Ада́м Тры́пус (14 сьнежня 1896, Вялікая Бераставіца — 16 верасьня 1965, Берасьце) — беларускі афіцэр і настаўнік, дзяяч Беларускае Народнае Рэспублікі. Вядомы таксама пад прозьвішчамі і псэўданімамі Трыпуза, Трыпус-Траянаў, Каласкоў.

Адам Трыпус
Род дзейнасьці настаўнік, афіцэр
Дата нараджэньня 14 сьнежня 1896
Месца нараджэньня Вялікая Бераставіца
Дата сьмерці 16 верасьня 1965
Месца сьмерці Берасьце
Месца пахаваньня
Месца працы
Дзеці Ніна (нар. 25 траўня 1922), Ірына (нар. 2 сакавіка 1925)

Біяграфія рэдагаваць

Паходзіць зь Вялікай Бераставіцы на Гарадзеншчыне. У часы змаганьня за незалежнасьць у 1920-я гады зьяўляўся павятовым камэндантам Гарадзенскага павету і сябрам Гарадзенскага акруговага штабу антыпольскага партызанскага руху, арганізаванага ўрадам БНР Вацлава Ластоўскага. У 1920—1921 гадах — настаўнік Віленскага беларускага прытулку. На пачатку 1921 г. арыштоўваўся польскімі ўладамі. Быў сярод заснавальнікаў Гарадзенскага аддзяленьня Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны. З 1921 году працаваў настаўнікам IV беларускай школы ў Горадні, а таксама быў адным з кіраўнікоў беларускага прытулку для дзяцей у Горадні.

Вылучаўся ад Блёку нацыянальных меншасьцяў, у які ўваходзілі беларусы, на выбарах у польскі сойм па акрузе ў Беластоку. У 1923 годзе абвінавачваўся польскімі ўладамі ў антыдзяржаўнай дзейнасьці і праходзіў у судовым працэсе ў Беластоку па «справе 45-ці» (супраць беларускіх актывістаў). Быў пазбаўлены права працы ў Гародні рашэньнем куратара беластоцкай школьнай акругі ў жніўні 1923 г.

Атрымаў працу настаўніка у в. Ратайчыцы Камянецкага раёну. Ад другой паловы 1920-х гг. жыў у Берасьці, пасьля вайны працаваў у Берасьцейскім раённым аддзеле адукацыі і ў пэдагагічным інстытуце.

Трагічна загінуў у Берасьці ў 1965 годзе. Быў знойдзены на вуліцы ў выніку зьбіцьця невядомымі пры нявысьветленых абставінах. Памёр ва ўзросьце 70 гадоў. У пасьведчаньні аб сьмерці прычынай сьмерці быў пазначаны «гіпэртанічны крыз». Пахаваны на Трышынскіх могілках у Берасьці.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

У 2008 годзе быў урачыста ўсталяваны і асьвечаны помнік Адаму Трыпусу на Трышынскіх могілках у Берасьці. Усталяваньне помніка было прымеркавана да 90-годзьдзя БНР. Пры адкрыцьці помніка прысутнічалі людзі, якія асабіста ведалі Адама Трыпуса (спадар Георгі Грынкевіч), і людзі, якія ведалі сям’ю Адама Трыпуса, яго дачку Ірыну Трыпус. Яна жыла ў Берасьці і была выкладчыцай польскай, нямецкай і ангельскай моваў.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць