Дыфэрэнцыйныя раўнаньні» (ISSN 0374-0641), што з 1965 году па-ангельску перавыдавала нямецкае выдавецтва «Спрынгер» (ISSN 0012-2661). У інстытуце працавалі акадэмікі Іван Гайшун і Мікалай Ізобаў, сябры-карэспандэнты Фаіна Кірылава і Л.А. Яновіч[2].
На 2013 год у Інстытуце быў 101 супрацоўнік, зь іх 45 навуковых, сярод якіх 17 дактароў і 26 кандыдатаў навук.
Кіраўнікі
рэдагаваць- Мікалай Яругін(be) (1959—1977)
- Уладзімер Платонаў(be) (1977—1992)
- Іван Гайшун(be) (1992 — 24 красавіка 2018)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыкі, матэматыкі і інфарматыкі (Інстытут матэматыкі) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 6 чэрвеня 2018 г. Праверана 22 сьнежня 2018 г.
- ^ а б Аляксандар Сянько. Інстытут матэматыкі // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 269. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ Працы Інстытута матэматыкі // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2015 г. Праверана 22 сьнежня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Будова (рас.) // Інстытут матэматыкі, 2018 г. Праверана 22 сьнежня 2018 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |