Супрасьлеўскі кодэкс

Су́прасьлеўскі ко́дэкс (па-польску: Kodeks supraski, па-славенску: Supraseljski kodeks), Супрасьлеўскі рукапіс, Супрасьлеўскі зборнік, Супрасьлеўская мінэя — помнік раньнеславянскай літаратуры XI стагодзьдзя, найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс, які захаваўся да нашых дзён. Мае памеры 33×25×5 см.

Супрасьлеўскі кодэкс, XI стагодзьдзе
пэргамэнт. 33×25 см
Нацыянальная і ўнівэрсытэцкая бібліятэка Славеніі
Расейская нацыянальная бібліятэка

У 2007 року ЮНЭСКО ўключыла рукапіс у сьпіс «Памяць сьвету»[1].

Апісаньне

рэдагаваць

Кодэкс зьмяшчае мінэю на сакавік, якая перасякаецца з рухомым цыклем Пасхі. Таксама прыведзеныя 24 жыцьці сьвятых, 23 гаміліі і адна малітва, большасьць зь якіх напісаныя або прыпісваюцца Яну Залатавуснаму.

Апублікаваньне

рэдагаваць

284-старонкавы (або 285) кодэкс быў знойдзены ў 1823 канонікам Міхалам Баброўскім ва ўніяцкім базылянскім манастыры ў Супрасьлі (адсюль і назва рукапісу).

Баброўскі ў 1838—1839 адаслаў рукапіс двума часткамі славенскаму філёлягу Ернэю Копітару, каб той апублікаваў яго. Першая частка (118 аркушаў) па Копітаравай сьмерці разам зь іншымі рукапісамі трапіла ў школьную бібліятэку і цяпер захоўваецца ў Нацыянальнай і ўнівэрсытэцкай бібліятэцы ў Любляне.

Другую частку (151 аркуш), якая была адасланая назад, найбольш імаверна набыў вядомы ліноўскі калекцыянэр Уладыслаў Трэмбіцкі[2]. У 1869 року кнігазбор ад ягоных нашчадкаў выкупіў Канстантын Замойскі для сваёй прыватнай бібліятэкі ў Варшаве. У лістападзе 1939 нацысты вывезьлі рукапіс у Бэрлін, аднак дзякуючы намаганьням польскіх бібліятэкараў, а таксама нацысцкага губэрнатара Ганса Франка ў 1941 ён быў вернуты і захоўваўся ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве. Па здушэньні Варшаўскага паўстаньня рукапіс зьнік ізноў і лічыўся страчаным у пажары Блакітнага палацу Замойскіх[2]. Але ў 1967 гэтая частка ўсплыла ў ЗША і ў 1968 была вернутая ў Польшчу, дзе дагэтуль захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве.

Невядомыя акалічнасьці, у якіх 16 са 167 адасланых Баброўскаму аркушаў сталі ўласнасьцю памешчыка Стральбіцкага. У 1856 року гэтая частка выкупленая акадэмікам Афанасіем Бічковым для Публічнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу, дзе захоўваецца да цяперашняга часу.

Кодэкс публікаваўся Франам Міклашычам (Вена, 1851), Сяргеем Севяранавым (Suprasalьskaja rukopisь, Санкт-Пецярбург, 1904) і Ёрданам Заімавым з Марыё Капальдам (Сафія, 1982—1983).

Вывучэньне

рэдагаваць

Супрасьлеўскі кодэкс — самая раньняя і найістотнейшая крыніца па дасьледаваньні славянскіх моваў і альфабэтаў.

260-ы аркуш рукапісу зьмяшчае нататку г(оспадз)і памілуй рэтыка амінь. Некаторыя экспэрты лічаць, што гэта імя перапісчыка, і што тэкст быў скапіяваны зь некалькіх крыніцаў. Дасьледаваньні паказваюць, што прынамсі адна з крыніцаў магла быць глаголічнай (для Епіфанавай «Гаміліі на пахаваньне»).

Вымаўленьне літары «ъ», рэдкія эпэнтэзы, замена ъ на ь перад цьвёрдымі ч, ж, ш і некаторыя іншыя лінгвістычныя прызнакі паказваюць на баўгарскае паходжаньне. Акрамя стараславянскага пачатковага спалучэньня ра*or), у помніку прадстаўленае і спалучэньне ро, што, відавочна, паказвае на заходнеславянскую моўную асаблівасьць: рабъ і робъ, развѣ і розвѣ, равьнъ і ровьнъ.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Codex Suprasliensis – Mineia četia, Mart (The Supraśl Codex – Menology, March) (анг.). UNESCO. Праверана 20 сьнежня 2010 г.
  2. ^ а б Andrzej Kaszlej. Codex Suprasliensis, 11th century Pamięć Polski/ Memory of Poland/ Mémoire de la Pologne. Polish National Commission for UNESCO. Праверана 9 чэрвеня 2012 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Stjepan Damjanović. Slovo iskona. — Zagreb: Matica hrvatska, 2004. — ISBN 953-150-567-5
  • Заимов, Й., М. Капалдо. Супрасълски или Ретков сборник. — София: 1982 Т. 1. — 564 с.
  • Заимов, Й., М. Капалдо. Супрасълски или Ретков сборник. — София: 1983 Т. 2. — 602 с.
  • Marguiles A. Der Altkirchenslavische Codex Suprasliensis. — Heidelberg: 1927.
  • Alexander Schenker. The Dawn of Slavic: An Introduction to Slavic Philology. — New Haven: Yale University Press, 1995. — ISBN 0-30005-846-2

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Супрасьлеўскі кодэкссховішча мультымэдыйных матэрыялаў