Аляксандар Сафронавіч Доўбік (6 ліпеня 1921, х. Сеніца, Слуцкі павет, Менская губэрня, БССР) — 30 сакавіка 2015) — беларускі праваабаронца, палітычны вязень у СССР, настаўнік.

Аляксандар Доўбік
Дата нараджэньня 6 ліпеня 1921(1921-07-06)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 30 сакавіка 2015(2015-03-30) (93 гады)
Месца вучобы
Занятак праваабаронец

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Дзед Доўбіка Яўтроп Іванавіч быў асуджаны ў 1933 годзе на тры гады зняволеньня, а ў 1937 годзе паўторна арыштаваны і ў 1938 годзе расстраляны. Бацька Сафрон Яўтропавіч, які ўцёк у 1920-я гады ў Польшчу, пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР быў арыштаваны ў Клецку ў 1939 годзе і расстраляны ў 1940 годзе. Маці Зося Ўсьцінаўна ў 1930-я гады была выслана ў Караганду (Казахстан), куды і выехалі за ёй у 1937 годзе Аляксандар Доўбік зь сястрой Ганнай. Паступіў на вучобу ў Горны тэхнікум, праз 2 гады перавёўся на курсы падрыхтоўкі настаўнікаў для няпоўных сярэдніх школ пры Карагандынскім пэдагагічным інстытуце, якія скончыў у 1940 годзе. 16 верасьня 1940 году мабілізаваны. Служыў на караблях Чарнаморскага флёту. Быў паранены, кантужаны. Выехаў да маці ў Казахстан. Працаваў у калгасе. У чэрвені 1943 году зноў мабілізаваны. Служыў на Чорным і Балтыйскім марах. Пасьля дэмабілізацыі з ВМФ у сьнежні 1945 году вярнуўся ў Беларусь. З 1946 па 1947 гг. працаваў настаўнікам у Жухавіцкай няпоўнай школе Мірскага раёну, з 1947 настаўнічаў у Мядзьвядзкай няпоўнай школе Мірскага раёну. У 1950 годзе завочна скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 1954 году загадчык навучальнай часткі пачатковай школы ў вёсцы Радунь Карэліцкага раёну Гарадзенскай вобласьці, пазьней стаў яе дырэктарам. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей.

У лістападзе-сьнежні 1956 году паспрабаваў праз амбасады ў Маскве накіраваць лісты прэзыдэнту ЗША Д. Эйзэнгаўэру, прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Э. Ідэну і прэм’ер-міністру Індыі Дж. Нэру. У гэтых лістах ён крытыкаваў камуністычную партыю і М. Хрушчова, называў імёны вядомых яму ахвяр рэжыму, прасіў зьвярнуць увагу, што СССР зьяўляецца сябрам ААН, а «дэклярацыю арганізацыі па правах чалавека не выконвае». У ліпені 1957 году накіраваў ананімны ліст В. Молатаву ў ягоную падтрымку (у чэрвені Молатаў быў зьняты з усіх пасад за спробу зьмясьціць Хрушчова)[1]. Лісты былі перахопленыя КДБ.

Арыштаваны 15 кастрычніка 1958 году. 22 лістапада 1958 году асуджаны Гарадзенскім абласным судом за «антысавецкую агітацыю і прапаганду» (частка «а» артыкулу 72 КК БССР) да 10 гадоў папраўча-працоўнага лягеру. Этапаваны ў Дубраўляг (Мардоўская АССР). У прысудзе была фармулёўка: «изготовление и распространение анонимных писем, содержащих злобную клевету на КПСС и советское правительство, внешнюю политику СССР, экономические условия жизни трудящихся и призывы к правительствам империалистических государств к вмешательству во внутреннние дела СССР с целью изменения существующего в СССР строя».

Пастановай Прэзыдыюму Вярхоўнага суда БССР ад 17 ліпеня 1959 г. тэрмін зьніжаны да 5 гадоў[2]. Вызвалены 15 кастрычніка 1963 году. Працаваў настаўнікам у Наваградзкім раёне. Неаднаразова зазнаваў ціск з боку спэцслужбаў СССР. У 1972 годзе вымушаны звольніцца з працы. Працаваў у калгасе, на сваёй гаспадарцы.

Рэабілітаваны Вярхоўным Судом Беларусі 20 сьнежня 1991 году. Асабістая справа Д. № п-13359 захоўваецца ў архіве УКДБ Гарадзенскай вобласьці.

У 1990-я гады ўдзельнічаў у грамадзка-палітычнай дзейнасьці. Быў дэлегатам 1 зьезду ТБМ. У 1994 годзе ўвайшоў у БНФ, агітаваў за Зянона Пазьняка на прэзыдэнцкіх выбарах. Абіраўся старшынём Карэліцкай раённай суполкі Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій (БААПР), быў сябрам Рады БААПР. Выяўленыя ім імёны ахвяр палітычных рэпрэсій увайшлі ў кнігу «Памяць» Карэліцкага раёна, а таксама зьмешчаныя ў створаным у Вашынгтоне Мэмарыяле-музэі ахвярам камуністычных рэжымаў. У гэты час жыў у вёсцы Уша Карэліцкага раёну.

Са студзеня 2003 году пасьля цяжкай хваробы і траўмы жыў у Жухавіцкім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Пакінуў успаміны.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ 58—10. Надзорные производства прокуратуры СССР по делам об антисоветской агитации и пропаганде. Аннотированный каталог. Март 1953—1991. Москва, 1999. С. 486.
  2. ^ База данных «Жертвы политического террора в СССР».

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць