Янка Жучка (15 красавіка 1928, вёска Лучыцы Нясьвіскага павету Наваградзкага ваяводзтва, цяпер Клецкі раён Менскай вобласьці — 16 лістапада[1] 2010) — беларускі грамадзкі дзяяч у Бэльгіі, інжынэр і журналіст.

Біяграфія

рэдагаваць

Зь сялянскай сям’і. У беларускім духу выхоўваўся маці, якую страціў у маладым веку. Дзякуючы ёй атрымаў вышэйшую адукацыю[2].

Навучаўся ў вёсцы Сіняўка Нясьвіскага павету, дзе скончыў 6 клясаў пачатковай школы. Пасьля падзеяў верасьня 1939 году новыя савецкія ўлады перавялі вучняў сёмай клясы ў пятую.

У часе нямецкай акупацыі навучаўся ў сярэдне-тэхнічнай школе (мэханічны аддзел) у Клецку. Як і бальшыня вучняў гэтае школы, браў актыўны ўдзел у Саюзе беларускай моладзі, Беларускай нацыянальнай самапомачы. У 1944 годзе, за месяц да сканчэньня апошняга чацьвертага курсу, выехаў у Нямеччыну.

У канцы 1945 паступіў у Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Рэгенсбургу. Атрымаў атэстат сталасьці, у 1947 здаў экзамэны ў Вышэйшую тэхнічную школу (па-нямецку: Technische Hochschule) у Карлсруэ.

З прычыны немагчымасьці паступленьня праз абмежаваную колькасьць вакансіяў і перадачу першынства колішнім нямецкім жаўнерам, Я. Жучка і яшчэ дзесяць маладых беларусаў вырашылі выехаць на працу ў Вялікабрытанію. Яны заарганізаваліся ў групу, якая пад назвай «Дванаццаткі» неўзабаве здабыла вядомасьць на эміграцыі. У часе знаходжаньня ў гэтай краіне дапамагаў сябрам з «Дванаццаткі» выдаваць часопіс «Наперад», браў актыўны ўдзел у Згуртаваньні беларусаў у Вялікабрытаніі.

У 1950, дзякуючы намаганьням прэзыдэнта БНР спадара Міколы Абрамчыка і асабліва тагачаснага студэнта Лювэнскага ўнівэрсытэту Барыса Рагулі, пры дапамозе айца Робэрта ван Кавэлярта ды айца Чэслава Сіповіча дзевяці з «Дванаццаткі», у тым ліку і Я. Жучку, удалося атрымаць стыпэндыю для навучаньня ў Лювэнскім каталіцкім унівэрсытэце.

Падчас навучаньня браў актыўны ўдзел у нацыянальным беларускім руху: быў сябрам Саюзу беларусаў Бэльгіі, удзельнічаў у студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам кампазытара Міколы Равенскага, а таксама ў танцавальным гуртку пад кіраўніцтвам студэнткі Людмілы Рагулі.

У 1951 скончыў політэхнічны факультэт з дыплёмам інжынэра-будаўніка. Спачатку займаўся ў Бэльгіі сталёвымі канструкцыямі, а з 1968 працаваў у інфармацыйным цэнтры сталёвай прамысловасьці. Зрабіўся спэцыялістам у галіне сталёвых канструкцыяў эўрапейскага маштабу[3].

У 1968—1985 быў на выдавецкай працы. Да 1971 зьяўляўся тэхнічным рэдактарам, потым займаў пасаду галоўнага рэдактара ў сусьветна вядомым часопісе «Acier-Stahl-Steel». Апублікаваў вялікую колькасьць артыкулаў з пытаньняў сталёвых канструкцыяў. Чытаў лекцыі, браў удзел у канфэрэнцыях інжынэраў і архітэктараў. З 1985 дарадца ў сваёй спэцыяльнасьці, удзельнічаў у журы пры выпуску архітэктараў.

На працягу ўсяго гэтага часу Я. Жучка заставаўся актыўным удзельнікам беларускага грамадзкага жыцьця як сябра БНР, Саюзу беларусаў у Бэльгіі, сталы аўтар газэты «Беларус». Вернік беларускай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятамучаніка Язафата, Архібіскупа Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага ў Антвэрпэне.

Меў трох сыноў. Двое зь іх таксама скончылі Лювэнскі ўнівэрсытэт: найстарэйшы, Юрка, атрымаў дыплёмы магістра фізыкі і магістра інфарматыкі; наймалодшы, Андрэй, атрымаў дыплём інжынэра (спэцыяльнасьць «Электроніка»); Юзік, сярэдні сын, скончыў гімназію[4].

  1. ^ Адышоў да Госпада Янка Жучка. Сайт Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага ЯзэпаПраверана 20 лістапада 2010 г.
  2. ^ Ірына Тамільчык. Жучка Янка // Беларусь — Бельгія: Грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: Матэрыялы Міжнар. «круглага стала». Мінск. 18—19 мая 2001 г. / Рэдкал.: А. Мальдзіс (гал. рэд.) і інш. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2002. — 240 с. — (Беларусіка = Albaruthenica; Кн. 23).
  3. ^ Ян Максімюк. Вянок памяці: Янка Жучка (1928-2010) // Радыё Свабода, 18 лістапада 2010.
  4. ^ Жучка Янка // Барыс Рагуля. Беларускае студэнцтва на чужыне / Рэд. Лявон Юрэвіч. — Лёндан (Канада) — Нью-Ёрк, 1996.