Скрыўленьне хрыбетніка

Скрыўленьне хрыбетніка (скаліёз; грэц. σκολιός — крывы) — бакавая крывізна хрыбетніка ў франтальнай плоскасьці. Бывае прыроджанае і набытае. Разьвіваецца ў выніку парушэньня будовы хрыбетніка і зьмяшчэньня сярэдзіны цяжару цела ў бок ад падоўжанай восі. Здараецца пры рахіце, траўмах, пухлінах і запаленьні хрыбетніка. У 90% выпадкаў адзначаецца парушэньне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслабленьня сувязі міжхрыбетных дыскаў(en) з хрыбтамі. Адзначаецца дэфармацыя і зьмяншэньне аб’ёму грудной клеткі(en), утварэньне рэбернага гарба, парушэньне дзейнасьці лёгкіх, сэрца і крывяносных сасудаў. Лячэньне: лячэбная фізкультура, масаж і хірургічнае ўмяшчаньне[1].

Скрыўленьне хрыбетніка
Зьмяншэньне кута скрыўленьня з 56° да 27°
Зьмяншэньне кута скрыўленьня з 56° да 27°
Сынонімы скаліёз
Спэцыяльнасьць артапэдыя
Сымптомы разьмяшчэньне аднаго пляча вышэй за другое, выпіраньне рогу адной з лапатак
Ускладненьні утварэньне рэбернага гарба, парушэньне дзейнасьці лёгкіх і сэрца
Звычайна праяўляецца у 10—20 гадоў
Прычыны пералом хрыбетніка, зьмяшчэньне сярэдзіны цяжару цела ў бок ад падоўжанай восі, рахіт
Фактары рызыкі блізарукасьць, плоскаступнёвасьць і радыкуліт
Мэтад дыягностыкі рэнтген
Прафіляктыка сон на правым баку на цьвёрдым ложку з малой падушкай, плаваньне і практыкаваньні на раўнавагу
Лячэньне артапэдычны гарсэт, гімнастыка
Частасьць 3% насельніцтва Зямлі (2014 г.)
Скрыўленьне хрыбетніка ў Вікісховішчы

На 2011 г. ад дэфармацыі хрыбетніка пакутвала каля 5% насельніцтва Зямлі, зь якіх 80% цярпела ад скрыўленьня хрыбетніка[2].

Папярэджаньне

рэдагаваць
 
Разьмінаньне цягліцаў сьпіны лежачы пераменным уздымам рук і ног

Прадухіленьню хваробы спрыяе лячэбная фізкультура і багатае на бялкі, кальц і вітаміны харчаваньне[3]. Карысна падбіраць мэблю адпаведна росту, спаць на правым баку на паўцьвёрдым ложку зь малой падушкай і праводзіць 3-хвілінныя разьмінкі цягліцаў брушнога прэсу і сьпіны прынамсі тройчы на тыдзень. Таксама станоўча ўплываюць заняткі гімнастыкай, плаваньне, коўзаньне на каньках і лыжах, практыкаваньні на раўнавагу з прадметамі на галаве. Урэшце варта пазьбягаць чытаньня на баку і нашэньня цяжару ў адной руцэ[4].

Чыньнікі

рэдагаваць

Узьнікненьню хваробы спрыяюць пералом хрыбетніка, плоскаступнёвасьць, розная даўжыня ног, блізарукасьць, плеўрыт, поліяміеліт, радыкуліт, рахіт і сухоты. Таксама шкодзіць маларухомы лад жыцьця, працяглае сядзеньне з нахіленай галавой і стаяньне на паўсагнутай назе[4].

Прыкметамі хваробы ёсьць разьмяшчэньне аднаго пляча(en) вышэй за другое, выпіраньне рогу адной з лапатак(en), розная адлегласьць ад прыціснутай да бока рукі да таліі і бачная пры нахіле наперад крывізна хрыбетніка[5].

  1. ^ Ігар Семяненя. Скрыўленьне пазваночніка // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 12. — С. 475. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  2. ^ Вольга Мядзьведзева. Трымайце сьпіну // Краіна здароўя. — 25 лютага 2011. — № 10 (246). — С. 9.
  3. ^ А. Шайбак. Калі з’яўляецца скаліёз // Перамога : газэта. — красавік 2013. — № 34.
  4. ^ а б Сьвятлана Барысенка. Тады не будзе скаліёзу // Зьвязда : газэта. — 23 кастрычніка 2013. — № 200 (27565). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Вольга Шаўко. Калі ў дзіцяці скаліёз // Краіна здароўя. — 21 верасьня 2010. — № 48 (217). — С. 8.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Скрыўленьне хрыбетнікасховішча мультымэдыйных матэрыялаў