Швэдзкая акадэмія
Швэдзкая акадэмія (па-швэдзку: Svenska Akademien) — адна з каралеўскіх Швэдзкіх акадэміяў, заснаваная Густавам III у 1786 годзе. Гэта нацыянальны аналяг Францускай акадэміі, створаны паводле яе ўзору. Швэдзкая акадэмія складаецца з абмежаванай колькасьці месцаў (іх менш, чым у Францыі — ня 40, а 18), якія займаюцца пажыцьцёва вядомымі швэдзкімі пісьменьнікамі, навуковымі, грамадзкімі дзеячамі, чые творы лічацца ўзорнымі; для літаратара сяброўства ў Швэдзкай акадэміі — найвышэйшы нацыянальны прэстыж. Асноўны занятак Акадэміі — нармаваньне швэдзкай мовы, ці, як сфармулявана афіцыйна гэтая мэта — захоўваць «чысьціню, моц і тонкасьць швэдзкае мовы» (Svenska Språkets renhet, styrka och höghet). Дэвіз акадэміі — «Талент і густ» (Snille och Smak).
Акадэмія выдае два нарматыўныя слоўнікі: «Швэдзкі акадэмічны словасьпіс» (Svenska Akademiens ordlista у адным томе, перавыдаваўся неаднаразова) і шматтомны «Швэдзкі Акадэмічны слоўнік» (Svenska Akademiens ordbok). Праца над апошнім пачата ў 1898 годзе. Па стане на кастрычнік 2014 году праца дайшла да слова «vedersyn». Плянуецца, што цалкам праца над ім будзе завершана ў 2017 годзе.
З 1901 году штогод Швэдзкая акадэмія па завяшчаньні Альфрэда Нобэля прысуджае Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Гэта адменная роля вось ужо больш за стагодзьдзе робіць Швэдзкую акадэмію, якая да таго была прыкметнай установай толькі ў маштабе краіны, адной з найбольш уплывовых літаратурных сілаў у сьвеце. Разам з тым, на яе долю прыпадае і ўся тая крытыка, якую сустракае гэтая прэмія.
Глядзіце таксама
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьШвэдзкая акадэмія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў