Стрэчаньне
Стрэчаньне Гасподняе — зімовае сьвята, якое адзначаецца 2 лютага:
- у Каталіцкім касьцёле — па новым стылі
- у Праваслаўнай царкве — па старым стылі (па новым стылі — 15 лютага).
Хрысьціянская традыцыя | |
Значэньне | сустрэча Ісуса Хрыста са старцам Сімяонам у Ерусалімскім храме |
---|---|
Дата | 2 лютага [ст. ст. 15 лютага] |
Іншыя назвы: Грамніцы, Ахвяраваньне Пана і Стрэчаньне Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Праваслаўная традыцыя
рэдагавацьУ час Стрэчаньня Царква ўспамінае падзею зямнога жыцьця Госпада нашага Ісуса Хрыста, якая сталася своеасаблівай повязьзю Старога Запавета з маючым адкрыцца Новым Запаветам. У законе Маіісеевым прадпісвалася прысьвячаць Богу ўсякага першынца мужчынскага полу. Таму праз сорак дзён пасьля Свайго Нараджэньня Богадзіця Ісус быў прынесены ў Ерусалімскі храм, дзе Маці Божая зь Ёсіфам прынесьлі ва ўдзячную і ачышчальную ахвяру двух галубоў. І хоць Прасьвятая Дзева, Якая нарадзіла Дзіця ад Духа Сьвятога, ня мела патрэбы ў ачышчэньні, аднак, будучы глыбока пакорлівай, Яна выканала прадпісаньне закону.
На той час у Ерусаліме жыў праведны старац Сімяон, якому было прадказана Духам Сьвятым, што ён не памрэ, пакуль ня ўбачыць Хрыста Збавіцеля. Як паведамляюць старажытныя гісторыкі, задоўга да Нараджэньня Хрыстовага эгіпэцкі цар Пталамей II Філядэльф пажадаў дапоўніць змакамітую александрыйскую бібліятэку тэкстамі Старога Запавета. Для перакладу іх па грэцкую мову (са старажытнаяўрэйскай) ён запрасіў зь Ерусаліму 72 вучоных-кніжнікаў. Сярод іх быў і праведны Сімяон, якому прыйшлося перакладаць кнігу прарока Ісаі. Прачытаўшы ў арыгінале словы «Вось, Дзева ў чэраве прыме і народзіць Сына» (Іс. 7:14), ён вырашыў, што слова «Дзева» тут ужыта памылкова замест слова «жанчына», і хацеў выправіць тэкст. У гаты момант перад ім зьявіўся анёл і ўтрымаў ягоную руку са словамі: «Май веру напісаным словам, ты сам пераканаесься, што яны споўняцца, 6о ня 6удзе тваёй сьмерці, пакуль ня ўбачыш Хрыста Госпада, Які народзіцца ад Чыстай і Пранепарочнай Дзевы». 3 таго дня праведны Сімяон і стаў чакаць прышэсьця Хрыста.
І вось, у той самы дзень, калі Прачыстая Дзева Марыя і Ёсіф павінны былі зьдзейсьніць неабходны абрад, прападобны Сімяон па намаўленьні Духа Сьвятога прыйшоў у Ерусалімскі храм і сустрэў («стрэчаньне» — азначае сустрэча) іх на ганку. Узяўшы Богадзіця на рукі (за што і атрымаў празваньне Богапрыімца), старац Сімяон сказаў прарочыя словы: «Цяпер адпускаеш (з гэтага жыцьця) раба Твайго, Уладар, па слову Твайму, зь мірам (радасным духам), бо бачылі вочы мае выратаваньне Тваё, якое Ты падрыхтаваў перад тварам усіх народаў, сьвятло і асьвету язычнікаў і славу народа Твайго Ізраіля». Прасьвятой жа Дзеве праведны Сімяон сказаў пра Дзіця: «Вось з-за Яго будуць спрачацца ў народзе: адны ўратуюцца, а другія загінуць. А Табе Самой зброя пройдзе душу». Гэта азначала, што Божая Маці будзе перажываць вялікае гора за Свайго Сына, калі Ён будзе пакутваць.
Тут, у храме, знаходзілася пабожная ўдава Ганна-прарочыца, васьмідзесяці чатырох гадоў, якая служыла Богу постам і малітваю ўдзень і ўночы. Яна таксама пазнала Збавіцеля і, наблізіўшыся, славіла Госпада і гаварыла пра Яго ўсім у Ерусаліме, хто чакаў прышэсьця на зямлю Хрыста. Так апошнім праведнікам адыходзячага Старога Запавета — праведнаму Сімяону і Ганне-прарочыцы было наканавана сустрэць у храме Богадзіця Ісуса — Носьбіта Новага Запавета.
Вызначальнасьцю гэтага свята зьяўляецца асаблівы чын асьвячэньня стрэчанскіх сьвечак, якія называюцца ў народзе грамнічнымі.
Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.
Трапар сьвята Стрэчаньня Гасподняе, глас 4
рэдагавацьРадуйся, Благадатная Багародзіца Дзева,
бо зь Цябе зазьзяла Сонца праўды — Хрыстос Бог наш,
Які асьвятляе тых, хто ў цемры.
Весяліся і ты, старац праведны,
прыняўшы ў абдымкі Вызваліцеля душ нашых,
Які падае нам уваскрасеньне.
Кандак сьвята Стрэчаньня Гасподняе, глас 4
рэдагавацьУлоньне Дзявочае асьвяціўшы нараджэньнем Тваім,
і рукі Сімяонавы благаславіўшы, як належала,
і нас цяпер Ты хутка ўратаваў, Хрысьце Божа.
