Францішак Будзька
Франці́́шак Бу́дзька (23 студзеня 1884 году, в. Вознаўшчына, Вілейскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 2 студзеня 1920 году, в. Янатруда на Полаччыне) — рымска-каталіцкі сьвятар, культурна-асьветны дзяяч, пісьменьнік, перакладчык.
Францішак Будзька | |
Адукацыя | |
---|---|
Дзейнасьць | каталіцкі сьвятар, пісьменьнік, перакладнік |
Нарадзіўся | 23 студзеня 1884 |
Памёр | 2 студзеня 1920 (35 гадоў) |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Біяграфія
рэдагавацьСкончыў народную вучэльню ў Будславе, затым Вілейскую павятовую вучэльню (1899). У 1901 годзе вытрымаў іспыт на званьне аптэкарскага вучня пры экзамэнацыйнай камісіі Пецярбурскай навучальнай акругі. У 1901—1905 гадох навучаўся ў Пецярбургу ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, дзе пачаў перакладаць на беларускую мову рэлігійныя кнігі. Паводле зьвестак натхняла Франціска творчасьць выбітнага беларускага літаратара Францішка Багушэвіча. У 1906 годзе працягваў навучаньне ў Пецярбурскай Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. У 1907 годзе быў вымушаны адмовіцца ад далейшага навучаньня з-за цяжкага фінансавага становішча.
У 1907 годзе пасьвечаны ў сьвятары. Адзін з пачынальнікаў беларускага каталіцкага выдавецкага руху. Пераклаў з польскай мовы кнігі «Кароткі катахізм для прыспасабленьня дзяцей да першай Споведзі і Камуніі Святой» Роха Філяхоўскага, «Кароткая гісторыя сьвятая» Шустара і «Кароткае выясьненьне абрадаў Рымска-Каталіцкага касьцёлу» Банчкоўскага. Дазвол на друк на ўсе тры кнігі даў біскуп Стэфан Данісевіч. «Катахізм» быў надрукаваны ў 1907 годзе накладам 10 тысячаў асобнікаў. Астатнія два пераклады засталіся ў рукапісе.
З 9 студзеня 1908 году зьяўляўся вікарыем Полацкага касьцёлу. У 1912—1917 гадох жыў у Пецярбургу, дзе служыў вікарыем і вёў заняткі ў павятовай вучэльні пры касьцёле Сьвятога Станіслава. У 1911 годзе ксёндз Францішак Будзька выдаў па-беларуску пераклад кнігі Яна Урбана «Бл[аслаўлёны] Андрэй Баболя». Кніга выйшла ў віленскай друкарні Марціна Кухты. Да перакладзенага тэксту была далучаная паэма пра Баболю, якую, на думку літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча, мог напісаць Янка Купала[1].
Матэрыяльна падтрымліваў выданьне першай беларускай каталіцкай газэты «Biełarus» (Вільня, 1913—1915). Пасьля 1917 году служыў у Полацкім дэканаце. Зьяўляўся чальцом арганізацыйнага камітэту і ўдзельнікам 1-га зьезду беларускага каталіцкага духавенства (Менск, 24—25.5.1917).
З усталяваньнем ва Ўсходняй Беларусі савецкай улады перасьледаваўся ворганамі бясьпекі. Памёр праз запаленьне лёгкіх. Месца пахаваньня невядомае.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Францішак Будзька — забыты беларусізатар Касцёла. «Наша Ніва»
Літаратура
рэдагаваць- Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. — Vilnia, 1939.
- Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. — Lublin, 1998.
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.