Уладзіслаў Старэвіч
Уладзісла́ў Алякса́ндравіч Старэ́віч (Władysław Starewicz, Ladislaw Starewicz, Ladislas Starevich; 8 жніўня 1882 году, Масква, Расейская імпэрыя — 26 лютага 1965 году, Фантэнэ-су-Буа ля Парыжу, Францыя) — расейскі і францускі рэжысэр беларускага паходжаньня, стваральнік першых у сьвеце фільмаў у тэхніцы лялечнае анімацыі.
Уладзіслаў Старэвіч | |
па-расейску: Владислав Александрович Старевич па-польску: Władysław Starewicz | |
Дата нараджэньня | 8 жніўня 1882 |
---|---|
Месца нараджэньня | Масква, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 26 лютага 1965 (82 гады) |
Месца сьмерці | Фантэнэ-су-Буа, Францыя |
Занятак | кінарэжысэр |
Навуковая сфэра | пакадравая кіназдымка[d] |
Месца працы | |
Дзеці | Nina Star[d][2] |
IMDb | ID nm0823088 |
Маладыя гады
рэдагавацьНарадзіўся 8 жніўня 1882 ў сям’і прадстаўнікоў ліцьвінскай шляхты Аляксандра й Антаніны Старэвічаў. Месцам нараджэньня называюць Маскву, Коўна або Вільню. Дакладна вядома толькі, што па сьмерці маці з чатырохгадовага ўзросту выхоўваўся ў сваякоў у Ковенскім павеце. Скончыў гімназію ў Дорпце.
У 5—6 клясе захапіўся фатаграфаваньнем і энтамалёгіяй. Пачаў браць урокі жывапісу, аднак на гэта бракавала грошай.
Па сканчэньні 10 клясаў уладкаваўся наглядальнікам у мясцовы краязнаўчы музэй. Калі Старэвіч падараваў прадстаўнікам музэю альбом з уласнымі фатаздымкамі Коўна, археоляг Тадэвуш Доўгірд, уражаны ўзроўнем майстэрства, прапанаваў юнаку зьняць этнаграфічны фільм з дапамогаю музэйнае кінакамэры. Першы фільм пад назваю «Над Нёманам» (страчаны) уразіў супрацоўнікаў музэю тэхнічным узроўнем выкананай працы. За ім былі зьнятыя яшчэ некалькі адукацыйных фільмаў. Акрамя таго, Старэвіч займаўся выданьнем непадцэнзурнага сатырычнага часопісу «Аса» і газэты «Крамзолі і кляксы», маляваньнем афішаў.
25 лістапада 1906 году ажаніўся з Ганнай Цымэрман. Зь ёй мелі дачок Ірыну (1907) і Яніну (1913).
У Расеі
рэдагавацьУ 1909 годзе накіраваўся ў Маскву, каб паспрабаваць адшукаць лепшае прымяненьне ўласным талентам. Два звароты — у францускую фірму «Браты Патэ» і ў кампанію «Гамон» — абярнуліся расчараваньнем. Але на Старэвіча зьвярнуў увагу расейскі кінапрамысловец Аляксандар Ханжонкаў, якія падарыў Уладзіславу патрыманую кінакамэру і некалькі рулёнаў стужкі з умовай, што Старэвіч будзе перадаваць яму правы на ўсе зробленыя фільмы. Праз 10 тыдняў Старэвіч паказаў Ханжонкаву тры стужкі, прывезеныя з сабой з Коўна: акрамя «Над Нёманам», ім былі таксама зьнятыя ў 1909 «Жукі-скарабеі» і «Жыцьцё стракозаў». Пасьля гэтага Старэвіч атрымаў асобнае памяшканьне для працы, больш сур’ёзную апаратуру і поўную творчую волю.
У 1910 годзе Старэвіч вырашыў зьняць дакумэнтальны фільм пра бой жукоў-рагачоў за саміцу, аднак пры неабходным для здымкі сьвятле пражэктараў самцы рухацца не хацелі. Тады Старэвіч зрабіў з панцыраў жукоў муляжы і зьняў патрэбную сцэну пакадрава, прыладзіўшы замест лапак танюсенькі дрот. Зьнятая ім такім чынам карціна «Lucanus Cervus» (страчаная) стала першым у сьвеце лялечным анімацыйным фільмам.
У той сама тэхніцы ў 1912 быў створаны кароткамэтражны фільм «Чароўная Люканіда, альбо Вайна вусачоў з рагачамі», вядомы таксама пад гульлівай назвай «Куртызанка на стальцы». Фільм стаўся сусьветнай сэнсацыяй. Фірма «Браты Патэ» вымушаная была набываць правы на ягоны замежны пракат. Пакадравая тэхніка лялечнай анімацыі была тады зусім невядомая, таму ў шматлікіх водгуках скразіла зьдзіўленьне тым, якіх неверагодных рэчаў можна дабіцца дрэсіраваньнем ад вусякоў. Напрыклад, лёнданская газэта «Evening News» пісала:
Як усё гэта зроблена? Ніхто з тых, хто бачыў карціну, ня здолеў патлумачыць. Калі жукі дрэсыраваныя, то дрэсыравальнік іх павінен быў быць чалавекам чароўнай фантазыі і цярплівасьці. Што дзейныя асобы менавіта жукі, гэта добра бачна пры ўважлівым разглядзе іхняй зьнешнасьці. Як бы тое ні сталася, мы стаім твар у твар з надзвычайнай зьявай нашага стагодзьдзя… | ||
Неўзабаве на экраны выйшлі падобныя па тэхніцы кароткамэтражныя анімацыйныя фільмы «Помста кінэматаграфічнага апэратара» (1912), «Страказа і мураш» (1913), «Раство ў насельнікаў лесу» (1913), «Вясёлыя сцэнкі з жыцьця жывёлаў» (1913), якія ўвайшлі ў залаты фонд сусьветнага кінэматографу. Тэхніка выкананьня засталася тайнай, якую ведалі, акрамя самога рэжысэра, толькі ягоная жонка і дзеці. Учацьвярох яны рабілі працу цэлай студыі.
Раўналежна з анімацыяй Старэвіч распачаў працу і над пастаноўкай гульнявых фільмаў. Дэбютаваў экранізацыяй аповесьці Гогаля «Страшная помста» (1912), якая атрымала надзвычайнае міжнароднае прызнаньне (Залаты мэдаль на конкурсе фільмаў падчас Сусьветнай выставы ў Міляне). А фільм-экранізацыя «Ноч на Каляды (1913) ўпершыню спалучыў актора Івана Мазжухіна і «спэцэфэкт» — анімацыйнага чорта. Здымкі фантастычнага фільму «Падарожжа на Месяц» былі спыненыя (частка сфільмаванага матэрыялу захавалася). У гэты пэрыяд Старэвіч таксама працуе апэратар на фільмах іншых пастаноўнікаў — напрыклад, камэдыі Пятра Чардыніна «Домік у Каломне» (1913).
Падчас Першай сусьветнай вайны Старэвіч паставіў некалькі фільмаў на замову Скобелеўскага камітэту. Самым вядомым сярод іх стала анімацыйна-гульнявая прытча «Лілія Бэльгіі» (1915). Да гэтай групы таксама адносяцца гульнявыя пастаноўкі «Руслан і Людміла», «Тамань», «Сашка-язьдзец», «Да народнай улады» і «Пан Твардоўскі (паводле аповесьці Юзэфа Крашэўскага)».
Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі Ханжонкаў разам з усім мастацкім і тэхнічным пэрсаналам сваёй студыі пераяжджае ў Ялту. Тут у 1918 годзе Старэвіч паставіў фільмы «Каліёстра», «Сарачынскі кірмаш», «Вій», «Травеньская ноч» і іншыя (пераважная большасьць страчаная). Апошні ягоны гульнявы фільм «Зорка мора», экранізацыя раману У. Лока «Стэла Марыс», выкарыстоўваў найскладанейшыя адмысловыя эфэкты: шматлікія экспазыцыі скрозь карункі пены, рухомая карона з чалавечых целаў на нябесным тле і іншае. Старэвіч лічыў гэты фільм сваёй найлепшай працай у кіно, а Ханжанкоў, зьяжджаючы з Расеі, узяў з сабой яе адную.
У Францыі
рэдагавацьУ 1919 годзе Ўладзіслаў Старэвіч зь сям’ёй эміграваў у Італію, адылі — у Францыю.
У Парыжы ён атрымаў прапанову фірмы «Мэркурый» і пачаў адзін за адным прадусаваць і здымаць анімацыйныя фільмы. Адной зь першых ягоных працаў была экранізацыя басьні Ляфантэна «Жабкі патрабуюць караля» (па-француску: Les grenouilles qui demandent un roi, 1923 г.), уганараваная адной з найвышэйшых кінэматаграфічных узнагародаў эпохі — залатога мэдалю Разэнфэльда. Надалей Старэвіч выпусьціў такія дасьціпныя мультфільмы, як «Голас салаўя» (франц. La voix du rossignol, 1923), «Каханьне ў белым і чорным» (франц. Amour noir et blanc, 1923), «Пацук палявы і пацук гарадзкі» (франц. Le rat de ville et le rat des champs, 1927 г.), «Маленькі парад» (франц. La petite parade, 1928). Старэвіч прыдумаў сэрыю пра пацешнага шчанюка Фэтыша; сцэнкі з сабачых прыгодаў працытуе сучасная студыя «Піксар». Характэрнай рысай фільмаў Старэвіча і ягоным асаблівым гонарам стала багатая рэалістычная міміка створаных ім лялечных пэрсанажаў.
Вяршынным дасягненьнем Старэвіча стаў першы ў сусьветным кіно паўнамэтражны «касьцюмны» анімацыйны фільм «Рэйнэкэ-Ліс» (франц. Le roman de Renard, 1930) паводле матываў францускага эпасу й казкі Гётэ. Здымкі распачаліся ў 1926 годзе. Для яго былі вырабленыя разнастайныя лялькі: ад 10-сантымэтровых да чалавечага росту. Для кожнай жывёлкі рабілася да 500 масак, грымасы пэрсанажаў былі жывыя й рухомыя. Матэрыял, зь якога вырабляліся цацкі, застаўся тайнай Старэвіча.
Цалкам фільм быў зьняты да 1930 году, аднак у гэты час у кінэматограф ужо прыйшоў гук, і выпускаць нямое кіно стала практычна немагчымым. Фільм быў агучаны праз восем гадоў на замову Нямеччыны, для якой было істотным мець нямецкамоўную экранізацыю «народнай паэмы» Гётэ. У 1941 годзе «Рэйнэкэ-Ліс» выйшаў і па-француску, прынёсшы Старэвічу восем міжнародных прэміяў, у тым ліку другі мэдаль Разэнфэльда. Аднак фінансаваньне стужкі гітлераўскім урадам значна паўплывала на ягоны пракатны лёс, і карціна дасюль мала вядомая паспалітаму гледачу.
На працягу 1930—1950-х гадоў Старэвіч працягваў ставіць анімацыйныя фільмы. Па вайне пераехаў у горад Фантэнэ-су-Буа пад Парыжам. Неўзабаве дачка Ірына пачала сьлепнуць. Старэвіч, чыя папулярнасьць у 50-я гады пайшла на спад, зарабляў пастаноўкай рэклямных ролікаў і распрадаваў унікальныя лялькі.
Памёр у Фантэнэ-су-Буа 26 лютага 1965 году.
Фільмаграфія
рэдагавацьДакумэнтальныя
рэдагаваць- 1909 — «Над Нёманам», (не захаваўся)
- 1909 — «Жыцьцё стракозаў» (не захаваўся)
- 1909 — «Жукі-скарабеі» (не захаваўся)
- 1910 — «Развіцьцё апалоніка»
Мультфільмы
рэдагаваць- 1910 — «Lucanus Cervus» (не захаваўся)
- 1910 — «Чароўная Люканіда, або Вайна вусачоў з рагачамі»
- 1911 — «Помста кінэматаграфічнага апэратара»
- 1911 — «Каляды ў жыхароў лесу»
- 1911 — «Страказа і мураш»
- 1912 — «Авіяцыйны тыдзень казурак»
- 1913 — «Чатыры чорты»
- 1913 — «Вясёлыя сцэнкі з жыцьця жывёлін»
- 1913 — «Певень і Пегас»
- 1915 — «Лілея Бэльгіі»
- 1920 — У лапах павука
- 1921 — Шлюб Бабіласа
- 1921 — Пудзіла
- 1922 — «Жабкі патрабуюць караля»
- 1923 — «Голас салаўя»
- 1923 — «Каханьне ў белым і чорным»
- 1924 — «Маленькі вулічны сьпявак»
- 1925 — «Вочы дракона»
- 1926 — «Пацук палявы і пацук гарадзкі» (ч/б)
- 1926 — «Пацук палявы і пацук гарадзкі» (каляровы)
- 1927 — «Мурашка і конік»
- 1927 — «Каралева матылькоў»
- 1928 — «Чароўныя гадзіны»
- 1928 — «Маленькі парад»
- 1929-1930 — «Рейнэке-ліс» (Залаты мэдаль Разэнфэльда 1941 г. і шчэ 7 міжнародных узнагародаў)
- 1932 — «Леў і муха»
- 1932 — «Стары леў»
- 1933 — «Шчанюк-талісман»
- 1934 — Фэтыш — уладар пярсьцёнку
- 1935 — Вясельле Фэтышу
- 1936 — Фэтыш — вандроўнік
- 1937 — Фэтыш і русалкі
- 1947 — Занзабэль ў Парыжы
- 1949 — Папараць-кветка
- 1953 — Маленькая птушка Газуі
- 1954 — Забабон
- 1955 — Нядзельны пікнік Газуі
- 1956 — Нос па ветры
- 1958 — «Паўночная карусель»
- 1965 — «Як сабака з коткай»
Навукова-папулярныя
рэдагаваць- 1911 — «Электрычны тэлеграф» (зь Мікалаем Бакліным)
- «П’янства і яго наступствы» (зь Іванам Мазжухіным)
Гульнявыя
рэдагаваць- 1912 — «Страшная помста» (не захаваўся; залаты мэдаль на Сусьветнай выставе ў Міляне)
- 1912 — «Падарожжа на месяц» (захавалася частка адзьнятага матэрыялу)
- 1913 — «Ноч на Каляды»
- 1913 — «Руслан і Людміла» (не захаваўся)
- 1914 — «Сьнягурка»
- 1914 — «Пасынак Марса»
- 1914 — Казка пра нямецкага Гогеля-Могеля і пра чорта Балбеску (не захаваўся)
- 1914 — «Тройка» (не захаваўся)
- 1914 — Fleurs Fanees (не захаваўся)
- 1915 — Песьня катаржаніна (не захаваўся)
- 1915 — «Партрэт»
- 1915 — «Гэта табе не належыць» (не захаваўся)
- 1915 — «Эрас і Псіхея» (не захаваўся)
- 1916 — «Дзьве сустрэчы» (не захаваўся)
- 1916 — «Le Faune En Laisse» (не захаваўся)
- 1916 — «Пра што шумела мора» (не захаваўся)
- 1916 — «Тамань» (не захаваўся)
- 1916 — «На Варшаўскім гасьцінцы» (не захаваўся)
- 1917 — «Пан Твардоўскі» (не захаваўся)
- 1917 — «Сашка-коньнік» (не захаваўся)
- 1917 — «Да народнай улады»
- 1918 — «Каліостра»
- 1918 — «Масоны» / «Вольныя муляры» (другая частка «Каліостра»)
- 1918 — «Ёла» (не захаваўся)
- 1918 — «Вій» (не захаваўся)
- 1918 — «Сарачынскі кірмаш» (не захаваўся)
- 1918 — «Травеньская ноч» (не захаваўся)
- 1918 — «Зорка мора» (не захаваўся)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьУладзіслаў Старэвіч — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Андрэй Расінскі. Апошнія ліцьвіны кінэматографу // Радыё «Свабода»
- Алічбаваныя фільмы Старэвіча
- ^ Bendazzi G. Foundations - The Golden Age (анг.) — Taylor & Francis, 2016. — P. 73. — ISBN 978-1-138-85452-9
- ^ Bendazzi G. Foundations - The Golden Age (анг.) — Taylor & Francis, 2016. — P. 74. — ISBN 978-1-138-85452-9