Супакой жа варожасьць жыхарства
і ўмацуй людзей, якіх ўзьлюбіў Ты, адзіны Чалавекалюбец.
Задастойнік сьвята Стрэчаньня Гасподняе
рэдагавацьЦяпер адпускаеш раба Твайго, Уладару, паводле слова Твайго, зь мірам, бо ўбачылі вочы мае спасеньне Тваё, якое прыгатаваў Ты перад абліччам усіх народаў, сьвятло для асьветы язычнікаў і славу народа Твайго, Ізраіля.
Каталіцкая традыцыя
рэдагаваць2 лютага ў Каталіцкім Касьцёле адзначаецца сьвята Ахвяраваньня Пана, якое традыцыйна называюць яшчэ сьвятам Маці Божай Грамнічнай, або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясеньне Дзіцятка Езуса ў сьвятыню для выкананьня абраду ахвяраваньня, прадпісанага законамі Старога Запавету (гл. Лк 2, 22-39). Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцьця Збаўцы Бог сьведчыць, што Езус прыйшоў у сьвет не парушыць закон, а выканаць яго (пар. Мц 5, 17).
Гэтае сьвята, вядомае яшчэ з хрысьціянскай старажытнасьці, заўсёды мела падвойны характар, бо яно адначасова зьяўляецца і сьвятам Пана, і адным з найбольш папулярных марыйных сьвятаў. Ва ўсходняй традыцыі яно называецца «Стрэчаньнем», бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.
У сьвята Ахвяраваньня Пана ва ўсіх касьцёлах Беларусі праходзяць сьвяточныя набажэнствы. На пачатку сьвятой Імшы адбываюцца працэсіі са сьвечкамі, падчас якіх сьпяваецца песьня Сімяона: «Цяпер па слову Твайму, Пане, адпускаеш слугу Твайго ў супакоі. Бо вочы мае ўбачылі Тваё збаўленьне, якое Ты падрыхтаваў перад абліччам усіх народаў. Сьвятло на асьвятленне паганаў і славу народа Твайго, Ізраэля».
Сьвечка — сымбаль Хрыста, які прынёс сьвятло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы сьвечка таксама сымбалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла сьвятло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязьмежна ўзвысіў Яе. Але прынесшы Дзіцятка Езуса ў сьвятыню, з вуснаў Сімяона Марыя пачула пагрозьлівае прароцтва пра тое, што «меч пройдзе празь Яе душу» (пар. Лк 2, 34). Прарок прадказаў Марыі вялікую таямніцу Яе жыцьця — удзел у адкупляльнай справе Яе Боскага Сына. Гэтае прароцтва спраўдзілася тады, калі Марыя стаяла пад крыжам Хрыста, і ў сваёй душы падзяляла Ягонае цярпеньне за збаўленьне сьвету.
Асьвячаныя ў гэты дзень сьвечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небясьпекі стыхіі. Запаленую грамнічную сьвечку таксама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсьвяцейшая Панна Марыя прывяла яго душу ў неба.
Народная традыцыя
рэдагавацьГрамніцы ці Стрэчаньне — зімовае сьвята народнага календара. Назва, магчыма, паходзіць ад язычніцкага бога Грамаўніка (Перуна) — бога веснавых навальніц і дажджоў, якія спрыялі расьліннасьці. Другая назва — Стрэчаньне — тлумачыцца як сустрэча зімы зь летам: «Прыйдуць грамніцы — скідай рукавіцы». Па стане надвор’я ў гэты дзень меркавалі, якое надвор’е будзе вясной і летам. Асноўным рытуалам на Грамніцы было асьвячэньне ў царкве ці касьцёле сьвечак. Грамнічныя сьвечкі шанавалі, іх запальвалі ў навальніцу, каб маланка не спаліла хату, іх агнём падсмальвалі валасы жаніху і нявесьце на пасадзе, давалі цяжка хвораму перад сьмерцю, падвешвалі ў хляве ці стайні, каб нячыстая сіла ня шкодзіла хатняй жывёле. Пасьля Грамніцаў селянін пачынаў рыхтавацца да веснавых работ.
Існуе грамнічны звычай «браціна». Пасьля набажэнства і асьвячэньня сьвечак у царкве жанчыны чытаюць дома малітву і абкурваюць свае хаты. Затым яны зьбіраюцца на бяседу, якая ўлучае абрад выпіваньня з аднаго кубка «набрыжэўшага» квасу. Кубак пускаюць па коле і кожная ўдзельніца гаворыць пажаданьні і просіць Божага дабраслаўленьня. Пры гэтым, кубак ня ставяць на стол, пакуль усе госьці не прыкладуцца да яго. Найбольшае пашырэньне звычай мае ў Баркулабаве і іншых вёсках Быхаўскага раёну. У гэты дзень бытуе прыказка: «Грамніца — зіме і хлебу палавіца», таму кажуць, што на Стрэчаньне «зіма зь летам сустракаюцца». Паводле грамнічнага надвор’я выводзяць прыкмету пра ўраджай: «Калі на Грамніцы растане сьнег, то на Юр’я на лугах будзе ўжо трава. На Грамніцы адліга — з ураджаю будзе хвіга»[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Анатоль Кляшчук. Баркалабаўскія Грамніцы // Зьвязда : газэта. — 15 лютага 2014. — № 29 (27639). — С. 1, 3. — ISSN 1990-763x.