Ян Якуб Офэнбэрґ (1867—1953, Варшава) — лекар, грамадзкі дзеяч, барон. З баронскага роду Офэнбэргаў.

У 1882 падчас навучаньня ў Менскай гімназіі разам з братам Стафанам заснаваў тайны гурток «Самаадукацыйнае кола» (гэты гурток, зьмяняючы назвы, як тайная арганізацыя праіснаваў да 1920). Пасьля заканчэньня гімназіі ў 1885 паступіў на мэдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Быў ў групе студэнтаў, што вітала прыезд з Швайцарыі Зыгмунта Баліцкага і яго праект палітычнай арганізацыі «Zet». У 1889—1890 стаў актыўным сябрам гэтай арганізацыі, адным з кіраўнікоў яе варшаўскае групы. Уваходзіў таксама ў Лігу Польскую, а потым у Нацыянальную Лігу.

У 1890 пасьля заканчэньня Варшаўскага ўнівэрсытэту пачаў працаваць лекарам у Радашкавічах. Адначасова працягваў вучобу ў інтэрнатуры Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1898 пасьля заканчэньня інтэрнатуры пераехаў у Менск. У 19021903 сакратар Менскага таварыства ўрачоў. У 1902 пасьля сьмерці галоўнага ўрача шпіталя Менскага таварыства дабрачыннасьці Томаша Віткоўскага заняў яго пасаду. Пасьля стаў кіраўніком будаўніцтва новага шпіталю таварыства, які быў адкрыты ў 1906. Дзякуючы гэтаму бедната атрымала магчымасьць на бясплатнае высокакваліфікаванае лячэньне. У тым самым годзе пабраўся шлюбам з Аляксандрай Ёсіфаўнай Жылінскай — дачкой вядомага ў краі генэрала-гідратэхніка.

Быў зьвязаны зь беларускімі нацыянальнымі дзеячамі. Прымаў удзел у першай спробе пастаноўкі спэктаклю Ядзьвігіна Ш. паводле п’есы «Злодзей». Пад уплывам Магдалены Радзівіл выйшаў са складу польскае нацыяналістычнае Нацыянальнае Лігі й да пачатку Першае сусьветнае вайны займаўся выключна лекарскай практыкай на пасадзе галоўнага ўрача шпіталю Чырвонага Крыжа Менскага таварыства дабрачыннасьці. Ёсьць зьвесткі, што быў знаёмы з Янкам Купалам.

З 1918 прымае актыўны ўдзел у палітычным жыцьці Беларусі і Менску як сябар Камітэту польскіх зьвязаў і арганізацыяў. Калі ў сакавіку 1919 радзе камітэту ў складзе 5 чалавек давялося перайсьці на нелегальнае становішча, заставаўся яе віцэ-прэзыдэнтам. Адначасова быў сябрам Акруговае Рады места Менску. У пэрыяд польскае акупацыі зьяўляўся паўнамоцным прадстаўніком Польскага Чырвонага Крыжу, арганізаваў у Менску шпіталь і быў кіраўніком гарадзкога аддзелу гэтае арганізацыі. Уваходзіў у кіраўніцтва Польскае школьнае рады Менскае зямлі. 21 сакавіка 1919 удзельнічаў у зьезьдзе прадстаўнікоў паветаў і грамадзкіх згуртаваньняў Меншчыны. Меркавалася, што гэты зьезд пакладзе пачатак установе, якая будзе выказваць польскаму ўраду пажаданьні беларускага народа ў арганізацыі свайго жыцьця.

З надыходам савецкіх войскаў быў вымушаны перабрацца ў Польшчу. У Варшаве ён год працаваў на пасадзе ардынатара шпіталя Макатоўскага, пазьней перайшоў на іншае месца працы. Ён знаходзіўся ў Варшаве ў гады нямецкае акупацыі і ўдзельнічаў у паўстаньні 1944. Пахаваны ў Варшаве на Павязкоўскіх могілках (квартал 83, шэраг 3, магіла 23).

Быў узнагароджаны польскімі ўрадавымі ўзнагародамі: Крыжам Незалежнасьці, Ордэнам Адраджэньня Польшчы 4-е ступені, іншае.

  • Z dziejów Mińskiego Towarzystwa Dobroczynności (1906);
  • Z dziejów Organizacji Polskiej Młodzieży Szkolnej na Kresach (1922);
  • Morszyn pod względem leczniczym (1923);
  • Ostatnia choroba Adama Mickiewicza (1939).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць