Іван Раманчук
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Раманчук.
Іван Раманчук (псэўд. «Ястраб»; 1920, вёска Баяры, цяпер Нясьвіскі раён — 1987, Барысаў) — беларускі пэдагог, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў узброенага антысавецкага падпольля ў Беларусі.
Іван Раманчук | |
«Ястраб» | |
Дата нараджэньня | 1920 |
---|---|
Месца нараджэньня | вёска Баяры, цяпер Нясьвіскі раён |
Дата сьмерці | 1987 |
Месца сьмерці | Барысаў, БССР |
Пад нямецкай акупацыяй
рэдагавацьЗь лістапада 1941 па ліпень 1942 працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Еськавічы (цяпер Нясьвіскі раён), потым інструктарам Нясьвіскага раённага аддзелу Беларускай народнай самапомачы, забясьпечваў бяднейшых навучэнцаў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі харчаваньнем і жытлом. З канца 1943 да сакавіка 1944 году працаваў кіраўніком Беларускага дома культуры ў Нясьвіжы.
Пад савецкай уладай
рэдагавацьПасьля прыходу савецкіх уладаў зарэгістраваўся як настаўнік у Нясьвіскім раённым аддзеле народнай адукацыі і быў прызначаны загадчыкам школы ў вёсцы Высокая Ліпа. Працаваў там толькі 3 тыдні, бо даведаўся пра цікавасьць да сябе органаў НКВД. Каб стаць менш заўважным, пакінуў работу ў сфэры адукацыі і ў жніўні 1944 году ўладкаваўся сталяром у майстэрню Баранавіцкага дэпо.
На нелегальным становішчы
рэдагавацьУ верасьні 1944 пад пагрозай арышту перайшоў на нелегальнае становішча, хаваўся ў лясах Нясьвіскага раёну. У 1946 Раманчук пачынае стварэньне падпольнае арганізацыі «Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі», а ў 1947 арганізоўвае невялікую партызанскую групу зь вялікаю сеткаю сувязных.
У траўні 1947 да Раманчука далучыўся ягоны аднагодак Мікола Дэмух, былы франтавік, які на нелегальным становішчы знаходзіўся з восені 1946, а вясной 1948 — Браніслаў Бука, былы жаўнер БКА і Войска Польскага, які ў пачатку 1948 уцёк у лес ад арышту.
На працягу 1947—1949 група Раманчука зьдзейсьніла шэраг нападаў на партыйна-савецкіх супрацоўнікаў, фінансавых агентаў і служачых унутраных сілаў, а таксама правяла рэквізыцыі на поштах і ў крамах. Сябра СЗНБ Уладзімер Кісель прыгадвае ва ўспамінах пра адзін з выпадкаў, агучаных падчас судовага працэсу СЗНБ у Менску:
«…у адной зь вёсак фінагент забраў карову ў удавы франтавіка, у жанчыны было трое дзяцей. Яна падняла крык, бо карміць дзетак акрамя малака не было чым. Непадалёку ў лесе былі хлопцы з атраду Раманчука (нас абвінавачвалі ў сувязі зь ім). Яны пачулі лямант жанчыны. На дарозе зь вёскі забілі фінагента, і карова вярнулася да ўдавы. Пасьля такіх зьвестак канваіры адразу па-іншаму пачалі да нас адносіцца, бо яны былі франтавікамі. Адзін потым казаў, што пакінуў у калгасе галодную жонку».
Ліквідацыя атраду і судовы працэс
рэдагавацьУ траўні або ўлетку 1949 на хутары ў Нясьвіскім раёне савецкія атрады акружылі атрад Раманчука зь сям’ю партызанамі. Пасьля зацятага бою чатыры хлопцы застрэліліся. Трое, у тым ліку Раманчук, былі паранены і схоплены.
На допытах Раманчук вёў сябе вельмі мужна. Размаўляў са сьледчымі па-беларуску і толькі ў прысутнасьці перакладчыка. У ходзе сьледзтва Раманчуку інкрымінавалася таксама стварэньне «Саюза змаганьня за незалежнасьць Беларусі», распрацоўка яго статуту і праграмы, а таксама прыцягненьне ў шэрагі арганізацыі больш за 40 чалавек.
Ад расстрэлу Івана Раманчука выратаваў тагачасны мараторый на сьмяротную кару ў СССР. Суд прысудзіў яму 25 гадоў, якія Раманчук поўнасьцю адседзеў у Варкуце і ў Мардоўскіх канцлягерах.
У ходзе перагляду справы пастановай трыбунала Беларускай Вайсковай Акругі 10 сьнежня 1955 абвінавачаньне ў стварэньні падпольнай арганізацыі было зьнята.
Вызваленьне
рэдагавацьУ Беларусь вярнуўся ў 1970-я. Жыў у Барысаве, стварыў сям’ю. Памёр у 1987 годзе падчас апэрацыі ў шпіталі. Не рэабілітаваны.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- У. Кісель. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі(недаступная спасылка) // «Пагоня», 17.03.1998
- Л. Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том III. Кніга II(недаступная спасылка)
- Сяргей Ёрш. Кніга пра пасьляваенны супраціў
- Валаханович И. А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Мн., 2002.