Тэадор Момзэн
Хрыстыян Матыяс Тэадор Момзэн (Theodor Mommsen; 30 лістапада 1817, в. Гардынг, герцагства Шлезьвіг, Данія, цяпер Нямеччына — 1 лістапада 1903, Шарлётэнбург пад Бэрлінам) — нямецкі гісторык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры (1902). Прэмія прысуджана як найбуйнейшаму сучаснаму майстру мастацтва гістарычнага аповеду, з спэцыяльнай спасылкай на манумэнтальную працу «Рымская гісторыя»[8].
Тэадор Момзэн | |
Theodor Mommsen | |
Фатаграфія Тэадора Момзана (каля 1870) | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 30 лістапада 1817[1][2][3][…] |
Памёр | 1 лістапада 1903[1][2][5][…] (85 гадоў)
|
Пахаваны | |
Бацькі | Jens Mommsen[d] |
Сужэнец | Maria Auguste Mommsen[d] |
Дзеці | Карл Момзен[d], Marie Mommsen[d], Konrad Mommsen[d], Ernst Mommsen[d], Hans Georg Mommsen[d], Wolfgang Mommsen[d] і Lisbet Mommsen[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік |
Кірунак | гістарычны |
Жанр | аповед |
Мова | нямецкая |
Значныя творы | «Рымская гісторыя» |
Прэміі | Нобэлеўская прэмія ў галіне літаратуры (1902) |
Узнагароды | |
Біяграфія
рэдагавацьУ 1821 сям’я 4-гадовага Тэадора перасялілася ў Ольдэсьлёэ, у герцагства Гальштайн (тымчасова ў Даніі). Бацька Тэадора, Енс Момзэн, пратэстанцкі сьвятар сьціплага дастатку, прыдаў сыну захапленьне літаратурай, пазнаёміў зь нямецкай паэзіяй, дапамагаў перакладаць Юго, Байрана і Шэкспіра на нямецкую мову, на якой размаўляла сям’я ў доме. Адукацыю ў галіне клясычных моў, філязофіі, рыторыкі і нямецкай літаратуры Тэадор атрымаў у Хрысьціянскай гімназіі ў Альтоне. У 1838 паступіў у Кільскі ўнівэрсытэт, дзе вырашыў вывучаць юрыспрудэнцыю, курс, прысьвечаны галоўным чынам рымскаму праву. У Кілі малады прафэсар Ота Ян пазнаёміў Момзэна з навыкамі вывучэньня і тлумачэньня антычных надпісаў.
Падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце Момзэн выявіў таксама цікавасьць да літаратуры і апублікаваў «Сьпеўнік трох сяброў» (Liederbuch dreier Freunde) — зборнік вершаў, напісаных ім самім, яго братам Тэха і іх сябрам Тэадорам Штормам. На апошнім курсе Кільскага ўнівэрсытэту Момзэн напісаў трактат «Пра калегіі і карпарацыі ў рымлян» (па-лацінску: De Collegiis Et Sodaliciis Romanorum). На падставе гэтай працы, а таксама з прычыны выдатнай вучобы Момзэна, прафэсура ўнівэрсытэту дамаглася ад дацкага ўрада ўзнагароджаньня адоранага студэнта стыпэндыяй, на якую Момзэн мог бы паехаць на тры гады ў Італію. У Італіі Момзэн піша шматлікія артыкулы і пачынае зьбіраць матэрыял для сваёй галоўнай працы «Збор лацінскіх надпісаў» (па-лацінску: Corpus Inscriptionum Latinarum), вельмі аб’ёмнага збору лацінскіх надпісаў, апублікаваных у 16-ці тамах у 1863—1936 гадах. Першы том выйшаў з прысьвячэньнем графу Барталамэа Баргезі, італьянскаму палітычнаму дзеячу і навукоўцу, які напачатку аказваў Момзэну падтрымку.
Вярнуўшыся ў 1847 у Шлезьвіг, Момзэн удзельнічае ў дэмакратычным руху, мэта якога ў вызваленьні ад дацкага панаваньня нямецкамоўных герцагстваў, разьмешчаных на поўначы ад Эльбы. Падчас рэвалюцыі 1848 г. гісторык выпускае лібэральную газэту «Шлезьвіг-Гальштайнішэ цайтунг» («Schleswig-Holsteinische Zeitung»), аднак у канцы году з газэты сыходзіць на пасаду прафэсара грамадзянскага права ў Ляйпцыгскім унівэрсытэце. У 1848 годзе Момзэн бярэ ўдзел у Саксонскім паўстаньні, за гэта пазбаўляецца катэдры, і ў 1852 г. адпраўляецца ў Цюрых, дзе пачынае фундамэнтальную працу па гісторыі Рыма, якая, нягледзячы на свой строга навуковы характар, была разьлічана на шырокае кола чытачоў.
