Унібокс
Каардынаты: 53°48′41″ пн. ш. 27°40′53″ у. д. / 53.81139° пн. ш. 27.68139° у. д.
«Унібокс» — прамысловае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сакавіку 1998 году ў Менску.
«Унібокс» | |
Тып | таварыства з абмежаванай адказнасьцю |
---|---|
Заснаваная | 2 сакавіка 1998 (26 гадоў таму) |
Заснавальнікі | «Кіраўніцтва вытворча-тэхнічнай камплектацыі» |
Разьмяшчэньне | Менск, Заводзкі раён, вул. Сяліцкага, д. 9Б |
Ключавыя фігуры | Сяргей Русак |
Галіна | прамысловасьць |
Прадукцыя | даільнае абсталяваньне, ацяпляльныя катлы, жалезабэтон, сельскагаспадарчая тэхніка |
Лік супрацоўнікаў | > 1000 (2015 г.) |
Матчына кампанія | ААТ «Кіраўніцтва вытворча-тэхнічнай камплектацыі» (Заслаўе; «КВТК») |
Даччыныя кампаніі | «Альфа Калор», «Ферабокс», «Экспа Інакс» |
На 2017 год група «Унібокс» улучала 11 сумесных прадпрыемстваў, беларускім заснавальнікам якіх было ААТ «Кіраўніцтва вытворча-тэхнічнай камплектацыі» (Заслаўе, Менскі раён; «КВТК»): філія «Агра-Бокс» (в. Чарнава, Ігуменскі раён) — расьлінаводзтва; філія «Агра-Бокс Заатэх» (в. Чарнава) — малочная жывёлагадоўля; ТАА «Альфа Калор» — ацяпляльнае абсталяваньне (катлы); ТАА «Белінтэрбокс» (Сьмілавічы, Ігуменскі раён) — племянная жывёлагадоўля; ТАА «БэтонБокс» (Капыль) — жалезабэтон; «Паліфас» — цеплаізаляцыйныя матэрыялы; УП «ТэхБокс» (Ігумен) — будаўніцтва; ТАА «Унібокс» — даільнае абсталяваньне, коркі пад бутэлькі, мэталічная тара; ТАА «Ферабокс» (в. Новы Двор, Менскі раён) — сельскагаспадарчая тэхніка; ТАА «Экспа Інакс» — дымаходы.
Мінуўшчына
рэдагавацьУ сакавіку 1998 году ў Менску заснавалі беларуска-італьянскае прадпрыемства «Унібокс» для вытворчасьці кронен-коркаў пад бутэлькі зь вадой, півам, безалькагольнымі і слабаалькагольнымі напоямі. Зь беларускага боку сузаснавальнікам выступіла ААТ «Кіраўніцтва вытворча-тэхнічнай камплектацыі» (Заслаўе, Менскі раён; «КВТК»). У студзені 2000 году ў СЭЗ «Менск» стварылі 2-е СП «Альфа Калор», якое стала адзіным вытворцам ацяпляльнага абсталяваньня ў Беларусі. Таксама прадпрыемства стала ажыцьцяўляць рамонт і ўсталёўку прыладаў ацяпленьня, водазабесьпячэньня, каналізацыі і вэнтыляваньня. У 2002 г. адчынілі прадпрыемства «Паліфас» для вытворчасьці цеплаізаляцыйных будаўнічых матэрыялаў з усьпененага поліэтылену. Закрытаячэістая будова такіх матэрыялаў таксама стварае перашкоду для вільгаці. У 2003 г. ТАА «Унібокс» запусьціла абсталяваньне па лакаваньні і літаграфіі ліставой бляхі. Таксама дадаліся паслугі друку па блясе і вытворчасьць цьвёрдай упакоўкі і мэталічнай тары для лакаў і фарбы.
У 2004 г. да ТАА «Унібокс» далучылі стратны калгасп у Ігуменскім раёне (в. Чарнава) паводле прэзыдэнцкага дэкрэту. Калгасп падзялілі на 2 філіі: «Агра-Бокс» і «Агра-Бокс Заатэх». У 2005 г. на перабудаванай малочна-таварнай фэрме (МТФ) «Агра-Бокс Заатэх» запусьцілі даільную залу з папарным пульсаваньнем і кампутарным кіраваньнем статкам. 26 красавіка 2006 году ў вёсцы Новы Двор (Навадворскі сельсавет, Менскі раён) заснавалі сумеснае ТАА «Ферабокс» для вырабу 8 відаў сельскагаспадарчай тэхнікі: абмотвальнікаў рулонаў зь віламі, малатковых зернедрабнілак, кормазьмяшальнікаў-раздавальнікаў, культыватараў для міжрадкоай апрацоўкі глебы, пад’ёмнікаў, прычэпаў з падлогавымі транспартэрамі для раскідваньня гною, прэспадбіральнікаў для прэсаваньня валкоў сена ў рулоны і пнэўматычных сеялак. Тэхніку сталі вырабляць паводле распрацовак 3-х вытворцаў Італіі: «Зага» (Кампа-Сан-Марціна, рэгіён Вэнэта), «Маскар» (Грумала-дэле-Абадэсэ, рэгіён Вэнэта) і «Фераболі» (Крэмона, рэгіён Лямбардыя).
