Паўстаньне Юр’евай ночы

Паўстаньне Юр’евай ночы (1343—1345па-эстонску: Jüriöö ülestõus) — найбуйнейшы ў Сярэднявеччы выступ эстаў за вызваленьне краіны ад нямецка-дацкага іга. Паўстаньне пачалося 23 красавіка 1343 і адзначылася вынішчэньнем нямецкага насельніцтва, пасьля чаго пачалося такое ж жорсткае здушэньне сіламі Тэўтонскага ордэну. У выніку Эстляндыя выйшла з-пад улады Даніі і трапіла пад кантроль ордэну.

Паўстаньне Юр’евай ночы
Паўночныя крыжовыя паходы
Мапа Лівоніі перад паўстаньнем
Дата: 1343—1345
Месца: Дацкая Эстляндыя, Эсэль-Віцкае біскупства
Прычына: прыгнёт нямецкіх і дацкіх фэўдалаў
Вынік: параза паўстанцаў
Тэрытарыяльныя
зьмены:
анэксія Эстляндзкага княства Тэўтонскім ордэнам
Супернікі
Рэваля
Хар’юмаа
Раталія
Віронія
Эзэль
Тэўтонскі ордэн
Лівонскі ордэн
Данія
Камандуючыя
?Бурхард фон ДрайлебэнБэртрам фон Парэмбэке (1343)
Стыгат Адэрсан (1344—1346)

Тым ня меней, гэтая падзея прадэманстравала імкненьні эстонцаў супрацьстаяць крыжакам дзеля захаваньня ўласнае мовы і культуры.

Крыніцы рэдагаваць

Крыніцы эстонскага паходжаньня пра паўстаньне адсутнічаюць. Асноўныя крыніцы, тры хронікі, нямецкага паходжаньня, але і яны дайшлі да нас не ў арыгінале.

Найбольш падрабязныя зьвесткі пра паўстаньне дае гэтак званая Лівонская малодшая рыфмаваная хроніка: яе аўтар Барталамей Гунэке быў сучаснікам падзей, займаў нейкую пасаду (найверагодней, сьвятарскую) пры ордэнскім фогту ў Ярвэ і быў добра інфармаваны. Гунэке характарызуе паўстаньне як палітычны рух, скіраваны на поўнае зьнішчэньне нямецкага прыгнёту і самых немцаў у Эстоніі. Але ягоная хроніка дайшла да нас толькі ў пераказе хронікі Ягана Рэнера, які ў XVI стагодзьдзі быў службоўцам Ордэна і, як лічыцца, значна адрэдагаваў паведамленьні Гунэке пра падзеі 1343 г.

Другая значная крыніца — «Хроніка Лівоніі» Германа Вартбэрга, капэляна пры магістры Лівонскага ордэна ў 2-й пал. XIV стагодзьдзя, які скончыў сваю Хроніку ў 1378 г. і адлюстроўваў у ёй погляд Ордэна на паўстаньне. Вартбэрг апраўдвае дзеяньні Ордэна, паказваючы паўстаньне як крывавы бунт адкінуўшых хрысьціянства паганцаў.

Трэцяя крыніца — рыфмаваная хроніка Віганда Марбурскага, складзеная ў канцы XIV стагодзьдзя, у ёй найболей каштоўныя зьвесткі пра карную ордэнскую апэрацыю ўвосень 1343 г. Віганд бачыў паўстаньне як сялянскае, прычынаю якога было цяжкае сацыяльна-эканамічнае становішча сялянаў у дацкіх уладаньнях у Эстоніі. Але з «Хронікі Віганда» ў арыгінале да нас дайшла нязначная частка, у асноўным яна вядомая з лацінскага перакладу сярэдзіны XV стагодзьдзя.

З рускіх крыніц пра паўстаньне згадвае толькі Наўгародзкі Першы летапіс, пскоўскія летапісы абмежаваліся апісаньнем паходу пскавічоў супраць Дэрпцкага біскупства ўлетку 1343 г.

Прычыны рэдагаваць

Як вядома, немцы ва Ўсходняй Прыбалтыцы, падпарадкаваўшы ліваў і летаў, у 1208 року пачалі актыўныя дзеяньні супраць эстаў. Сустрэўшы моцны супраціў, а таксама дапамогу ім з боку рускіх, рыскі біскуп Альбэрт, спадзеючыся замацавацца на поўдні Эстоніі, заклікаў да дзеяньняў на поўначы Эстоніі дацкага караля Вальдэмара II. Датчане авалодалі трыма паўночнымі раёнамі краіны — паветамі Равеля, Хар’ю і Віру. Але ў 1227 дацкія ўладаньні ў Эстоніі былі акупаваныя немцамі і толькі ў 1238 вернутыя датчанам праз пасярэдніцтва Папы рымскага.

За 1227—1238 рокі большая частка земляў была раздадзеная васалам нямецкага паходжаньня, якія да 1238 складалі звыш 80% ад агульнай колькасьці васалаў у раёнах, якія вярталіся Даніі. Карпаратыўная супольнасьць нямецкіх васалаў у дацкіх уладаньнях была мацнейшай, чым у іншых частках Прыбалтыкі, тымчасова як улада дацкага караля тут была амаль намінальнай, таму фактычна ўлада ў рэгіёне належала нямецкіх фэадалам. Гэты факт трэба браць пад увагу пры разглядзе прычын паўстаньня.

З 1270—1280-х пачалося прымусовае адчуджэньне васаламі сялянскіх земляў пад маёнткі, а таксама павелічэньне сялянскіх павіннасьцей, у тым ліку паншчыны — з-за гэтага ўзмацніўся антаганізм паміж немцамі-землеўласьнікамі і эстамі-сялянамі. У параўнаньні з заможнасьцю эстаў у пачатку XIII стагодзьдзя, паводле Генрыха Латвійскага, да сярэдзіны XIV стагодзьдзя яны былі загнаныя ў жабрацкія і паднявольныя ўмовы існаваньня.

Хрысьціянства, хоць і было праведзенае за сто рокаў ад заваёвы датчанамі земляў эстаў, аднак прапаведавалася на чужой для народу мове, а таму збольшага таксама было сымбалем нямецкага гнёту. Пры гэтым у народзе на памяці былі паданьні пра колішнюю самастойнасьць і паўстаньні супраць немцаў.

Падрыхтоўка рэдагаваць

Паўстаньне не было стыхійным, а стала вынікам эсцкага руху, ініцыятары якога спачатку накіравалі скаргу дацкаму каралю, дзе прасілі абароны ад гнёту дацкіх васалаў-немцаў, кажучы каралю, што сялянам-эстам ужо «лепей памерці, чым працягваць нікчэмнае існаваньне пад гэткім ярмом», бо немцы «гвалцілі іхніх жонак і дачок, атрымалі маёмасьць і саміх заводзілі ў рабства». Аднак паслы эстаў былі затрыманыя службоўцамі Ордэна. Таксама сяляне-эсты дацкіх уладаньняў у Эстоніі зьвярталіся са скаргай на васалаў-немцаў да магістра Лівонскага ордэна, але і гэты зварот да вышэйшай улады не меў выніку. Верагодна, пасьля гэтага пачалася падрыхтоўка да ўзброенага паўстаньня. Мэтай паўстаньня было поўнае фізычнае зьнішчэньне немцаў у Эстоніі; пад лёзунгам «Сьмерць немцам!» яно і праходзіла. Ініцыятары паўстаньня пасьля зьвярнуліся па дапамогу да швэдзкіх фогтаў у Аба і Выбаргу, што на фінскім беразе, бо вядома, што Швэцыя даўно мела пляны на Эстонію. Таксама 2 паслы эстаў былі дасланыя да Пскова. Сам пачатак паўстаньня быў прымеркаваны да часу, калі войскі Ордэна былі занятыя аблогай пскоўскага прадмесьця Ізборску. Паміж сабою эсты абралі 4 кіраўнікоў.

Першымі паўсталі эсты павету Хар’ю, да іх далучыліся сяляне суседняга павета Ляянэмаа, а праз тры месяцы эсты на востраве Эзэль. Насельніцтва гэтых рэгіёнаў мела вядучую ролю і ў мінулых паўстаньнях. Пра ўдзел у паўстаньні насельніцтва іншых раёнаў з крыніц невядома, але паводле ўскосных сьведчаньняў, да паўстаньня далучыліся эсты з павету Віру, што ў дацкіх уладаньнях, і паветаў Ярва і Вільяндымаа, што ва ўладаньнях Ордэна. Такім чынам, паўстаньне ахапіла ўсю Эстонію за выняткам тэрыторыі Дэрпцкага біскупства на паўднёвым усходзе краіны.

Хада паўстаньня рэдагаваць

Пачатак рэдагаваць

 
Падзіскі кляштар

Паўстаньне пачалося па сыгнале — запаленай хаце на адным з узгоркаў у павеце Хар’ю ў ноч 23 красавіка 1343 року (веснавы Юр’я). Адначасова паўсталі эсты ў мацерыковай частцы Ляянэ-Саарэмааскага біскупства, то бок у павеце Ляянэмаа. Паводле «Лівонскай малодшай рыфмаванай хронікі», паўстанцы адмовіліся ад хрысьціянства, перахрысьцілі цалкам Хар’ю. Маёнткі, малыя замкі, цэрквы і капліцы былі спаленыя, трапіўшыя ў рукі паўсталых немцы — забітыя; у зьнішчэньні немцаў, нягледзячы на пол і ўзрост, удзельнічалі і жанчыны. Сярод іншых быў спалены цыстэрцыянскі Падзіскі кляштар і забітыя 28 ягоных манахаў.

Пасьля пачатковага посьпеху эсты абралі сабе чатырох каралёў, зь якімі на чале пачалі аблогу найважнейшага цэнтру Эстляндыі — Рэўля. У аблозе прымалі ўдзел больш за 10 тысячаў чалавек (паводле Наўгародзкага Першага летапісу (НПЛ) — 14 тысячаў). У павеце Ляянэмаа паўсталыя трымалі ў аблозе места Хаапсала.

У першай бітве пад Рэвелем эсты разьбілі рыцараў. Аднак, непакоячыся пра тое, што неўзабаве немцы і датчане зьбяруцца з сіламі пасьля першае неспадзяванкі, кіраўнікі паўстаньня накіравалі запыты на дапамогу да швэдзкіх баліваў у Вобу (Обу) і Выбаргу. У выпадку атрыманьня дапамогі яны паабяцалі аддаць Рэвель пад уладу швэдзкага караля. Балівы паабяцалі сабраць войска і пераправіцца ў Эстляндыю[1].

Распаўсюд паўстаньня рэдагаваць

Празь некалькі дзён хрысьціянства было адкінутае ў Раталіі, дзе паўстанцы таксама замардавалі ўсіх немцаў. Тут эсты пачалі аблогу Хапсалы, рэзыдэнцыі Эзэль-Віскага біскупа. Паводле Рэнэравай вэрсіі «Малодшае рыфмаванае хронікі», у Раталіі былі забітыя 1800 немцаў[2]. Герман фон Вартбэрг і Бальтазар Русаў прыкладна такую ж колькасьць забітых (1800—2000) налічваюць у Хар’і альбо Хар’і і Віроніі разам[3]

Забойства чатырох каралёў рэдагаваць

 
Руіны Пайдзкага замку

Ацалелыя пасьля вынішчэньня немцы былі бездапаможныя, адно схаваліся ў замку Вайсэнштайн і зьвярнуліся па дапамогу да Ордэна. Гэты зварот быў на руку Ордэну, каб пад відам узнаўленьня законнага парадку заняць Дацкую Эстонію, таму магістар хутка адгукнуўся, пагатоў Ордэн мог непакоіць магчымы распаўсюд паўстаньня і на свае ўладаньні.

Аднак ордэнскія войскі былі занятыя аблогай Ізборска. Дык каб выйграць час, магістар Бурхард фон Драйлебэн прапанаваў кіраўнікам паўстаньня прыйсьці на перамовы да 4 траўня 1343 року ў ордэнскі замак Вайсэнштайн, што стаяў побач з раёнам паўстаньня і быў важнай крэпасьцю і фарпостам Ордэна на поўначы Эстоніі. Ён таксама паабяцаў забыць старыя крыўды і ўсталяваць з эстонскім народам добрыя стасункі[4]. Кіраўнікі паўстаньня прынялі гэтую прапанову перамоваў і накіраваліся ў Вайсэнштайн толькі з 3 праважатымі. Матывы гэтага неабачлівага кроку кіраўнікоў паўстаньня цяжка растлумачыць, магчыма яны таксама цягнулі час, каб дачакацца швэдзкага дапаможнага войска.

Бурхард фон Драйлебэн зьняў аблогу Ізборска і разам з войскамі Ордэна, Дэрпцкага біскупства і Рыскага арцыбіскупства прыбыў у Вайсэнштайн. Акрамя яго, тут сабралася мноства іншых высокапастаўленых сяброў Ордэна, а таксама талінскі біскуп. Тымчасова, нягледзячы на замірэньне, да поўначы ад Вайсэнштайна адбылася атака атрада мясцовага ордэнскага фогта на лягер эстаў, у якой апошнія страцілі 300 чалавек забітымі.

Перамовы ў Вайсэнштайне пачаліся 4 траўня 1343 року. Каралі эстаў заявілі, што калі б магістар Ордэну навёў парадак і ўзяў эстаў пад сваю ўладу, то яны згадзіліся б яму падпарадкавацца, але немцаў яны цярпець больш ня могуць (тут яны, відаць, мелі на ўвазе немцаў дацкіх васалаў), хоць напраўдзе не хацелі б мець над сабою гаспод. Гатовасьць кіраўнікоў падпарадкавацца Ордэну выглядае дзіўна, магчыма, гэтым яны толькі хацелі пазьбегнуць умяшальніцтва Ордэна ў хаду паўстаньня.

Аднак магістра цікавіла, чаму бязьлітасна забіта столькі немцаў, у тым ліку малых і старых. Адзін з кіраўнікоў паўстанцаў адказаў, што немцы так доўга і жорстка прыгняталі эстаў, што яны болей ужо не маглі цярпець. Тады магістар запытаўся, за што былі забітыя манахі Падзіскага кляштару. Кіраўнікі адказалі, што і гэтыя манахі заслужылі сьмерці і наогул, любы немец, хаця б і ростам у локаць, заслугоўвае сьмерці. Бурхард фон Драйлебэн заявіў, што ня можа пакінуць масавыя забойствы без пакараньня, аднак і эстонскія пасланцы мусяць захаваць уласную свабоду. Тым ня меней, магістар загадаў трымаць чатырох каралёў у замку да свайго вяртаньня з паходу супраць эстонцаў.

Абураныя паўстанцы падчас канваяваньня іх да месца затрыманьня аказалі супраціў свайму затрыманьню і ў баі, паводле Гунэке-Рэнэра, былі парубленыя на кавалкі. Аднак шматлікія гісторыкі абвяргаюць гэтую вэрсію і лічаць, што сапраўднай прычынай перамовай акурат і была ліквідацыя лідараў паўстанцаў, а афіцыйная вэрсія інцыдэнту — толькі нягеглая спроба апраўдаць забойства паслоў тэўтонцамі[5]

Здушэньне паўстаньня на кантынэнце рэдагаваць

Бітва пад Канавэрэ рэдагаваць

Пасьля гэтага магістар павёў войскі да абложанага паўсталымі Таліна. На шляху немцы мелі некалькі сутычак з атрадамі эстаў, высланымі насустрач з лягеру паўсталых пад Талінам.

11 траўня 1343 вялікі аддзел эстаў, высланы насустрач рыцарам, быў перахоплены нямецкай кавалерыяй пад Канавэрэ. Падчас бітвы паўстанцы прадпрынялі тактычны адыход у Канавэрскае балота, дзе рыцары не маглі змагацца на конях і вымушаныя былі сьпешыцца. Тым ня меней, балота было ня надта вялікае, і колькасна большы аддзел Ордэна здолеў узяць у атачэньне паўстанцаў. У баі аддзел эстаў колькасьцю 1,5 тыс. быў цалкам зьнішчаны, шлях да Таліна быў адкрыты. 14 траўня 1343 року войскі магістра былі ўжо за 1 мілю ад Таліна.

Бітва пад Сыямяэ рэдагаваць

З досьведу бітвы пад Канавэрэ магістар Ордэну намагаўся пазьбегнуць сутычкі з галоўнамі сіламі паўстанцаў, што стаялі на ўзгорку паміж возерам і балотам, дзе цяжкая кавалерыя страціць тактычную перавагу. Таму ён адаслаў фогтаў Вендэна і Трэйдэна да эстаў дзеля перамоваў, нібыта пагадзіўшыся на іхнюю прапанову васалітэту без нямецкіх землеўласьнікаў-лэндлордаў. У той самы час магістар паставіў ордэнскаму авангарду задачу абысьці эстаў, каб адрэзаць іх ад балота.

14 траўня, пасьля таго, як паслы вярнуліся са згодаю эстаў на прапанову, магістар павёў рыцараў у бой. У змаганьні з кавалерыяй паўстанцы страцілі 3 тыс. забітымі, астатнія былі расьсеяныя. Эсты пацярпелі пад Талінам поўную паразу. Верагодна, ролю мела і страта кіраўнікоў. Месца бітвы стала вядомае як Сыямяэ, або Баявы пагорак.

Прыбыцьцё дапамогі паўстанцам рэдагаваць

Дацкія ўрадоўцы з Талінскага замку, прыбыўшы ў лягер магістра, папярэдзілі пра чаканае прыбыцьцё запрошаных эстамі швэдзкіх войскаў, якія раней ужо захапілі некаторыя дацкія ўладаньні ў Скандынавіі. Асьцерагаючыся хуткае дапамогі паўстанцам, урадоўцы заключылі з магістрам дамову, паводле якое ўсе дацкія ўладаньні ў паўночнай Эстоніі былі перададзеныя пад абарону Ордэна. У талінскім замку быў разьмешчаны ордэнскі гарнізон на чале зільяндзіскага комтура Госьвіна фон Герыке, які быў прызначаны часовым штатгальтэрам дацкіх уладаньняў у Эстоніі.

18 траўня 1343 на талінскі рэйд прыбыў выбарскі фогт Яган Гатаесан, а днём пазьней — абускі фогт Дан Ніглісан, але было ўжо позна. Часовы штатгальтэр Госьвін фон Герыке перашкодзіў высадцы швэдаў і паведаміў ім, што эсты разьбітыя, а дацкія ўладаньні знаходзяцца пад абаронай Ордэна. Пасьля перамоваў 21 траўня Герыке і швэдзкія фогты дамовіліся пра перадачу канфлікта на суд швэдзкага і дацкага каралёў.

26 траўня 1343 у Дэрпцкае біскупства ўварвалася пскоўскае войска колькасьцю 5000 чалавек. Пскавічы дайшлі да біскупскага замку Одэмпэ, на злучэньне зь імі ішоў атрад эстаў, рэшткі разьбітых пад Талінам, колькасьцю 3-5 тысячаў чалавек. Пра гэты атрад эстаў паведамляе НПЛ. Пскоўскі напад у некаторай ступені адцягнуў сілы немцаў ад задушэньня паўстаньня ў павеце Ляанэмаа. Немцам удалося разьбіць пскавічоў каля Одэмпэ да злучэньня з эстамі, пскавічы змушаныя былі адступіць, злучэньне з эстамі адбылося празь некалькі дзён у ваколіцах памежнага біскупскага замка Вастсэлійна. Пад Вастсэлійнай 1 чэрвеня 1343 адбылася бітва аб’яднанага войска зь немцамі, страты абодвух бакоў былі вялікія. Пскавічы і эсты адступілі на Русь, у немцаў не было сілаў гнацца за імі. Аднак гэты паход пскавічоў ужо нічога ня мог зрабіць, бо лёс паўстаньня быў вырашаны 14 траўня пад Талінам.

У гэты час магістар Ордэна з войскам пайшоў у суседнюю Раталію, каб зьняць аблогу з Хапсалы. Эсты адышлі ад места бяз бітвы і схаваліся ў балотах.