Першы том «Рымскай гісторыі» (Romische Geschichte) выйшаў у 1854, калі Момзэн вяртаецца ў Нямеччыну на пасаду прафэсара ўнівэрсытэту ў Брэслау, у Прусіі. У тым жа годзе гісторык узяў шлюб з Марыяй Раймер, дачкой гандляра кнігамі, ад шлюбу зь ёй было 16 дзяцей. Першыя 3 тамы «Рымскай гісторыі» (2-і і 3-ці выйшлі ў 1855 і 1856) ахопліваюць гісторыю Рыма ад яго заснаваньня да 46 да н.э., калі Гай Юліюс Цэзар нанёс паражэньне войскам сэнату ў Паўночнай Афрыцы. Гэтая праца, якая вылучаецца вывастранай мовай і энцыкляпэдычнымі ведамі ў гісторыі і культуры Старажытнага Рыма, прынесла Момзэну сусьветную славу. Для таго каб надаць сваёй працы жвавасьць, выпукласьць, Момзэн часта параўноўвае рымскіх палітыкаў з палітыкамі XIX ст. Хоць некаторыя адкрыцьці вучонага ў сьвятле пазьнейшых дасьледаваньняў састарэлі, «Рымская гісторыя» дагэтуль лічыцца значным унёскам у гісторыю і літаратуру.
Момзэн плянаваў напісаць і 4-ы том, прысьвечаны гісторыі рымскіх імпэратараў, аднак гэты плян так і ня быў увасоблены ў жыцьцё — гісторык разумеў, што чацьвёрты том будзе саступаць па ўзроўні першым тром. Дасьледаваньне Момзэна «Рымскія правінцыі. Ад Цэзара да Дыяклетыяна» (Die Provinzen, von Caesar bis Diocletian), якое ахоплівае тры першых стагодзьдзі гісторыі Рыма, было апублікавана ў 1885 у якасьці пятага тому «Рымскай гісторыі».
У 1858 Момзэн атрымаў катэдру рымскай гісторыі Берлінскага ўнівэрсытэта і жыве ў Бэрліне да канца жыцьця. Навуковец абіраецца чальцом Прускай акадэміі навук, падтрымка якой дазволіла яму працягнуць працу над «Corpus Inscriptionum ». Усе гэтыя гады Момзэн працягвае актыўна займацца палітычнай дзейнасьцю. У 1863—1866 і 1873—1879 ён прадстаўляе ў прускім парлямэнце Прагрэсіўную партыю, а пасьля, як Бісмарк аб’яднаў незалежныя нямецкія дзяржавы ў адзіную Нямецкую імпэрыю, становіцца дэпутатам райхстагу, дзе выступае супраць унутранай палітыкі Бісмарка, а таксама супраць антысэмітызму, шырока распаўсюджанаму ва ўнівэрсытэцкім асяродзьдзі.
У 1871—1888 Момзэн выпускае 3-тамовае дасьледаваньне «Рымскае канстытуцыйнае права» (Romisches Staatsrecht), дзе кадыфікуе юрыдычную сыстэму, якая ляжыць у аснове Рымскай канстытуцыі, і аналізуе яе ў кантэксьце гісторыі Рыма. Усьлед за «Канстытуцыйным правам» у 1899 выйшла «Рымскае крымінальнае права» (Romisches Strafrecht).
Як сьведчаць сучасьнікі, Момзэн быў выдатным лектарам, у дасьледчай працы яму дапамагалі студэнты, якім ён у сваю чаргу таксама аказваў падтрымку.
У 1902 адным з найбольш відавочных кандыдатаў на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі па літаратуры быў Леў Талстой, аднак яго погляды былі непрымальныя для Нобэлеўскага камітэта, у сувязі з чым было вырашана пашырыць умовы конкурсу і разглядаць ня толькі літаратурныя, але і гістарычныя творы. У выніку прэмія была прысуджана Момзэну, "аднаму з найвялікшых гістарычных пісьменьнікаў, пяру якога належыць такая манументальная праца, як «Рымская гісторыя». У сваёй віншавальнай прамове С. Д. Вірсэн, сябар Швэдскай акадэміі, аддаў належнае ня толькі шырокім ведам Момзэна, але і яго бліскучаму стылю. Гісторык, якому было ўжо 85 гадоў, Нобэлеўскай лекцыі ня чытаў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Theodor Mommsen // Nationalencyklopedin (шв.) — 1999.
- ^ а б Th. Mommsen // KNAW Past Members (анг.)
- ^ Theodor Mommsen // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ а б Моммзен Теодор // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.
- ^ а б www.accademiadellescienze.it (італ.)
- ^ http://penelope.uchicago.edu/Thayer/E/Gazetteer/People/Theodor_Mommsen/Britannica_1911*.html
- ^ http://www.cep911.com/tag/theodor-mommsen-wikipedia
- ^ Лявонава Е. Прызнаны найлепшымі: Нобелеўская прэмія, яе гісторыя і лаўрэаты // Роднае слова. — 2001. — № 6. — С. 98—102.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — ISBN 985-11-0169-9
- Моммзен (Mommsen) Теодор // Лауреаты Нобелевской премии: Энциклопедия: Пер. с англ. — М.: Прогресс, 1992.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТэадор Момзэн — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Гэта — накід артыкула пра пісьменьніка альбо пісьменьніцу. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |