Тамаза Кампанэльля
Тамаза Кампанэлльля (па-італьянску: Tommaso Campanella; 5 верасьня, 1568 — 21 траўня, 1639), у хросьце Джаваньні Дамэніка Кампанэльля — італьянскі філёзаф, тэоляг, астроляг і паэт. Адзін зь першых прадстаўнікоў утапічнага сацыялізму.
Тамаза Кампанэльля | |
Tommaso Campanella | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Giovanni Domenico Campanella |
Нарадзіўся | 4 верасьня 1568[1] Калябрыя, Італія |
Памёр | 21 траўня 1639[1][2][3][…] (70 гадоў) Парыж, Францыя |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | філёзаф, тэоляг, астроляг, паэт |
Кірунак | гуманізм, утапізм |
Мова | лацінская мова і італьянская мова[4] |
Дэбют | Philosophia sensibus demonstrata, 1592 |
Творы на сайце lib.ru (рас.) |
Нарадзіўся ў Калябрыі ў паўднёвай Італіі. Сын беднага й непісьменнага шаўца. У малым узросьце ўступіў у Ордэн дамініканаў пад мянушкай фра’Тамаза ў гонар Тамаша Аквінскага. Вывучаў тэалёгію й філязофію. Пад уплывам эмпірычнай філязофіі Бэрнардына Тэлезіё (1509—1588), які сьцьвярджаў, што ўсе рэчы ў прыродзе надзелены пачуцьцём, і што чалавечы досьвед складаецца выключна на пачуцьцёвай аснове, Кампанэльля піша свой першы твор Philosophia sensibus demonstrata («Філязофія ўвасобленая ў пачуцьцях»), апублікаваная ў 1592.
У Нэапалі ён пазнаёміўся з астралёгіяй. Астралягічныя спэкуляцыі стануць пастаяннай характэрнай рысай яго твораў. Ерэтычныя погляды Кампанэльля прывялі яго да сутыкненьня з царкоўнымі ўладамі. Па даносу ў Інквізыцыю яго выклікаюць у суд, дзе яго прысуджаюць да хатняга зьняволеньня ў кляштары да 1597 году.
Пасьля свайго вызваленьня Кампанэльля вяртаецца ў Калябрыю, дзе яго абвінавачваюць як распрацоўшычка таемнае змовы супраць гішпанскае ўлады ў яго родным мястэчку Стылё. Ідэяй Кампанэльля было стварэньне грамадзтва па прынцыпу агульнай маёмасьці. За аснову сваіх поглядаў ён браў прароцтвы Ёахіма Флорскага й свае ўласныя астралягічныя назіраньні, у выніку якіх ён прадказаў надыход веку сьвятога Духа ў 1600 г. Будучы здраджаным двумя сваімі хаўрусьнікамі, Кампанэльля быў схоплены й неўзабаве зьняволены ў Нэапалі. Прыкідваючыся звар’яцелым, ён здолеў пазьбегнуць сьмяротнага пакараньня, але быў асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне.
Кампанэльля правёў у турме 27 год. На працягу адбываньня свайго тэрміну ён піша свае выбітныя творы: «Манархія Гішпаніі» (An monarchia Hispanorum, 1600), «Палітычныя афарызмы» (Aforismi politici, 1601), «Atheismus triumphatus» (Пераможны атэізм, 1605-1607), «Quod reminiscetur» (1606), «Metaphysica» (1609—1623), «Theologia» (1613—1624), і свой найвыбітнейшы твор «Горад Сонца» (у арыгінале напісаны па-італьянску ў 1602; апублікаваны на лаціне ў Франкфурце (1623) і пазьней ў Парыжы (1638)).
Зрэшты, з дапамогай папы рымскага Урбана VIII, які заступаўся ад імя Філіпа IV, Кампанэльля быў вызвалены ў 1626 г. Па вяртаньні ў Рым, ён цалкам рэабілітаваўся толькі ў 1629, дзе жыў яшчэ пяць год.
Тым ня менш, новаарганізваваная спроба дзяржаўнага перавароту, узначаленая аднім зь яго мінулых пасьлядоўнікаў, пагражала Кампанэльля новымі праблемамі. З дапамогай усё таго ж папы Урбана VІІІ, ён зьбег у Францыю, дзе быў ветліва сустрэты пры двары Людовіка XIII. Зьяўляючыся пратэжэ кардынала Рышэльё й узнагароджаны шчодрай грашовай пэнсіяй, ён правёў астатак свайго жыцьця ў кляштары Сэнт-Анорэ ў Парыжы. Яго апошняй працай была паэма ў гонар нараджэньня Людовіка XIV (Ecloga in portentosam Delphini nativitatem).
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьТамаза Кампанэльля — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |
- ^ а б Firpo L. CAMPANELLA, Tommaso // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 1974. — Vol. 17.
- ^ Tommaso Campanella // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Tommaso Campanella // Інтэрнэт-база зьвестак фантастыкі (анг.) — 1995.
- ^ Campanella, Tommaso // CONOR.SI