Сярэдняя Прыпяць
Ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Сярэдняя Прыпяць» — прыродаахоўчая тэрыторыя, якая месьціцца на тэрыторыях Столінскага, Пінскага, Лунінецкага раёнаў Берасьцейскай вобласьці і Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласьці.
Апісаньне
рэдагавацьЗаказьнік быў створаны пастановай Савету Міністраў ад 19 ліпеня 1999 году па месцы заказьнікаў «Вусьце Лані», «Нізоўе Ясельды», «Нізоўе Случы»[1]. Поўная назва — Рэспубліканскі ляндшафтны заказьнік «Сярэдняя Прыпяць». Плошча складае 90 447 га[1]. Месьціцца ў сярэдняй пойме ракі Прыпяць. Каардынаты: 52°15 N 27°00 E[2]. Міжнародны статус аховы: ТВП утворана ў 1998 годзе (код — BY017, крытэрыі А1, А4, В1, В2, В3). Рамсарскае ўгодзьдзе заснавана ў 2001 годзе (крытэрыі 1а, 1 с, 2а, 3а, 3 с, 4b).
Гаспадарчая дзейнасьць чалавека
рэдагавацьНа 64% тэрыторыі заказьніка вядуць сваю гаспадарку 34 калгасы. Асноўныя віды выкарыстаньня: сенакосы, выпас жывёлы (каля 14% плошчы), на мінэральных астравах вядзецца распашка зямель. 27% тэрыторыі заказьніка выкарыстоўваецца пад мэты лясной гаспадаркі.
У пойме Прыпяці захавалася бортніцтва. Акваторыя ракі выкарыстоўваецца для суднаходзтва.
Флёра
рэдагавацьКаля 92% тэрыторыі складаюць плошчы, занятыя натуральнай расьліннасьцю. На тэрыторыі заказьніка шмат пойменных лясоў і лугоў. Сярод лясоў пераважаюць чорнаалешнікі і дубравы. На тэрыторыі заказьніка можна знайсьці ўсе тыпы лугоў: ад вельмі забалочаных да сухіх, якія па структуры набліжаюцца да стэпаў. У пойме таксама прысутнічаюць тыповыя нізінныя балоты, якія ствараюць біятопы, што знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня ў Эўропе. Самыя вялікія балоты сканцэнтраваныя ў вусьцях рэк Ясельда і Стыр, якія зьяўляюцца прытокамі Прыпяці.
На тэрыторыі заказьнікі растуць 725 відаў расьлінаў, зь іх 11 відаў занесеныя ў Чырвоную кнігу.
Фаўна
рэдагавацьНа тэрыторыі заказьніка добрыя ўмовы для падтрыманьня колькасьці рэдкіх каляводных сысуноў. Тут сустракаюцца 16 відаў земнаводных і паўзуноў, сярод якіх: балотная чарапаха, звычайная квакша, чаротная рапуха.
На плошчы заказьніка «Сярэдняя Прыпяць» сустракаецца 37 відаў рыб, якія жывуць у Прыпяці і азёрах-старыцах. Адзначана 182 віды птушак, 52 зь якіх занесены ў Чырвоную кнігу, а 5 — пад глябальнай пагрозай зьнікненьня: вяртлявая чаротаўка, вялікі арлец Aquila clanga, драч, дубальт, белавокі нырэц і гусі-піскулькі. 155 відаў птушак адзначаны пры гнездаваньні, 39 зь якіх знаходзяцца пад аховай.