Rail Baltica
Rail Baltica (па-беларуску: Балтыйская чыгунка, вымаўляецца Рэйл Балтыка) — праект чыгункі з эўрапейскай стандартнай каляінай, якая павінна злучыць Прыбалтыку, Усходнюю й Заходнюю Эўропу. Згодна з праектам, адзіная эўрапейская каляіна павінна злучыць Хэльсынкі, Талін, Рыгу, Коўна, Варшаву й Бэрлін, а ў далейшым плянуецца працяг маршруту да Вэнэцыі, палепшыўшы, такім чынам, транспартнае забесьпяэчньне паміж Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропай. Участак між Хэльсынкамі й Талінам пакуль што плянуецца пераадольваць з дапамогай існых паромных пераправаў, а ў далейшым — па падводным тунэлі.
Галоўнай мэтай Rail Baltica зьяўляецца аднаўленьне непасрэднай сувязі краінаў Балтыі з эўрапейскай чыгуначнай сеткай і разьвіцьцё рэгіянальнай інтэграцыі. Інтэграцыя чыгункі краінаў Балтыі ў транспартную сыстэму Эўразьвяза дазволіць павялічыць хуткасьць руху цягнікоў, рост пасажырапатоку й грузапатокаў і прыбыткаў. Усе тры краіны Балтыі й Польшча абвесьцілі праект адным са сваіх прыярытэтаў у галіне разьвіцьця транспартнай інфраструктуры. Рашэньне Эўрапарлямэнта й Рады Эўропы вызначыла праект Rail Baltica часткай панэўрапейскага калідора, які ўключае таксама аўтадарожную частку (Via Baltica) і адгалінаваньне на Калінінград (Via Hanseatica). Каардынатарам праекта ў Эўрапарлямэнце зьяўляецца Павел Целічка.
Дзеля пазьбяганьня візавых праблемаў і паскарэньня транспартаваньня чыгуначная лінія абміне суседнія Калінінградзкую вобласьць Расеі й Беларусь.