Паўстаньне на Эзэлі рэдагаваць

Увечары 24 ліпеня 1343 року, наконадні дня сьв. Якуба, паўстаньне пачалося і на востраве Эзэль. Эсты адпрэчылі хрысьціняства, адначасова перабілі ўсіх немцаў на востраве і пачалі аблогу замка Пёйдэ — адзінага ўмацаваньня немцаў на востраве. Пасьля 8-дзённай аблогі нямецкі гарнізон капітуляваў пад гарантыю бесперашкоднага выхаду са зброяй, канямі і ўласнымі рэчамі. Аднак на выхадзе эсты пазабівалі немцаў каменьнем. Нямецкая ўлада і самі немцы фізычна на Эзэлі перасталі існаваць — паўсталыя былі ўпэўненыя, што да зімы, калі замёрзнуць пралівы, ім няма чаго баяцца з боку Ордэна, які ня меў свайго флёту.

Карная апэрацыя Ордэна рэдагаваць

Асабліва небясьпечнымі кіраўніцтва Ордэна лічыла эстаў з Хар’ю, галоўных арганізатараў паўстаньня. Лівонскі магістар Бурхард фон Драйлебэн задумаў вынішчыць усіх эстаў, вялікі магістар Людольф Кёніг даў на гэта згоду і паслаў для гэтага з Прусіі ў Лівонію адборнае войска з 700 рыцараў на чале з дасьведчаным кіраўніком, агульная колькасьць войска магла складаць 2-4 тыс. Гэта самая буйная дапамога з Прусіі за ўсю гісторыю злучанага Ордэна.

З прыбылых у канцы верасьня 1343 г. прусакоў невялікая колькасьць засталася ў Рызе, большая частка ўдзельнічала ў карных апэрацыях супраць эстаў — адзін аддзел быў разьмешчаны ў ордэнскім замку Фэлін, другі — у замку Вайсэнштайн; трэці — у Таліне. Усім атрадам, паводле Віганда Марбурскага, была пастаўленая задача ў адзін дзень зьнішчыць эстаў, у тым ліку жыхароў Хар’ю, астравіцянаў і наогул усіх «ворагаў веры». Такім чынам, зьнішчэньне эстаў было задумана Ордэнам у шырокіх маштабах.

Карная апэрацыя ў Хар’ю была праведзеная у 2-й палове лістапада 1343 року пад уласным кіраўніцтвам магістра Бурхарда фон Драйлебэна. Паводле Віганда, немцы зьнішчалі эстаў без разбору полу і ўзросту, забіралі маёмасьць, палілі паселішчы. Эсты ў Хар’ю ўвосені ня мелі ўжо сілаў, каб аказаць актыўны супраціў. Частка эстаў пакінула край, астатнія хаваліся па лясох і балотах. Да таго ж неўзабаве пачаўся голад, бо значная частка палёў зь вясны была не засеяная. Апошнімі палі 2 ўмацаваныя гарадзішчы эстаў Варбаля і Ляанэ (Лёгу), якія немцам удалося ўзяць толькі пасьля працяглай і крывавай аблогі; трапіўшыя ў палон эсты былі пакараныя сьмерцю.

Скончыўшы карную апэрацыю на мацерыку, у сярэдзіне лютага 1344 па лёдзе немцы пераправіліся на востраў Эзэль. Немцы сабралі для гэтага вялікае войска, у тым ліку дапамогу з Прусіі, ліваў, латгалаў і земгалаў, магчыма, агульнай колькасьцю да 20 тысячаў. Для паходаў на астравы заўсёды зьбіралася значнае войска, бо час апэрацыі быў абмежаваны пэрыядам замёрзласьці праліваў. Чакаючы немцаў, эсты на востраве пабудавалі моцную драўляную крэпасьць Пурца. Немцы па дарозе абрабавалі і выпалілі ўсе ваколіцы. У дзень вырашальнага штурму немцы страцілі 500 чалавек, эсты — звыш 2000. Кіраўніка паўстаньня Весэ, які трапіў у палон, катавалі і павесілі. Нягледзячы на посьпех, карная апэрацыя на востраве не была завершаная: баючыся адлігі на пралівах, магістар адвёў войскі на мацярык.

Задушыць паўстаньне на Эзэлі немцы здолелі толькі наступным паходам, увесну 1345 року. Паход быў заплянаваны адначасова зь вялікім паходам прускіх немцаў на Літву, зноў былі сабраныя вялікія сілы, у тым ліку нават мацерыковыя эсты. Цягам 8 дзён карнікі спусташалі Эзэль. Паўстанцы прымушаныя былі здаць зброю, зрыць сваё умацаванае гарадзішча Маасілін і даць немцам закладнікаў. Адцягненьне сілаў Ордэна ў гэты паход, падмануўшы прускіх немцаў, скарыстаў вялікі князь літоўскі Альгерд, які пры падтрымцы мясцовых жыхароў вынішчыў уладаньні Ордэна на поўдні Лівоніі, а таксама ваколіцы Рыгі (гл. Лівонскі паход Альгерда).

