Уладзімер Кісель
Уладзімер Адамавіч Кісель (20 лістапада 1922, мястэчка Клецак Нясьвіскага павету Наваградзкага ваяводзтва — 24 жніўня 1999, Горадня) — пэдагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху. Псэўданім «Раса́».
Уладзімер Адамавіч Кісель | |
«Раса́» | |
Дата нараджэньня | 20 лістапада 1922 |
---|---|
Месца нараджэньня | мястэчка Клецак, Нясьвіскі павет, Наваградзкае ваяводзтва, Польская Рэспубліка |
Дата сьмерці | 24 жніўня 1999 (76 гадоў) |
Месца сьмерці | Горадня, Рэспубліка Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы |
|
Сябра ў | Зьвяз беларускіх патрыётаў |
Дзеці | Зьміцер Кісель |
Біяграфія
рэдагавацьУ другой палове 1930-х гадоў скончыў сем клясаў польскай школы, у 1941 — савецкую сямігодку ў Клецку. Падчас нямецкай акупацыі вучыўся ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе зь сябрамі стварыў арганізацыю «Саюз беларускіх патрыётаў». З восені 1944 году працаваў настаўнікам у Качановічах, потым у Рудаўцы на Нясьвіжчыне, завочна скончыў пэдагагічнае вучылішча ў Нясьвіжы, паступіў у Гарадзенскі пэдагагічны інстытут.
У беларускім падпольлі
рэдагавацьУ 1946 годзе Ўладзімер Кісель удзельнічаў у заснаваньні падпольнай патрыятычнай арганізацыі «Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі», якая дзейнічала ў Нясьвіскім, Клецкім, Стаўпецкім, Гарадзенскім і іншых раёнах Беларусі.
Устаноўчы сход арганізацыі прайшоў у 1946 годзе на хутары Царская Ліпа (Нясьвіскі раён), на сходзе прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гарадзенскага пэдінстытуту. СЗНБ будаваўся зь «пяцёрак», склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народу і незалежнасьці Беларусі. У адпаведнасьці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана й распаўсюджана антысавецкая ўлётка.
Арышт
рэдагавацьНа пачатку 1949 году органамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. Дзякуючы кансьпірацыі, частка структур СЗНБ так і не была раскрытая.
Уладзімер Кісель быў арыштаваны 25 лютага 1949 году ў Горадні і ўтрымліваўся ў менскай «амэрыканцы». У лістападзе 1949 году «за здраду радзіме, ускосны тэрор i антысавецкую прапаганду» асуджаны Вайсковым трыбуналам войскаў МУС Беларускай Вайсковай Акругі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з паражэньнем у правох і канфіскацыяй маёмасьці. Тады (15—17 чэрвеня 1949) на розныя тэрміны зьняволеньня былі засуджаны 17 сябраў СЗНБ (яшчэ адну сяброўку СЗНБ, Веру Касмовіч, судзілі асобна).
Пакараньне адбываў у Джэзказганскім канцлягеры Казахстану і крытай турме ў Грозным. Вызвалены ў 1960 годзе, рэабілітаваны.
Па вызваленьні
рэдагавацьПа вызваленьні вярнуўся ў Горадню, дзе працаваў настаўнікам матэматыкі ў вясковай школе Грандзічаў.
Напісаў успаміны пра падзеі ў Клецку, арганізацыю, лягернае жыцьцё.
У 1990-я гады быў сябрам Дэмакратычнага аб’яднаньня вэтэранаў. Сын Зьміцер Кісель — удзельнік беларускага нацыянальнага руху на Гарадзеншчыне ў 1990-х гадах, супрацоўнік газэты «Пагоня».
Памёр у 1999 годзе. Пахаваны з жонкай на Аульсаўскіх могілках Горадні.
Глядзіце таксама
рэдагавацьБібліяграфія
рэдагаваць- У. Кісель. Сваю маладосьць мы прысьвяцілі незалежнасьці Беларусі(недаступная спасылка) // «Пагоня», 17.03.1998
- У. Кісель. Свабода, годнасьць — даражэй за жыцьцё // Ніколі болей. Вільня. 2000.
Літаратура
рэдагаваць- Сяргей Ёрш. Кісель Уладзімір // Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. Мн.: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
- Кісель Уладзімір // Беларускі нацыяналізм: Даведнік. — Менск: Голас Краю, 2001.
- КІСЕЛЬ Уладзімір Адамавіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.