Мадуляцыя
Мадуля́цыя — працэс зьмены аднаго або некалькіх парамэтраў высокачастаснага мадулюемага ваганьня пад узьдзеяньнем адносна нізкачастаснага кіруючага мадулюючага сыгналу. У выніку спэктар кіруючага сыгналу пераносіцца ў вобласьць высокіх частасьцяў, дзе перадача электрамагнітных сыгналаў пасродкам выпраменьваньня больш эфэктыўная. Перадаваемая інфармацыя закладзена ў кіруючым сыгнале. Ролю пераносьніка інфармацыі выконвае высокачастаснае ваганьне, якое завецца апорным. У якасьці апорнага могуць быць скарыстаныя ваганьні рознай формы (прастакутныя, трыкутныя і т.д.), аднак часьцей за ўсё ўжываюцца гарманічныя ваганьні. У залежнасьці ад таго, які з парамэтраў апорнага ваганьня зьмяняецца, адрозьніваюць віды мадуляцыі (амплітудная, частасная, фазавая і інш.). Мадуляцыя дыскрэтным сыгналам завецца лічбавай мадуляцыяй або маніпуляцыяй.
Віды аналягавай мадуляцыі
рэдагаваць- Амплітудная мадуляцыя (АМ)
- Амплітудная мадуляцыя з адной бакавой палосай (АМзАБП) (ААМ — аднапалосная АМ)
- Балянсная амплітудная мадуляцыя (БАМ) — АМ з прыгнятаньнем апорнай
- Частасная мадуляцыя (ЧМ)
- Фазавая мадуляцыя (ФМ)
- Сыгма-дэльта мадуляцыя (∑Δ)
Віды лічбавай мадуляцыі (маніпуляцыі)
рэдагаваць- Амплітудная маніпуляцыя (АМн)
- Частасная маніпуляцыя (ЧМн)
- Фазавая маніпуляцыя (ФМн)
- Квадратурная амплітудная маніпуляцыя (КАМ) — камбінацыя АМн і ФМн
- Мадуляцыя з пашырэньнем спэктру
- Шматканальная мадуляцыя (падзел з мультыплексаваньнем каналаў)
Віды імпульснай мадуляцыі
рэдагаваць- Імпульсна-кодавая мадуляцыя (ІКМ або PCM — Pulse Code Modulation)
- Шыротна-імпульсная мадуляцыя (ШІМ)
- Частасна-імпульсная мадуляцыя (ЧІМ)
- Фаза-імпульсная мадуляцыя (ФІМ)
Асноўныя характарыстыкі
рэдагаваць- Энэргетычная эфэктыўнасьць (патэнцыйная завадаўстойлівасьць) характарызуе дакладнасьць перадаваных зьвестак пры ўзьдзеяньні на сыгнал адытыўнага белага гаўсаўскага шуму, пры ўмове, што пасьлядоўнасьць сымбаляў адноўленая ідэальным дэмадулятарам. Вызначаецца мінімальным стасункам сыгнал/шум, якая неабходная для перадачы зьвестак праз канал зь імавернасьцю памылкі, якая не перавышае зададзеную. Энэргетычная эфэктыўнасьць вызначае мінімальную магутнасьць перадатніка, неабходную для прымальнай працы. Характарыстыкай мэтаду мадуляцыі зьяўляецца крывая энэргетычнай эфэктыўнасьці — залежнасьць імавернасьці памылкі ідэальнага дэмадулятара ад стасунку сыгнал/шум.
- Спэктральная эфэктыўнасьць — стасунак хуткасьці перадачы зьвестак да неабходнай палосы прапусканьня радыёканала.
- Устойлівасьць да ўзьдзеянняў канала перадачы характарызуе дакладнасьць перадаваных зьвестак пры ўзьдзеяньні не сыгнал спэцыфічных скажэньняў: заміраньні з прычыны шматпрамянёвага распаўсюджваньня, абмежаваньне палосы, засяроджаныя па частасьці або часу перашкоды, эфэкт Доплера і інш.
- Патрабаваньні да лінейнасьці ўзмацняльнікаў. Для ўзмацненьня сыгналаў зь некаторымі відамі мадуляцыі могуць быць скарыстаныя нелінейныя ўзмацняльнікі клясы C, што дазваляе істотна зьнізіць энэргаспажываньне перадатніка, пры гэтым узровень пазапалоснага выпраменьваньня не перавышае дапушчальныя межы. Дадзены фактар асабліва важны для сыстэмаў рухомай сувязі.
- Складанасьць рэалізацыі мадэмаў вызначаецца вылічальным рэсурсам, патрэбным для рэалізацыі альгарытму дэмадуляцыі, і патрабаваньнямі да характарыстык аналягавай часткі.
Мадуляцыя — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў