Статут Вялікага Княства Літоўскага 1529 году
Стату́т Вялі́кага Кня́ства Літо́ўскага 1529 го́ду, Першы Статут Вялікага Княства Літоўскага — звод законаў фэўдальнага права Вялікага Княства Літоўскага, помнік беларускае пісьменнасьці, мовы й праўнай думкі. Юрыдычна замацоўваў асновы грамадзкага й дзяржаўнага ладу, парадак утварэньня, склад і паўнамоцтвы дзяржаўных і судовых установаў.
Набыў сілу 29 верасьня 1529 году. Складаўся з 13 разьдзелаў і 244 артыкулаў. У выніку пазьнейшых дапаўненьняў колькасьць артыкулаў павялічылася да 283[1].
Падрыхтоўка праводзілася ў першай палоле XVI стагодзьдзя. Першы праект зьявіўся яшчэ ў 1522 годзе. Камісіяй складальнікаў (сярод якіх, імаверна, быў першадрукар і доктар права Францішак Скарына[2]) кіраваў канцлер Альбэрт Гаштольд. Асноўныя палажэньні абмяркоўваліся зь вялікім князем Жыгімонтам Старым, які зацьвердзіў звод. Камісія адступіла ад сыстэмы кадыфікацыі, прынятай у рымскім праве, і выпрацавала сваю. Яна ґрунтавалася на новых прынцыпах: сувэрэннасьці дзяржавы (насуперак сярэднявечнаму касмапалітызму), адзінстве права, на прыярытэт пісанага права.
Аснову Першага Статуту складае кадыфікацыя й сыстэматызацыя нормаў мясцовага звычаёвага права, пастановаў судовых і дзяржаўных установаў, Судзебніка Казімера (1468 год), прывілеяў. Сярод адметнасьцяў — выпрацоўка сыстэмы й структуры разьмяшчэньня праўных нормаў у залежнасьці ад іхнага зьместу, улучэньне тыповых і абагульненых нормаў, дакладная рэдакцыя кожнага артыкулу, увядзеньне новых праўных нормаў (з адлюстраваньнем тагачасных таварна-грашовых дачыненьняў), улучэньне нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага й іншых галінаў права.
Выданьне Першага Статуту вывела Вялікае Княства Літоўскае на адно зь першых месцаў у сьвеце ў разьвіцьці права й праўнае культуры. Разам з тым гэты звод стаў праўнай асновай для далейшага разьвіцьця заканадаўства.
Напісаны старабеларускай мовай, перакладаўся на лацінскую й польскую.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 631.
- ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 630.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Міхал Равуцкі. Статут ВКЛ (частка 1) // Белтэлерадыёкампанія, 30 сакавіка 2013 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.
- Міхал Равуцкі. Статут ВКЛ (частка 2) // Белтэлерадыёкампанія, 31 сакавіка 2013 г. Праверана 1 сьнежня 2013 г.