Яўген Міткевіч
Яўген Міткевіч (1890 — ?) — беларускі палітычны дзеяч. Прыхільнік супрацы з польскімі ўладамі.
Падчас польска-савецкай вайны служыў на польскім вайсковым тэлеграфе ў Менску.
Восеньню 1920 году — сябра Беларускага Палітычнага Камітэту. У красавіку — жніўні 1922 — рэдактар гарадзенскай газэты «Беларускі шлях». Зь верасьня 1922 старшыня Цэнтральнага камітэту Арганізацыі беларускіх беспартыйных актывістаў. На выбарах у польскі сойм у 1922 годзе вылучаўся ад праўрадавага Дзяржаўнага аб’яднаньня на крэсах (сьпіс №2). У 1924 — кіраўнік Беларускага дабрачыннага таварыства ў Гародні. Быў адхілены ад займанай пасады пасьля абвінавачваньня ў растраце.
З 1925 году пераехаў у Баранавічы. 16 ліпеня 1926 году ў Баранавічах разам з Феліцыянам Цялоўскім быў арганізатарам праведзеньня беларускага зьезду Цэнтральнага камітэту па беларускіх справах, які мусіў быў супрацьстаяць Грамадзе. Падчас зьезду былі праведзеныя выбары ў Беларускую Раду. Аднак зьезд прыняў рэзалюцыю згодна з прапановамі пасла Васіля Рагулі — г. зн. згодна ідэалёгіі Беларускага пасольскага клюбу. Пасьля гэтага Міткевіч перайшоў у Беларускі Сялянскі Саюз.
Зьяўляўся фактычным рэдактарам мясцовай баранавіцкай беларускай газэты «Сялянская воля» (месячнік). У 1927 годзе супрацоўнічаў зь Беларускай нацыянальна-радыкальнай партыяй Ф. Умястоўскага. На выбарах ў польскі сойм ў 1928 годзе беспасьпяхова выстаўляў у Наваградзкай акрузе свой сьпіс Беларускага гаспадарчага саюзу незалежных сялянаў і рабочых, які не дабіўся посьпеху.
Вядома, што ў 1933 г. Яўген Міткевіч працаваў судовым абаронцам Наваградзкай судовай акругі ў Баранавічах.[1]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kalendarz sądowy na rok 1933. Warszawa, 1932. C. 295.
Літаратура
рэдагаваць- Krystyna Gomółka. Białoruskie partie i organizacje prorządowe w II Rzeczypospolitej // Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 7, Białystok 1997.