Сіма Матавуль
Сіма Матавуль (па-сэрбску: Симо Матавуљ/Simo Matavulj; 14 верасьня 1852, Шыбэнік — 20 лютага 1908, Бялград) — сэрбскі пісьменьнік-рэаліст. Аўтар апавяданьняў з жыцьця Далмацыі, Чарнагорыі і Бялграду, а таксама двух раманаў — «Bakonja fra Brne» і «Uskok».
Біяграфія
рэдагавацьПасьля навучаньня ў Шыбэніку і Задары настаўнічае па далмацкіх вёсках і ў Герцэг Новым. У 1881 годзе пераяжджае ў Чарнагорыю. Некалькі месяцаў правёў у Парыжы. Потым перасяляецца ў Сэрбію, дзе выкладае ў гімназіі і чыноўнічае. У Бялградзе правёў рэшту жыцьця. Быў сябрам Сэрбскай каралеўскай акадэміі.
Аўтар каля сямідзесяці апавяданьняў і навэляў, двух раманаў і некалькіх тамоў падарожных нататак, успамінаў і літаратурных артыкулаў рознага зьместу. Самы значны ягоны твор такога кшталту — «Биљешке једног писца». Напісаў дзьве драмы — «3авјет» і «На слави». Займаўся перакладам, перадусім з францускай.
Матавуль пачаў пісаць у сталым узросьце. Быў адным з самых адукаваных эўрапейскіх пісьменьнікаў. Цікавіўся філязофіяй і гісторыяй.
Да зьяўленьня Сімы Матавуля ў сэрбскай літаратуры пераважалі расейскія, вугорскія і нямецкія літаратурныя ўплывы. Зь ім пачынае адчувацца раманскі ўплыў, перш за ўсё францускі.
Як празаік вылучаецца вострым і цьвярозым сьветабачаньнем, здольнасьцю заўважаць характэрныя рысы пэрсанажаў і сытуацыяў.