Уладзімер Мікалаевіч Белы

беларускі фізык

Уладзі́мер Мікала́евіч Бе́лы (нар. 1947, Рафалаў, Брагінскі раён, Гомельская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі фізык.

Уладзімер Белы
Дата нараджэньня 25 кастрычніка 1947 (77 гадоў)
Месца нараджэньня Рафалаў, Брагінскі раён, Гомельская вобласьць, Беларуская ССР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Гомельскі пэдагагічны інстытут (1968)
Занятак навуковец
Навуковая сфэра лазэрная фізыка
Месца працы Інстытут фізыкі НАНБ
Вядомы як стваральнік нелінейна-аптычных пераўтваральнікаў частасьці, акустааптычных дэфлектараў і мадулятараў лазэрнага выпраменьваньня
Навуковая ступень доктар навук (1992)
Узнагароды
Мэдаль Францішка Скарыны
Мэдаль Францішка Скарыны
прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі (1978) і Дзяржаўная прэмія Беларусі (2000)

Распрацаваў інтэрфэрамэтрычныя, спэкламэтрычныя і тамаграфічныя прылады лазэрнай дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. Стварыў шэраг канфігурацыяў плоскіх супэрлінзаў блізкага і далёкага поля на аснове гіпэрбалічных мэтаматэрыялаў. доктар фізыка-матэматычных навук (1992) і прафэсар (1994). Ганаровы доктар Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (2009) і акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2021). Ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1978) і Дзяржаўнай прэміі Беларусі (2000)[2]. Узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны (2006).

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1968 годзе скончыў Гомельскі пэдагагічны інстытут і працаўладкаваўся ў Інстытут фізыкі Акадэміі навук Беларускай ССР. Напісаў навуковыя працы ў галіне крышталяоптыкі. Разьвіў тэорыю акустааптычнага ўзаемадзеяньня ў крышталях са складанай анізатрапіяй. Прапанаваў спосаб узмацненьня ўльтрагукавых хваляў[3]. У 1970 годзе быў узнагароджаны мэдалём «За вайсковую доблесьць». У 1978 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамолу Беларусі за цыкль працаў «Дасьледаваньне працэсаў пераўтварэньня лазэрнага выпраменьваньня і распрацоўка на яго аснове крыніцаў магутнага кагерэнтнага сьвятла з плаўнай перабудовай частасьці ў бачным, ўльтрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах». У 2000 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за цыкль працаў «Дасьледаваньне нелінейна-аптычных зьяваў і стварэньне на гэтай аснове новых высокаэфектыўных крыніцаў лазэрнага выпраменьваньня»[4].

1 сакавіка 2006 году быў узнагароджаны мэдалём Францішка Скарыны[5]. У 2014-м заняў пасаду намесьніка загадніка лябараторыі Інстытуту фізыкі НАНБ і быў абраны сябрам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2015 годзе стаў загаднікам цэнтру дыягнастычных сыстэмаў Інстытуту фізыкі[4]. 17 сьнежня 2021 году Агульны сход НАНБ абраў Уладзімера Белага акадэмікам[6].

Навуковая дзейнасьць

рэдагаваць

На 2021 год напісаў звыш 480 навуковых працаў і атрымаў 50 патэнтаў ды аўтарскіх пасьведчаньняў. Распрацаваў тэорыю лазэрных пучкоў са складанай прасторавай будовай (гаўсавых, бэсэлевых, канічных, лагер- і бэсэль-гаўсавых, віхравых і сынгулярных, квазібездыфракцыйных спэкл-палёў) пры іх распаўсюдзе і пераўтварэньні ў анізатропных, неаднародных і расьсейвалых асяродзьдзях. Прадказаў і дасьледаваў некаторыя аптычныя эфэкты: лазэрны магнітарэфракцыйны, бездыфракцыйнага распаўсюду сьветлавых пучкоў ў навакольлі асаблівых напрамкаў 2-восевых крышталяў, сьпін-арбітальнай сувязі, самападладкі пад фазавы сынхранізм і палярызацыйна-незалежнай мадуляцыі. Тэарэтычна абгрунтаваў і прапанаваў шэраг спосабаў кіраваньня парамэтрамі лазэрнага выпраменьвання на аснове электра-акустааптычных узаемадзеяньняў. Распрацаваў і стварыў нелінейна-аптычныя пераўтваральнікі частасьці, акустааптычныя дэфлектары і мадулятары лазэрнага выпраменьваньня. Выявіў від аптычных прасторавых салітонаў у фотарэфракцыйных крышталях. Упершыню дасьледаваў асаблівасьці спін-арбітальнага пераўтварэньня бэсэлевых сьветлавых пучкоў у крышталях. Прадказаў і дасьледаваў від квазібездыфракцыйных паверхневых плязмон-палярытонаў, а таксама сьветлавых палёў квазібездыфракцыйнага мультыплязмону. Распрацаваў інтэрфэрамэтрычныя, спэкламэтрычныя і тамаграфічныя спосабы і прылады лазэрнай дыягностыкі і неразбуральнага кантролю. На аснове гіпэрбалічных мэтаматэрыялаў прапанаваў і стварыў шэраг канфігурацыяў плоскіх супэрлінзаў блізкага і далёкага поля[4].

  1. ^ https://nasb.gov.by/bel/members/chleny-korrespondenty/biely_vn.php
  2. ^ Белы Ўладзімер Мікалаевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 2021 г. Праверана 14 лютага 2022 г.
  3. ^ Белы Ўладзімер Мікалаевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 83. — 511 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0068-4
  4. ^ а б в Белы Ўладзімер Мікалаевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2021 г. Праверана 14 лютага 2022 г.
  5. ^ Белы Ўладзімер Мікалаевіч // Партал «Узнагароды Беларусі», 2014 г. Праверана 14 лютага 2022 г.
  6. ^ НАН Беларусі падвяла вынікі выбараў новых акадэмікаў і сябраў-карэспандэнтаў // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 20 сьнежня 2021 г. Праверана 14 лютага 2022 г.