Сымон Раманчук

беларускі вайсковец, пэдагог

Сымо́н Раманчу́к (1916; в. Баяры, Слуцкі павет Менскай губэрні, Расейская імпэрыя — 1951, Інта(?)) — беларускі вайсковы і грамадзкі дзеяч, пэдагог. Надлейтэнант БКА, дэсантнік беларускага батальёну «Дальвіц»[1].

Сымон Раманчук
Дата нараджэньня 1916
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 1951
Месца сьмерці
Занятак вайсковы тэарэтык, грамадзкі дзяяч
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Раманчук.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

У 1930-я гады скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у польскую школу падхарунжых.

У Другую сусьветную вайну у верасьні 1939 г. ваяваў супраць немцаў у складзе Войска Польскага. З 1940 г. знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі, акупаванай саветамі і ў родных мясьцінах хаваўся ад НКУС, езьдзіў у Львоў. У часы нямецкай акупацыі працаваў у грамадзянскай адміністрацыі Нясьвіжу. У сакавіку 1944 г. стаў старшым лейтэнантам Беларускай Краёвай Абароны, узначальваў пэрсанальнае бюро пры Галоўным кіраўніцтве БКА. З 1944 знаходзіцца ў Нямеччыне, далучаецца да беларускага батальёну «Дальвіц», у складзе якога ў 1945 годзе дэсантуецца ў Беларусі (паводле іншай вэрсіі летам 1944-га не выяжджаў зь Беларусі).

У 1945 быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі і зьняволены ў менскай турме МДБ. Паводле ўспамінаў афіцэра БКА Ўладзімера Сіўко, Сымон Раманчук у лютым 1946 г. няўдала спрабаваў уцекчы з турмы, пасьля чаго быў страшна катаваны і спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам:

«Ён і былы савецкі партызан Кавалёў, калі іх вялі ў лазьню, аглушылі ахоўніка і пераскочылі празь сьцяну. Ад пагоні ўцекачы схаваліся ў руінах, але сабакі знайшлі іх сьлед. Р. з сябрам адбіваліся ад энкавэдыстаў цэглай і каменьнем…».

Асуджаны на 10 гадоў савецкіх канцлягераў. Этапаваны ў Інцінскі (потым Мінэральны) канцлягер МДБ Архангельскай вобласьці і Комі АССР (Інта) — спачатку знаходзіўся разам з крымінальнымі вязьнямі, а потым быў далучаны да палітычных. У «Мінлагу» пазнаёміўся і сябраваў з Ларысай Геніюш, якая потым пра яго пісала ў сваёй «Споведзі»:

«Наш сьветлы герой, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму і жыў толькі для яе і ёю».

У 1949 г. далучыўся да кіраўніцтва падпольнай шматнацыянальнай арганізацыі (беларусы, палякі і расейцы) у «Мінлагу», якая рыхтавала паўстаньне вязьняў. У 1950 г. у выніку здрады ўсё кіраўніцтва падпольля было арыштаванае.

Паводле некаторых зьвестак, Сымон Раманчук быў асуджаны і расстраляны на Інце ў 1951 годзе.

Літаратура

рэдагаваць
  • Геніюш Л. Споведзь. Мн., 1993; Клімовіч Р. Паўстанне духу // ЛіМ. 1995. 2 чэрв.;
  • Палескі А. [Ёрш С.] За ідэалы 25 сакавіка беларусы змагаліся й у савецкіх канцлагерах // Голас камбатанта. 2001. № 1.
  • Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Уклад. Пятро Казак. — [Б. м. і г. в.]: Голас края;
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.
  • Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах).
  • Успаміны Пётры Рашэтніка (архіў Сяргея Ярша).

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць