Скачы́нскія — прадстаўнікі шляхты Пружанскага павету Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі, якія прынялі дзейсны ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гадоў.

Мэдард, сын Фэлікса — 44-гадовы паўстанцкі начальнік Пружанскага павету, уласьнік маёнтку ў Пружанскім павеце Гарадзенскай губэрні. Прыняў, як і ягоныя сыны, дзейсны ўдзел ў паўстаньні 1863—1864 гг. Ён сам адвёз сваіх сыноў на зборны пункт ў лясах каля Седлецы, якія далучыліся да аддзела «Мłotka» (Стравінскага).

Фэлікс, сын Мэдарда (1851 — пасьля 1933). Змагаўся з маскалямі ў аддзеле Стравінскага. Пад Міхалінамі быў паранены і адпраўлены дамоў, дзе ён дапамагаў бацьку ў арганізацыі паўстанцкіх аддзелаў. За ўдзел у паўстаньні 1863—1864 гг., па пазбаўленьні ўсіх правоў стану, быў сасланы на заўсёднае пасяленьне ў Сыбіры. Прыстанкамі ў сакавіку 1865 г. быў дастаўлены ў павятовы горад Бійск Барнаульскай акругі Томскай губэрні. Праз тры гады на падставе царскай амністыі для малалетніх зь яго быў зьняты паліцэйскі нагляд. У 1868 г. пераехаў ў Томск. У 1872 адноўлены ў ранейшых правах з дазволам жыхарства ў эўрапейскай частцы Расеі са звычайнымі абмежаваньнямі. Выяжджаў ў 1872—1881 гг. з Іркуцку ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці на залатыя капальні. У 1876 г. атрымаў дазвол на пошукі і разьведку радовішчаў золата. Вярнуўся на радзіму, пражываў у Кобрыні, вул. Траўгута, д. 10. Узнагароджаны Крыжам Незалежнасьці ў ІІ Рэчы Паспалітай.

Аляксандар, сын Мэдарда — нарадзіўся ў 1849 г. За ўдзел ў паўстаньні 1863—1864 гг. па пазбаўленьні ўсіх правоў стану быў у 1865 г. сасланы на вечнае пасяленьне ў Сыбіры, у павятовы горад Бійск Барнаульскай акругі Томскай губэрні. У 1868 г. перамешчаны ў Томск. У 1872 г. адноўлены ў ранейшых правах. Выязджаў ў 1872—1881 г. з Томскай губэрні ў Алёкмінскую акругу Якуцкай вобласьці на залатыя капальні. Пабраўся шлюбам зь Людвікай, дачкой Казімера, Касьцінкевіч (Касьцюкевіч). 13 ліпеня 1874 г. ў сяле Салянка Алёкмінскай акругі Якуцкай вобласьці ў іх нарадзіўся сын Аляксандар-Юліюс. Затым Скачынскія пераехалі ў акруговы горад Алёкмінск і пасяліліся на вуліцы Горнай. У 1876 г. ў іх нарадзіўся сын Антоні-Эдуард. У 1879 /1880/ г. сын Леў-Людвік, а потым дочкі Крысьціна ды Тацьцяна (Аўгіньня). Па атрыманьні дазволу сям’я Скачынскіх пераехала ў сяло Абаканскае Енісейскай губэрні (сяло Абаканскае было перайменаванае ў Чырвонатуранскае і пры будаўніцтве Краснаярскай ГЭС трапіла ў зону затапленьня. Сучаснае Чырвонатуранскае анічога агульнага з тым сялом ня мае). У 1886 г. пераехалі ў Краснаярск.

Аляксандар Аляксандравіч Скачынскі (13 ліпеня 1874, с. Салянка, Алёкмінская акруга, Алёкмінскі ўлус, Якуцкая вобласьць, Расейская імпэрыя — 6 кастрычніка 1960, Масква, РСФСР, СССР) — гарняк. 14 сьнежня 1874 г. кс. Шверніцкі пахрысьціў у Алёкмінску «дзіця Аляксандара-Юліуса», сына «шляхціца Аляксандра і Людвікі Скачынскіх», які ў 6 гадоў разам з бацькамі пераехаў у с. Абаканскае Енісейскай губэрні, а ў 1886 г. у Краснаярск, дзе ў жніўні паступіў у 2 кляс Краснаярскай мужчынскай клясычнай гімназіі і ў траўні 1893 г. скончыў яе. Вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце Пецярбурскага ўнівэрсытэта (1893—1895), у Пецярбурскім горным інстытуце (1895—1900). У 1900 пабраўся шлюбам з дачкой вядомага краснаярскага грамадзкага дзеяча М. Шапяткоўскага — Марыяй. Супрацоўнічаў зь Мінусінскім краязнаўчым музэем, ліставаўся зь ягоным арганізатарам М. Марцьянавым. Яшчэ гімназістам удзельнічаў у экспэдыцыях па Мінусінскай катлавіне, займаўся дасьледаваньнем горных парод Сыбіры. У 1901—1902 гг. быў камандзіраваны ў Нямеччыну, Бэльгію, Францыю, Аўстра-Вугоршчыну, дзе наведаў вугальныя, рудніковыя, саляныя шахты ды вышэйшыя школы, у 1904 г. абсьледаваў 14 руднікоў Дамброўскага басэйну ў Польшчы. У 1906—1930 гг. прафэсар Пецярбурскага (Петраградзкага, Ленінградзкага) горнага інстытуту, у 1917—1920 гг. выкладаў у Данскім (Новачаркаскім) політэхнічным інстытуце. У 1921—1930 гг. — старшыня навукова-тэхнічнай рады Галоўнага ўпраўленьня горнай прамысловасьці УСНГ РСФСР. У 1931—1907 гг. чалец і экспэрт Урадавай камісіі па падземнай газыфікацыі выкапнёвых вуглёў. У 1934 г. — старшыня Навукава-досьледнай асацыяцыі каменнавугальнай і сланцавай прамысловасьці СССР. У 1935—1938 гг. — старшыня групы горнай справы Аддзяленьня тэхнічных навук АН СССР, рэарганізаванай у 1938 г. у Інстытут горнай справы АН СССР. Агульным сходам АН СССР быў абраны дырэктарам гэтага інстытуту і прабыў на гэтай пасадзе да скону жыцьця. У 1944—1951 гг. — старшыня Прэзыдыюма Заходне-Сыбірскага філіяла АН СССР. Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. Яму было нададзенае званьне Героя Сацыялістычнай Працы (1954). Ён быў ўзнагароджаны пяцьцю ордэнамі Леніна, 2 ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сьцяга і мэдалямі. Яму двойчы прысуджалася Сталінская прэмія. Ляўрэат Дзяржаўных прэмій СССР: за стварэньне і ўкараненьне ў вугальную прамысловасьць пераносных прыбораў для кантролю рудніковай атмасфэры (1950), за падручнік «Рудніковая вэнтыляцыя» (1951). Ягонае імя было нададзенае Інстытуту горнай справы ў Маскве, на будынку Горнага інстытуту ў Ленінградзе была ўсталявана мэмарыяльная шыльда. Ягоным імем была названыя вуліцы ў Алёкмінску і Клімаўску Падмаскоўнага вугальнага басэйна. У Краснаярскай школе № 138 створаны музэй А. А. Скачынскага (2005). У Алёкмінскім краязнаўчым музэі Рэспублікі Саха (Якуція) захоўваюцца ягоныя асабістыя рэчы і творы.

Леў Скачынскі займаўся распрацоўкай вугальных радовішчаў у Чарамхоўскім раёне Іркуцкай вобласьці. Быў жанаты з Кацярынай Арсеньеўнай Усольцавай. Меў дзьве дачкі: Тацьцяну (1901—1917) і Соф’ю (1905—1995). Унук атрымаў адукацыю ў Польшчы і застаўся там. Праўнучка займаецца радаслоўнай сваіх продкаў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Орлов Г. Выдающийся ученый — уроженец нашего города // Колхозник. Олекминск. — 1957. — № 48. — С. 1.
  • Корнилов В. Академик А. А. Скочинский // Колхозник. Олекминск. — 1959. — С. 4. (3 октября)
  • Улица имени Скочинского // Знамя Октября. [Октябрь Знамята] Олекминск. — 1968. — С. 4. (25 мая)
  • Торговкина А. Академик Скочинский // Знамя Октября. Олекминск [Октябрь Знамята. Өлүөхүмэ.]. — 1984. — С. 4. (14 июня)
  • Казарян П. Л. Олекминская политическая ссылка 1826—1917 гг. — Якутск: 1995. — С. 204, 208, 477.
  • Казарян П. Л. Олекминская политическая ссылка 1826—1917 гг. — 2-е изд.. — Якутск: 1996. — С. 204, 208, 475.
  • Казарян П. Л. Численность и состав участников польского восстания 1863—1864 гг. в якутской ссылке. — Якутск: 1999. — С. 30, 40.
  • Ненина А. Польский дворянин сибирского происхождения // Вечерний Красноярск. — 2000. (18 января)
  • Чемезов Е., Исакова В. Родом из Олёкминска // Якутия. Якутск. — 2010. — № 123.