У 2008 годзе ў СЭЗ «Менск» (мікрараён Шабаны) дадалося сумеснае ТАА «Экспа Інакс», якое стала вырабляць дымаходы з кіслотнаўстойлівай жаратрывалай нержавейнай сталі. Італьянскія ўкладаньні ў вытворчасьць склалі 1 млн эўра. Трубы і фасонныя часткі зь нержавейнай сталі прызначаліся для дымавыдаленьня ад газавых ацяпляльных катлоў і воданагравальнікаў, вадка- і цьвёрдапаліўных катлоў. У 2009 г. ТАА «Унібокс» пачало выраб даільнага абсталяваньня з адначасовым пульсаваньнем і плывучым вакуўмам паводле распрацоўкі ірляндзкага прадпрыемства «Малочны майстар» (Тралі). 20 красавіка 2009 г. філія «Агра-Бокс» адчыніла лябараторыю вызначэньня якасных паказьнікаў травяністых кармоў і зерня. Таксама філія «Агра-Бокс» пусьціла лінію сартаваньня насеньня. У 2010 г. «Унібокс» набыў «Капыльскі завод жалезабэтонных вырабаў» (цяпер ТАА «БэтонБокс»), які пераабсталявалі для вырабу аблегчаных будаўнічых канструкцыяў з папярэдне напружанага жалезабэтону. У 2011 г. на МТФ філіі «Агра-Бокс Заатэх» усталявалі даільную залу «Карусель», дзе цяпло парнога малака сталі выкарыстоўваць для нагрэву вады, якой пояць кароў. Электраэнэргію для фэрмы пачалі выпрацоўваць сонечнымі панэлямі і ветра-энэргетычнай устаноўкай магутнасьцю 3,6 кіляват.
Да 2012 году, за 12 гадоў, ТАА «Альфа Калор» вырабіла і ўсталявала звыш 27 000 катлоў з 3-гадовай гарантыяй. Прадпрыемства налічвала 534 супрацоўнікі і мела аддзяленьні ва ўсіх абласьцях Беларусі. ТАА «Альфа Калор» вырабляла: газавае ацяпляльнае абсталяваньне магутнасьцю ад 18 да 95 кіляват; цьвёрдапаліўныя стальныя катлы з аўтаматычным вызначэньнем цеплыні падагрэву вады, у тым ліку пелетныя КАП-58; каскадныя спалучэньні вадагрэйнага газавага ацяпляльнага абсталяваньня (ААГВ) з сумарнай цеплавой магутнасьцю ад 64 да 1000 кіляват, у тым ліку і ў модульным выкананьні; праточныя газавыя воданагравальнікі; гнуткія нержавейныя трубкі для газу і вады; прылады падключэньня і абслугоўваньня ААГВ з магнітнай апрацоўкай вады; стальныя сушыльнікі ручнікоў з палімерным пакрыцьцём; стальныя кажухі для чыгунных радыятараў; каляровыя палімерныя пакрыцьці мэталавырабаў. На чэрвень 2012 год група прадпрыемстваў «Унібокс» улучала 9 прадпрыемстваў, у тым ліку толькі заснаванае будаўнічае прадпрыемства «ТэхБокс» (Ігумен)[1]. Таксама ў 2012 годзе паводле прэзыдэнцкага распараджэньня аб перадачы маёмасьці ТАА «Унібокс» атрымала ва ўласнасьць Сьмілавіцкі аграрны каледж (Ігуменскі раён). На 1 студзеня 2013 году ў Беларусі дзейнічала 270 даільных залаў вытворчасьці ТАА «Унібокс» на 7940 месцаў, што дазваляла абслужыць пагалоўе каля 160 000 кароваў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ П. Берасьнеў, С. Бусько. Толькі найноўшыя тэхналёгіі // Зьвязда : газэта. — 14 чэрвеня 2012. — № 112 (27227). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- ТАА «Ферабокс» (рас.)
- ТАА «Экспа Інакс» (рас.)
- Сьмілавіцкі агракаледж (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |