Утрэхцкая унія

(Перанакіравана з «Утрэхцкая дамова»)

У́трэхцкая у́нія — ваенна-палітычны саюз спачатку пяці, а затым сямі правінцый (Галяндыя, Зэляндыя, Утрэхт, Гэлдэрлянд, Авэрэйсэл, Фрысьлянд, Гронінген) Паўночных Нідэрляндаў, створаны 23 студзеня 1579 году ў Утрэхце супраць Гішпаніі.

Мапа гішпанскіх Нідэрляндаў, Утрэхцкая унія[1] (1579)

У ходзе Нідэрляндзкай буржуазнай рэвалюцыі паўднёвыя правінцыі краіны 6 студзеня 1579 году заключылі Араскую унію, накіраваную на захаваньне улады гішпанскага караля Філіпа II Габсбурга. У адказ пяць паўночных правінцый (пазьней да іх далучыліся яшчэ дзьве правінцыі) 23 студзеня 1579 году заключылі ў Утрэхце унію супраць гішпанскай улады, якая спрабавала аднавіць панаваньне ў Нідэрляндах, фактычна страчанае ў ходзе рэвалюцыі, і супраць унутранай фэадальна-каталіцкай рэакцыі.

Артыкулы Утрэхцкай уніі прадугледжвалі сумеснае вядзеньне рэвалюцыйнай вайны, непарыўнасьць саюза, вядзеньне агульнай зьнешняй палітыкі, стварэньне агульнай арміі, адзінай манэтнай сыстэм.

Утрэхцкая унія, якая фармальна не абвяшчала аб зрыньваньні гішанскага караля, разам з тым не пакідала месца для рэальна дзеючай каралеўскай улады. Прадугледжвала фэдэратыўны палітычны лад.

Заключэньне Утрэхцкай уніі заклала аснову самастойнага дзяржаўнага існаваньня Рэспублікі Злучаных правінцый (да Утрэхцкай уніі далучыліся таксама многія гарады Фляндрыі і Брабанта, але ў 1580-х гг. XVI стагодзьдзя яны былі заваяваныя гішпанскімі войскамі).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  1. ^ На мапе выдзелена блакітным колерам.