Сэданг (каралеўства)

Карале́ўства Сэда́нг (па-француску: Royaume des Sedangs) — віртуальная дзяржава, утвораная ў канцы XIX стагодзьдзя францускім авантурнікам Чарлзам-Мэры Давідам дэ Майрэна на частцы сучаснага Віетнаму.

Каралеўства Сэданг
Royaume des Sedangs
Сьцяг Каралеўства Сэдангу
Сьцяг
Афіцыйная мова сэданг і француская
Сталіца Кон Ганг (Kon Gung)
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Марый I (Чарлз-Мэры Давід дэ Майрэна)
Незалежнасьць 3 чэрвеня 1888 — 11 лістапада 1890

Гісторыя

рэдагаваць

Майрэна, былы францускі ўрадавы службовец з сумніўнай рэпутацыяй, у 1888 годзе быў уладальнікам плянтацыі ў Францускім Індакітаі. Калі кароль Сіяму высунуў тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Францускага Індакітаю, Майрэна пераканаў каляніяльнага адміністратара дазволіць яму адправіцца з групай місіянэраў у экспэдыцыю ў глыб Анаму (Віетнам), для перамоваў зь мясцовымі плямёнамі.

 
Кароль Сэдангу Марый I, 1890

Па прыбыцьці Майрэна пасябраваў з горным племем сэдангаў. 3 чэрвеня 1888 году правадырамі плямёнаў бахнар, рэнгао і сэданг Майрэна быў абраны каралём Каралеўства Сэданг пад імем Марый I. Канчаткова Майрэна замацаваў свае пазыцыі, калі здолеў прадухіліць выбліск чарговай эпідэміі пры дапамозе лекаў, якія апынуліся ў яго. У знак падзякі правадыр племя сэдангов аддаў яму ў жонкі дачку.

Неўзабаве Майрэна адправіўся ў вандраваньне па Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Эўропе, з мэтай знайсьці людзей, якія дапамаглі б яму ўладкаваць каралеўства. Ён наведаў Анам, Ганконг, Вялікабрытанію, Францыю і Бэльгію. Падчас свайго вандраваньня Майрэна шчодра раздаваў тытулы, прысьвячаў у рыцары, узнагароджваў мэдалямі сваіх прыхільнікаў. Ён таксама выпусьціў дзьве сэрыі марак каралеўства.

Вяртаньню Майрэны ў Сэданг перашкодзіў францускі флёт, які блякаваў віетнамскія парты і канфіскаваў яго зброю як кантрабанду ў Сынгапуры. Кароль Марый I памёр 11 лістапада 1890 году на востраве Тыяман (Малайзія) пры загадкавых акалічнасьцях (высоўваліся розныя вэрсіі: атручваньне, укус атрутнай зьмяі або ў выніку паядынку). Пасьля Каралеўства Сэданг было анэксавана Францыяй і яе пратэктаратам Анамам.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Сэданг (каралеўства)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў