Серабранскія Млыны

Серабранскія Млыны, Серабранка — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўднёвай частцы места, паміж рэйкамі Лібаўска-Роменскай чыгункі і ракой Сьвіслаччу, абапал Ігуменскага гасьцінца.

На захад ад Серабранскіх млыноў пачынаюцца Сенажаны, на паўночны захад — Уборкі, на поўнач — Араны, на паўночны ўсход — Тры Карчмы, на паўднёвы ўсход — Сакалянка, на поўдзень — Козыраўскае прадмесьце[1][2].

Гісторыя рэдагаваць

 
Серабранскія Млыны, 1926 р.

Назва прадмесьця, як сьведчаць дакумэнты XVI ст., пайшла ад некалі існай тут рэчкі Серабранкі і Сярэбранага логу. Таксама існуе легенда, паводле якой у карчме, што знаходзілася ў гэтай мясцовасьці, спыняліся на ноч г. зв. «срэбныя» купцы, у якіх не хапала грошай на прыпынак у цэнтры места, у адрозьненьне ад «залатых»[3].

У пачатку XIX ст. за Ігуменскай заставай, у раёне Серабранскіх Млыноў стаялі тры памятныя цагляныя калёны (слупы), накрытыя дахоўкай. Дзьве зь іх паводле газэты «Минские губернские ведомости» за 1868 рок (№ 31, 35) стаялі на магілах братоў Сьвентажэцкіх, што загінулі ў час дуэлі. Згодна з паданьнем, трэцюю калёну паставілі ў гонар нейкай Тэафілы Міладоўскай, якая памерла ў менскай вязьніцы[4].

 
Ігуменскі тракт, 1930-я рр.

Паводле падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага, у XIX ст. урочышча Серабранскія Млыны разам з Кісьцяроўкай (Кісьцерам) былі папулярным месцам адпачынку сярэдняй клясы менскага насельніцтва[5].

У пачатку XX ст. Серабранскія Млыны ўваходзілі ў чацьвертую паліцэйскую частку места. Праз прадмесьце праходзіў Ігуменскі тракт (цяпер — частка вуліцы Маякоўскага), Пажарная (захавалася частка вуліцы ля Сьвіслачы, а назва паходзіць ад існага каля Ігуменскага рынку другога менскага пажарнага дэпо), Аранская, Аранжарэйная, 1-я і 2-я Надзееўская, Лясная, Лугавая, Сярэдняя, Палявая, Дзянісаўская вуліцы, Лугавы завулак[6].

У наш час тапонім Серабранка выкарыстоўваецца для пазначэньня іншай часткі места, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад колішніх Серабранскіх Млыноў. Пра месца першапачатковага разьмяшчэньня прадмесьця сьведчаць Серабранская і Серабранская Малая вуліцы, а таксама Серабранскі завулак.

Старыя адрасы рэдагаваць

  • Ігуменскі тракт, 37. Дрожджава-вінакурны завод Я. Любанскага. Пачаў дзейнічаць у 1903 року, празь пяць рокаў трапіў у арэнду А. Фундылера і А. Іргера. Новыя ўладальнікі ўсталявалі паравы рухавік. Тут жа ў пана Любанскага быў невялікі рэктыфікацыйны завод, дзе рабілася ачыстка сьпірту. Будынкі прадпрыемстваў цяпер выкарыстоўваюцца як карпусы Досьледнага электрарамонтнага заводу (Маякоўскага, 79).
  • Ігуменскі тракт, 39. Крухмальна-патачны завод «Сокал». Ініцыятарам будаваньня быў зямянін Я. Любанскі. Завод пачаў дзейнічаць у чэрвені 1900 року. На сельскагаспадарчай і саматужна-пармысловай выставе 1902 року ў Вільні прадукцыя завода атрымала мэдаль. Заводзкі будынак знаходзіўся ў раёне сучаснай вуліцы Маякоўскага, паміж Палявой і Дзянісаўскай.
  • Ігуменскі тракт. Меская бойня, збудаваная ў 1891 року, зьяўлялася адной з найбольшых у Беларусі. Побач з бойняй існавала месца для прыгону жывёліны.
  • Серабранка. Падпольная друкарня «Працоўнай партыі палітычнага вызваленьня Расеі» — арганізацыі народніцка-эсэраўскага кірунку, створанай у Менску ў канцы XIX ст. Сёньня гэта раён вуліцы Маякоўскага. Дакладнае месца знаходжаньня друкарні застаецца нявызначаным.

Таксама ў прадмесьці разьмяшчаўся Ігуменскі рынак[7].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 229.
  4. ^ Дучыц Л. Памятныя калоны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 437.
  5. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  6. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  7. ^ Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.

Літаратура рэдагаваць

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць