Фларыян Міладоўскі
Фларыя́н Станісла́ў Міладо́ўскі (па-польску: Florian Stanisław Miładowski; 4 траўня 1819, Менск, Расейская імпэрыя — 8 ліпеня 1889, Бардо, Францыя) — беларускі кампазытар, піяніст, пэдагог.
Фларыян Міладоўскі | |
Florian Stanisław Miładowski | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 4 траўня 1819 |
---|---|
Месца нараджэньня | Менск, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 8 ліпеня 1889 (70 гадоў) |
Месца сьмерці | Бардо, Францыя |
Прафэсія | кампазытар, піяніст, пэдагог |
Інструмэнты | фартэпіяна |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБацька Фабіян Міладоўскі — шляхціч, валодаў фальваркам Навадворкі ля Наваградку, але, зьбяднеўшы, пераехаў у Менск, дзе і нарадзіўся Фларыян. Бацька зарабляў выкладаньнем музыкі і навучыў сына музычнай грамаце і фартэпіяннай ігры. Працягнуў Фларыян навучаньне ў Вільні пад кіраўніцтвам піяніста Фэрдынанда Цібэ. У 1829 року, у 10-гадовым веку, Фларыян даў свой першы канцэрт. У Вільні пачаў складаць мазуркі, вальсы, палянэзы, контрадансы, мініятуры.
У Менску Фларыян працягнуў навучаньне пад кіраўніцтвам Дамініка Стафановіча, сярод вучняў якога былі Станіслаў Манюшка, Каміла Марцынкевіч.
У 1836 року запрошаны выкладаць музыку дачкам Бэнэдыкта Эмануіла Тышкевіча. У маёнтку Чырвоны Двор(lt) Фларыян Міладоўскі сабраў аркестар зь мясцовых і нямецкіх музыкаў, які выконваў сымфоніі Бэтговэна, Моцарта, Шубэрта, тагачасныя сымфанічныя ды інструмэнтальныя творы. 1 кастрычніка 1840 року ажаніўся з францужанкай Аўгустынай Паро, якая была настаўніцай Тышкевічавых дачок.
У 1841 року дзеля працягу навучаньня Міладоўскі выправіўся ў Бэрлін, дзе пазнаёміўся з Фэліксам Мэндэльсонам-Бартольдзі. Атрымаўшы ад таго рэкамэндацыі, выехаў у Вену, дзе практыкаваўся ў Франца Гаўзэра(de), Ф. Хельтцля, Сымана Зэхтэра(de), Ёзэфа Фішгафа(de). Вярнуўся ў Чырвоны Двор праз два гады, працягваў складаць музычныя творы і кіраваць тэатрам.
У 1851 Міладоўскі зьехаў у Вільню, але ў сярэдзіне 50-х рокаў вярнуўся на радзіму, у вёску Мацкі ля Менску.
У 1862 року эміграваў у Францыю, сьпярша сям’я пасялілася ў Страсбургу. Пасьля быў прафэсарам фартэпіяннай гры ў Мэцы. У 1870 року асьлеп на абодва вокі, напісаную музыку запісвалі ягоныя дзеці. Пасьля заваёвы Мэцу прусамі Фларыяну Міладоўскаму зрабілі апэрацыю, пасьля якой змог бачыць на левае вока, у 1871 пераехаў у Нансі, працягваў пісаць музыку. На радзіму не вярнуўся з прычыны стану здароўя. Памёр у Бардо.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- А. В. Ахвердава. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1980. — № 3. — С. 38—39.
- М. М. Сакалоўская. Творчае партнёрства Фларыяна Міладоўскага і Бенядзікта Тышкевіча. — С. 112—116.