Здушыўшы паўстаньне на Эзэлі, немцы пачалі пабудову новых умацаваньняў на востраве. Замест зьнішчанага Пёйдэ жыхары абавязаныя былі пабудаваць на паўночным узьбярэжжы новы замак пад назвай Зонэбург (ням. «замак у адплату»; цяпер Маасаліна), як памяць пра здушэньне паўстаньня. Таксама быў пабудаваны і біскупскі замак Арэнсбург (цяпер Курэсаарэ), які пазьней стаў рэзыдэнцыяй мясцовых біскупаў.

Вынікі рэдагаваць

 
Мапа Лівоніі пасьля продажу Даніяй Ордэну паветаў Хар’ю і Віру

Дацкі кароль Вальдэмар IV зразумеў, што ня мае сіл утрымаць свае заморскія ўладаньні ў Эстоніі, і 29 жніўня 1346 року прадаў паветы Хар’ю і Віру Тэўтонскаму ордэну за 19 000 кёльнскіх марак (4 тоны срэбра). У 1347 Тэўтонскі ордэн перадаў гэтыя правінцыі Лівонскаму ордэну.

Паўстаньне, карная апэрацыя і пераход Хар’ю і Віру да Ордэна мелі значныя сацыяльна-палітычныя наступствы як для васалаў, так і для сялянаў. Ордэн, у адрозьненьне ад дацкага караля, быў моцным і жорсткім гаспадаром. Падчас паўстаньня асабліва пацярпелі дробныя васалы, шматлікія загінулі, астатнія ў выніку зьбяднелі і сышлі з маёнткаў у гарады або наогул зьехалі з краю. Такім чынам, колькасьць фэадалаў у Эстоніі значна зьменшылася. Прэтэнзіі буйных фэадалаў Ордэн жорстка перапыняў. З гэтых прычын неўзабаве фэўдальны стан у Эстоніі сацыяльна зьнівэляваўся і згрупаваўся, зрабіўшыся нават узорам для іншых рэгіёнаў Прыбалтыкі.

Тымчасова эсты зразумелі, што пакуль існуе Ордэн, паўстаньні марныя, хоць паўстаньне Юр’евай ночы заставалася ў памяці эстаў. Да гэтага дадаліся вялікія людзкія страты, асабліва ў паўночных паветах і на Эзэлі. Толькі ў павеце Хар’ю колькасьць загінулых сялянаў перасягнула 30 тысячаў, то бок мясцовае эсцкае насельніцтва тут было цалкам вынішчанае, у 1346 року гэты павет называецца краем спустошаным і ненаселеным.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Bartholomäus Hoeneke: Liivimaa noorem riimkroonika // Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus / Vahtre, Sulev (ed.). — 1960. — С. 79.
  2. ^ Bartholomäus Hoeneke: Liivimaa noorem riimkroonika // Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus / Vahtre, Sulev (ed.). — 1960. — С. 79, 107.
  3. ^ Bartholomäus Hoeneke: Liivimaa noorem riimkroonika // Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus / Vahtre, Sulev (ed.). — 1960. — С. 79, 107, 123.
  4. ^ Bartholomäus Hoeneke: Liivimaa noorem riimkroonika // Tallinn: Eesti Riiklik Kirjastus / Vahtre, Sulev (ed.). — 1960. — С. 81.
  5. ^ Schiemann, Theodor. Russland, Polen und Livland bis ins 17. Jahrhundert. — II Bd.. — Berlin: G.Grote, 1887.

Літаратура рэдагаваць

  • История Эстонской ССР. — Т. 1 С. 238—241.
  • Карамзин Н.М. История государства Российского. — Т. 4 С. 115—116.
  • Круус X. Народные восстания против немцев в Эстонии в 1343—1345 гг. // Исторический журнал. — 1943. — № 7. — С. 37.