Славянскі сход (1848)
Славя́нскі сход (па-чэску: Slovanský sjezd; іншыя назвы: Славянскі кангрэс, першы славянскі сход/кангрэс) — сход прадстаўнікоў славянскіх народаў, які адбываўся ў Празе з 2 па 12 чэрвеня 1848. Найперш меў мэтаю сабраць прадстаўнікоў славянаў, якія пражываюць на тэрыторыі аўстрыйскай манархіі, хоць прысутнічалі на ім і госьці зь іншых краінаў, у тым ліку расейскія эмігранты[a].
Цягам наступных 100 гадоў адбыліся яшчэ некалькі падобных славянскіх сходаў у розных местах Эўропы.
Правядзеньне
рэдагавацьУ траўні ў Прагу пачалі зьяжджацца дэлегаты, накіраваныя ўсімі народнымі сходамі існых нацыянальных плыняў. Паводле нацыянальнага прызнаку сход быў падзелены на тры сэкцыі:
- чэха-славацкая была найбольш прадстаўнічая — складалася з 237 чалавек (зь іх толькі 20 славакаў);
- польска-расейская (61 удзельнік, зь іх 40 палякаў[1]);
- югаслаўская, у якой сьпярша налічвалася 40 харватаў і сэрбаў; пасьля далучыліся іншыя ўдзельнікі, у тым ліку славенцы і далмацінцы[2].
Кангрэс распачаўся 2 чэрвеня на Жофінскім востраве[2]. Ягоным асноўным пасылам былі ідэі панславізму і аўстраславізму. Старшынём кангрэсу быў абраны Францішак Палацкі — выбітны чэскі гісторык і грамадзкі дзяяч, які прапагандаваў аўстраславізм як абарону ад пангерманізму. Гімнам сходу стала песьня «Гэй, славяне». Асноўнай мовай перамовай стала нямецкая.
Сход меў 4 асноўныя мэты:
- стварэньне зьвязу аўстрыйскіх славянаў;
- наладжваньне стасункаў са славянамі па-за Аўстра-Вугоршчынай;
- наладжваньне стасункаў зь неславянскімі народамі Аўстра-Вугоршчыны;
- наладжваньне стасункаў зь неславянскімі народамі па-за Аўстра-Вугоршчынай (у прыватнасьці ў Нямеччыне).
Сход суправаджала разьяднанасьць нацыяў. Тым ня меней, ён здолеў прыняць Маніфэст славянскага сходу да эўрапейскіх народаў, галоўнай думкай якога было права на самавызначэньне нацыяў.
Зьезд стаў каталізатарам паўстаньня радыкальных студэнтаў («Сьвятадухаўскае паўстаньне»), жорстка ўціхаміранага войскамі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ В. А. Дьяков. Поляки на славянском съезде 1848 г. (рас.) Славянский портал Праверана 13 траўня 2015 г.
- ^ а б Václav Žáček. Za buržoáznej revolúcie roku 1848 a 1849 // Češi a Jihoslované v minulosti (чэс.). — Praha: Academia, 1975. — С. 331.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Удзельнікам гэтага зьезду і адным з кіраўнікоў паўстаньня, што рушыла ўвасьлед за зьездам, быў вядомы расейскі рэвалюцыянэр-анархіст Міхаіл Бакунін
Літаратура
рэдагаваць- Černý, Jan M. Slovanský sjezd v Praze roku 1848. — Praha: Knapp, 1888.
- Zpráwa o sjezdu slowanském. — Praha: Haas, 1848.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Славянскі кангрэс (чэс.)
- Славакі і Праскі сход 1848 року (рас.)