Уладзімер Стральцоў

Уладзі́мер Стральцо́ў (па-расейску: Владимир Стрельцов, сапраўднае — Сьцяпан Стральцоў, псэўданімы — В. Яравы, Степан Шишков; 5 студзеня 1905, в. Шышкава, Валакаламскі раён, Маскоўская вобласьць, Расея — 21 верасьня 2001, Менск) — беларускі й расейскі кінарэжысэр, аўтар шэрагу кінастужак. Сябар Саюзу кінэматаграфістаў БССР ад 1957.

Уладзімер Стральцоў
Владимир Стрельцов
Імя пры нараджэньні Сьцяпан Стральцоў
Дата нараджэньня 5 студзеня 1905
Месца нараджэньня в. Шышкава, Валакаламскі раён, Маскоўская вобласьць, Расея
Дата сьмерці 21 верасьня 2001 (96 гадоў)
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Месца пахаваньня
Занятак кінарэжысэр

Раньняе жыцьцё

рэдагаваць

Паводле паходжаньня селянін, бацька — Міхаіл Стральцоў (памёр у 1915 ад сухотаў) — быў муляром, маці — Пелагея Стральцова — працавала прачкай у Ярапольскім шпіталі. Скончыў вясковую трохклясавую школу ў 1915. У 1916—1919 працаваў у гарбатні ў Валакаламску, у 1920—1923 быў вучнем сьлесара ў в. Яраполец. У канцы 1923 пераехаў у Маскву, дзе да 1928 працаваў у выдавецтвах «Прибой» і «Пролетарий», экспэдытарам у газэце «Правда». У 1928—1930 працаваў на заводзе.

Творчая дзейнасьць

рэдагаваць

У 1924 працаваў у самадзейным тэатры РВС. У 1925—1926 праходзіў рэжысэрскія курсы «Пралеткульту», у 1927 — кінаакторскія курсы імя Чайкоўскага. Прайшоўшы ў 1928—1930 агульнаадукацыйныя курсы, у 1930 паступіў у Маскоўскі ўнівэрсытэт, зь якога ў 1931 перавёўся ва Ўсерасейскі дзяржаўны інстытут кінэматаграфіі.

Працаваў асыстэнтам кінарэжысэра ў ліпені 1935 — лютым 1936 на студыі «Мостэхфільм», ад красавіка 1936 да сьнежня 1937 на Цэнтральнай студыі кінахронікі Масквы, дзе самастойна зьняў свае першыя кіначасопісы — «Сацыялістычная вёска» ды «Дзень чыгуначніка» (разам з Сатаравай). У сьнежні 1937 перавёўся ў Менскую студыю кінахронікі, дзе ім былі змантаваныя кіначасопісы «Савецкая Беларусь» і зьняты шэраг дакумэнтальных кінанарысаў.

З пачаткам вайны эвакуяваўся ў Куйбышаў, дзе да ліпеня 1942 працаваў кінарэжысарам на мясцовай кінастудыі, рабіў кіначасопісы «Савецкая Башкірыя». У 1942 перавёўся ў Іркуцк, дзе працаваў да 1947. Тут ім былі створаныя кіначасопісы «Ўсходняя Сыбір» і кінафільм «Дваццацігодзьдзе».

У 1948 вярнуўся ў Менск, дзе ўладкаваўся на кінастудыю «Беларусьфільм». Тут ім былі створаныя фільмы ўсіх жанраў. У красавіку 1948—1950 у асноўным выпускаў кіначасопісы «Савецкая Беларусь», пасьля перайшоў на паўнавартасную рэжысэрскую працу.

Найлепшым посьпехам У. Стральцова лічыцца зьняты ў 1959 дакумэнтальны фільм «Праўда пра сэктантаў-пяцідзесятнікаў». Дадзеная кінастужка атрымала шэраг узнагарод (прыз фэстывалю Прыбалтыйскіх рэспублік і Беларусі, дыплём ІІІ-га Ўсесаюзнага фэстывалю ў Менску). У гэтым фільме ўпершыню былі выкарыстаныя здымкі прыхаванай камэрай.

У 1961—1968 працаваў на Менскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакумэнтальных фільмаў, ад 1968 — зноў на «Беларусьфільме».

Займаўся таксама журналісцкай дзейнасьцю. Друкаваўся (часам пад псэўданімам В. Яравы) у газэтах «Советская Якутия», «Менская праўда», «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь». Ад 1964 чытаў лекцыі па кінарэжысуры ў Менскім політэхнічным інстытуце.

Фільмаграфія

рэдагаваць
  1. Сацыялістычная вёска (1936, кіначасопіс, разам з Сатаравай)
  2. Дзень чыгуначніка (1937)
  3. Калгас «Крэпасьць абароны» (1939, дакумэнтальны кінанарыс)
  4. У вызваленым Беластоку (1939, дакумэнтальны кінанарыс)
  5. Дваццацігодзьдзе (2 часткі, 1943, таксама аўтар сцэнару)
  6. Белавеская пушча (1951—1952, мастацка-відавы фільм, рэжысэр-пастаноўшчык)
  7. Пяюць жаўранкі (1953, мастацкі фільм, 2-і рэжысэр)
  8. Хто сьмяецца апошнім (1954, мастацкі фільм)
  9. Беларускі канцэрт (1955, мастацкі фільм, рэжысэр-пастаноўшчык)
  10. На зямлі Беларускай (1957, дакумэнтальны фільм, рэжысэр і адзін з аўтараў сцэнару)
  11. Яны ўступаюць у жыцьцё (1958, мастацка-дакумэнтальны кінанарыс)
  12. Праўда пра сэктантаў-пяцідзясятнікаў (1959, дакумэнтальны фільм, рэжысэр і адзін з аўтараў сцэнару)
  13. Наш народны (1961, дакумэнтальны кінанарыс)
  14. Дзень Рэспублікі (1962, дакумэнтальны рэпартажны фільм)
  15. Беларускія напевы (1963, фільм-канцэрт)
  16. Думкі й выявы (1965, дакумэнтальны кінанарыс)
  17. Саюзьнікі мэталу (1965, навукова-папулярны фільм)
  18. Пранікненьне ў мэтал (1966, навукова-папулярны фільм)
  19. Хто вінаваты (1967, гульнявы фільм)
  20. Выпадак на навасельлі (1963, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
  21. Паўлік (1964, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
  22. Няхай маўчаць сырэны (1965, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
  23. Кінь запалкі (1967, гульнявы фільм-кароткамэтражка)
  24. Вёска й дойлід (1968, дакумэнтальная кароткамэтражка)
  25. Першы партрэт (1970, дакумэнтальная кароткамэтражка)
  26. Тэхніка бясьпекі пры эксплюатацыі будаўніча-дарожных машынаў (1971, навукова-папулярны фільм)
  27. Правілы паводзінаў насельніцтва пры пагрозе нападу праціўніка (1974, навукова-папулярны фільм)
  28. Бясьпека на лентачных канвэерах (навукова-папулярны фільм)
  29. Бурэньне на ваду (1971, навучальны фільм)
  30. Першасная апрацоўка лёну (1972, навучальны фільм)
  31. Камплект абсталяваньня харчацэху сьвінагадоўчых фэрмаў (1973, навучальны фільм)
  32. Палонныя вартавое вежы (1975, дакумэнтальны фільм)
  33. Справа ўсіх і кожнага (1975, дакумэнтальны фільм)
  34. Люцэрна (1980, навукова-папулярны фільм)
  35. Фабрыка ялавічыны (1981, навукова-папулярны фільм)
  36. Апрацоўка харчовага люпіну прагрэсіўнай тэхналёгіяй (1984, навукова-папулярны фільм)

Ад шлюбу зь Янінай Карвацкай (1920—1988) меў сына Віктара (1939—1995) і дачку Ірыну (1949—2002), ад якіх адпаведна меў унука Аляксандра Яна Стральцова-Карвацкага (нарадзіўся 27 сьнежня 1970) і ўнучку Надзею са Стральцовых Гацачыху (нарадзілася 26 сьнежня 1986).

Пахаваны на Чыжоўскіх могілках у Менску.