Ігар Там
Ігар Яўгенавіч Там (па-расейску: Игорь Евгеньевич Тамм; 8 ліпеня 1895, Уладзівасток — 12 красавіка 1971) — савецкі фізык-тэарэтык, акадэмік АН СССР (ад 1953), ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізыкі (1958).
Біяграфія
рэдагавацьІгар Там нарадзіўся 8 ліпеня 1895 году ва Ўладзівастоку. Ягоны бацька быў інжынэрам-будаўніком. У 1899 г. сям’я пераехала ў Лізаветград (цяпер Крапіўніцкі) ва Ўкраіне. Ігар Яўгенавіч скончыў гімназію ў Кіраваградзе, пасьля чаго паехаў вучыцца ў Эдынбурскі ўнівэрсытэт (Шатляндыя). У Шатляндыі ён правучыўся год, пасьля чаго пачалася Першая сусьветная вайна і ён перайшоў на фізыка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. Падчас вучобы ён накіраваўся добраахвотнікам на фронт у якасьці мэдычнага работніка найніжэйшай кваліфікацыі («брат міласэрднасьці»). Потым быў дэлегатам I Зьезду Саветаў ад Лізаветграду.
Пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту (1918 г.) І. Я. Там выкладаў фізыку спачатку ў Крымскім унівэрсытэце ў Сімфэропалі (1919—1920), а затым у Адэскім політэхнічным інстытуце (1921—1922). У той час у гэтым інстытуце выкладаў Леанід Мандэльштам. Ён зрабіў глыбокі ўплыў на ўсё далейшае разьвіцьцё Ігара Яўгенавіча, які захаваў цеснае сяброўства зь ім да сьмерці Леаніда Мандэльштама ў 1944 г.
Ад 1922 г. з двума кароткімі перапынкамі, навуковая дзейнасьць І. Я. Тама да канца жыцьця праходзіла ў Маскве. Шмат гадоў ён кіраваў катэдрай тэарэтычнай фізыкі на Фізычным факультэце МДУ. Пасьля пераезду Акадэміі навук СССР у Маскву (1934 г.) І. Я. Там па запрашэньні дырэктара Фізычнага інстытуту ім. П. Н. Лебедзева АН СССР Сяргея Іванавіча Вавілава арганізаваў у гэтым інстытуце тэарэтычны аддзел і да канца свайго жыцьця заставаўся яго загадчыкам. У гэтым аддзеле і сканцэнтравалася ў далейшым ягоная навуковая дзейнасьць[8].
Свае першыя навуковыя дасьледаваньні Ігар Яўгенавіч пачаў пад кіраўніцтвам Леаніда Мандэльштама напачатку 1920-х. Гэтыя дасьледаваньні былі зьвязаныя зь мікраскапічнай электрадынамікай. У прыватнасьці, вывучалася электрадынаміка анізатропнага асяродзьдзя і крышталяоптыка ў спэцыяльнай тэорыі рэлятыўнасьці. Затым быў выкананы шэраг прац у вобласьці бораўскай квантавай тэорыі і нерэлятывісцкай квантавай мэханіцы, якая нараджалася ў той час. Хаця навуковая дзейнасьць Ігара Яўгенавіча пачалася параўнаўча позна (першая ягоная праца была апублікаваная, калі яму было 29 гадоў), яна разьвівалася надзвычай шпарка і пладавіта. Выдатным, у прыватнасьці, быў пэрыяд 1930-х гг.
