Судак (рыба)

(Перанакіравана з «Судак звычайны»)

Суда́к — драпежная рыба сямейства акунёвых.

Судак
Судак (Sander lucioperca)
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
АтрадАкунепадобныя
СямействаАкунёвыя
Бінамінальная намэнклятура
Sander lucioperca

Цела прадаўгаватае, сьціснутае з бакоў, пакрытае шчыльнай лускай. Завостраны лыч, на сківіцах і паднябенных касьцях іклы. Сьпіна зяленавата-шэрая, бруха белае, на баках 8—12 бура-чорных папярочных палос. У Беларусі водзіцца ў невялікай колькасьці ў буйных рэках і многіх чыстых азёрах. Даўжыня звычайна 50—80 см, вага 1—3 кг, у іншых краінах сустракаюцца асобнікі даўжэй за 1 м і цяжэй за 12 (да 20) кг. Мяса белае, нятлустае, далікатнае, бяз дробных костак, з высокімі смакавымі вартасьцямі. Утрымлівае 19% бялкоў, 1% тлушчу, добра засвойваецца. Штучна зарыбляюць прамысловыя вадаёмы. У рэстаранах сучаснай Беларусі — адна з найбольш папулярных рыб (пераважна завозіцца). Прадаецца ў сьвежым, марожаным выглядзе і ў кансэрвах.

Судак

Існуе велізарная колькасьць рэцэптаў прыгатаваньня, як гарачага, так і халоднага: смажаць (у тым ліку шашлыкі), вараць, запякаюць, тушаць у малацэ з цыбуляй, гатуюць пад маянэзам, у жэле, гатуюць галубцы і г. д. Асабліва смачныя заліўныя з судака. Вельмі складаная тэхналёгія судака «па-Радзівілаўску» (адна з самых складаных страваў літоўска-беларускай кухні). Чысьціць судака належыць асьцярожна, бо ў плаўніках і жаберных вечках маюцца вострыя калючкі.

Беларусь

рэдагаваць

У 2014 годзе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі ўсталявала забарону на аматарскую лоўлю судака ў рыбалоўных угодзьдзях з 1 красавіка па 30 траўня ў сувязі зь веснавым нерастам. Таксама забаранілі аматарскае рыбалоўства ў месцах масавага нерасту судака. Сярод гэтых мясьцінаў былі: Мікашэвіцкі канал у Лунінецкім раёне на 2,5 км уверх ад яго ўпадзеньня ў Прыпяць, Аўгустоўскі канал у Гарадзенскім раёне ад шлюза каля ГЭС Нёмнава да ўпадзеньня ў Нёман, поплаўныя вадаёмы Нёмана, участак Дняпра ў Магілёўскім раёне і прылеглыя поплаўныя вадаёмы ад вадазбору Магілёўскага аўтамабільнага заводу да вусьця Дзебры[1].

  1. ^ Сяргей Расолька. Судак — пад забаронай // Зьвязда : газэта. — 4 красавіка 2014. — № 62 (27672). — С. 8. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».