У 1930 г. была апублікаваная вялікая праца І. Я. Тама, у якой утрымлівалася збольшага поўная квантавая тэорыя расьсеяньня сьвятла ў крышталях. Дасьледаваньне гэтай праблемы стала неабходным яшчэ і таму, што незадоўга да гэтага ў Маскоўскім унівэрсытэце, у якім працаваў Ігар Яўгенавіч, ягоныя блізкія сябры Г. С. Ляндсбэрг і Леанід Мандэльштам выявілі камбінацыйнае расьсеяньне сьвятла ў крышталях (адначасова ў газах яго выявіў Раман у Індыі, і саму зьяву часта завуць эфэктам Рамана). У аснове адкрыцьця ляжалі глыбокія тэарэтычныя думкі Л. І Мандэльштама, якія былі безумоўна правільнымі, але мелі квазыклясычны характар. У сваёй працы Ігар Яўгенавіч разьвіў поўную квантавую тэорыю зьявы, для чаго ён ажыцьцявіў пасьлядоўнае квантаваньне ня толькі сьветлавых, але і пругкіх хваляў у цьвёрдым целе, прычым выкарыстаў паняцьце гукавых квантаў (фанонаў, як іх пазьней назваў Я. І. Фрэнкель). У межах агульнай тэорыі тут было выяўлена і разгледжана ня толькі камбінацыйнае расьсеяньне сьвятла ў крышталях, але і рэлееўскае расьсеяньне. З пункту гледжаньня квантавай тэорыі ў працэсе камбінацыйнага расьсеяньня сьвятла ў крышталі фатон або павялічвае сваю энэргію, паглынаючы аптычны фанон — квант энэргіі аптычных ваганьняў краты (аптычная галіна), або памяншае яе, нараджаючы такі квант у краце. Зьяўленьне ж дублету Мандэльштама-Брылюэна ў спэктры рэлееўскага расьсеяньня сьвятла ў крышталі зьвязана з выпрамяненьнем ці паглынаньнем аднаго фанона «акустычнай галіны» (аналягічная зьява мае месца і ў вадкасьці. Сыстэматычнае ўвядзеньне ў тэорыю «квантаў пругкіх ваганьняў» (квантаў гуку) можна лічыць нараджэньнем канцэпцыі «квазічасьціц» у сыстэме шматлікіх цел. Гэта мела прынцыповае значэньне.
У тым жа 1930 г. зьявіўся цыкль прац І. Я. Тама, прысьвечаных толькі што створанай дыракаўскай рэлятывісцкай квантавай мэханіцы электрона. Як вядома, гэтая тэорыя дала тлумачэньне сьпінавых уласьцівасьцяў электрона і прывяла да натуральнага тлумачэньня тонкай структуры ў спэктры атама вадароду[9]. Аднак некаторыя незвычайныя рысы тэорыі Дырака, перш за ўсё наяўнасьць у спэктры таксама і ўзроўняў адмоўнай энэргіі (ці дадатна зараджаных дзірак пры запаўненьні гэтых узроўняў фонам электронаў), здаваліся ў той час парадаксальнымі. Патрабавалася дбайнае вывучэньне ўсіх вынікаў тэорыі, якія дапускалі параўнаньне з экспэрымэнтам. У сувязі з гэтым Ігар Яўгенавіч зьвярнуўся да разгляду, у межах тэорыі Дырака, расьсеяньня сьвятла на свабодных электронах.
У адрозьненьне ад прынятага тады мэтаду разгляду канкрэтных квантавых працэсаў узаемадзеяньня электрамагнітнага поля з часьціцамі — мэтаду адпаведнасьці, І. Я. Там дасьледаваў гэтую зьяву пасьлядоўна квантавамэханічна — мэтадам квантавай тэорыі выпраменьваньня. Формула для сечыва, якую ён атрымаў, супадала ў той, якую крыху раней знайшлі Кляйн ды Нішына з выкарыстаньнем мэтаду адпаведнасьці. Але значэньне працы І. Я Тама зусім ня зводзілася да больш строгага вываду ўжо вядомага выніку. Па-першае, гэта быў увогуле першы пасьлядоўны квантаваэлектрадынамічны разьлік канкрэтнага рэлятывісцкага эфэкту, што было вельмі істотна, у прыватнасьці, у мэтадычным пляне. Так, напрыклад, тут упершыню быў прапанаваны новы мэтад разьліку ў тэорыі ўзбурэньняў у выпадку дыракаўскай часьціцы, які моцна спрашчаў разьлікі (потым гэты мэтад быў выкарыстаны таксама Казімірам і вядомы пад ягоным іменем). Па-другое, гэтае дасьледаваньне прывяло да высьвятленьня некаторых прынцыповых акалічнасьцяў[10]. Так, Ігар Яўгенавіч паказаў, што расьсеяньне нават самых «мяккіх», нізкачастотных квантаў сьвятла на свабодных электронах у тэорыі Дырака адбываецца праз прамежкавыя станы з адмоўнай энэргіяй электрона. Таму нават лімітная клясычная формула Томсана для расьсеяньня сьвятла зь вялікай даўжынёй хвалі на свабодным электроне ня можа быць атрыманая з тэорыі Дырака без уліку станаў з адмоўнай энэргіяй. У выніку гэтага сталі беспэрспэктыўнымі ўсе шматлікія спробы выключыць з тэорыі адмоўныя ўзроўні, якія ажыцьцяўляліся і зь цяжкасьцю тлумачыліся (да адкрыцьця пазітрона).
Ігар Яўгенавіч не абмежаваўся зваротам увагі на непазьбежнасьць ўзроўняў адмоўнай энэргіі. Адначасова з Дыракам і Апэнгаймарам ён паказаў, што свабодны электрон непазьбежна павінен заняць гэты ўзровень, калі ён існуе. У тэорыі Дырака гэтая зьява інтэрпрэтуецца як пазітрон[11]
Творчасьць
рэдагавацьПрацы І. Я. Тама ахапілі надзвычай шырокае кола праблемаў тэарэтычнай, а часткова і прыкладной фізыкі. Яны прысьвечаныя клясычнай электрадынаміцы і электроннай тэорыі, квантавай тэорыі ўзаемадзеяньня сьвятла з рэчывам, квантавай тэорыі цьвёрдых целаў, тэорыі элемэнтарных часьціц, ядзернай фізыцы, тэрмаядраваму сынтэзу і іншым разьдзелам фізыкі[8]. З дапамогай шырокага выкарыстаньня фрэнкелеўскіх фанонаў (квантаў гуку)і абгрунтаваньня квазічасьціц у сыстэме шматлікіх цел, ён значна разьвіў тэорыю электрона Дырака[12].
Узнагароды
рэдагаваць- Нобэлеўская прэмія ў галіне фізыкі (1958)
- Дзяржаўная прэмія СССР (1946, 1953)[13]
- Герой Сацыялістычнай Працы
- Ордэн Леніна
- Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
- Мэдаль Ламаносава
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Igor Tamm // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ Brozović D., Ladan T. Igor Jevgenjevič Tamm // Hrvatska enciklopedija (харв.) — LZMK, 1999. — 9272 с.
- ^ а б Тамм Игорь Евгеньевич // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ Igor Jewgenjewitsch Tamm // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
- ^ Письма советских учёных в издательство «Наука» в поддержку издания очерка Ж.А. Медведева «Биологическая наука и культ личности», Letters of Soviet scientists to the publishing house “Nauka” in support of the publication of Zhores Medvedev’s essay “Biology and the personality cult” (рас.) // Историко-биологические исследования — 2019. — Т. 11, вып. 2. — С. 20—40. — ISSN 2076-8176; 2500-1221
- ^ Гельтман Д. В. История неполучения заслуженной учёной степени: Документы о попытке присуждения Н.В. Тимофееву-Ресовскому учёной степени доктора биологических наук без защиты диссертации в 1957 г., The Story of Non-awarding of the Deserved Degree: Documents on the Attempt to Award a Doctor of Science Degree in Biology without Defense of a Thesis to N.V. Timofeyeff-Resovskii in 1957 (рас.) // Историко-биологические исследования — 2018. — Т. 10, вып. 3. — С. 89—108. — ISSN 2076-8176; 2500-1221 — doi:10.24411/2076-8176-2018-11968
- ^ а б Тамм 1975. С. 7.
- ^ Тамм 1975. С. 8.
- ^ Тамм 1975. С. 9.
- ^ Тамм 1975. С. 10.
- ^ Голин Г. М. Клясыкі фізычнай навукі: Кароткія творчыя партрэты = Классики физической науки: Краткие творческие портреты. — Мн.: Выш. школа, 1981. — С. 173.
- ^ Энцыкляпэдычны слоўнік юнага фізыка = Энциклопедический словарь юного физика / Сост. В. А. Чуянов. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: Педагогика, 1991. — С. 252. — ISBN 5-7155-0419-8
Літаратура
рэдагаваць- Тамм И. Е. Збор навуковых твораў у двух тамах = Собрание научных трудов в двух томах. — М.: "Наука", 1975. — Т. I.