Саюз татарскай моладзі
Саю́з тата́рскай моладзі (СТМ) — моладзевая татарская нацыянальная арганізацыя на акупаванай нямецка-фашыстоўскімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі й Летувы.
Першапачаткова беларускія татары, якія зьбіраліся супрацоўнічаць зь нямецкімі акупантамі, групаваліся вакол муфтыя Якуба Шынкевіча. Ад 1942 ён вёў перамовы з гаўляйтэрам Беларусі пра ўключэньне прадстаўнікоў татараў у адміністрацыйныя структуры. Тады ж Шынкевіч прапанаваў стварыць татарскі моладзевы саюз і шэраг татарскіх камітэтаў. Немцы адмовілі ў гэтым. Гэтак цягнулася да жніўня 1942, калі В. Кубэ дазволіў прадстаўніку муфтыя на Беларусі А. Смайкевічу й ягонаму намесьніку Б. Халецкаму стварыць падрабязныя сьпісы ляяльных татараў, якія жадаюць супрацоўнічаць з акупацыйнымі органамі. Надалей плянавалася задзейнічаць гэтых асобаў у вайскова-палітычнай сфэры й у эканамічных інтарэсах Райху.
Увосень 1942 у Менску зьявілася афіцыйнае прадстаўніцтва муфтыя на чале з Смайкевічам. Менавіта вакол гэтае арганізацыі пачалі фармавацца татарскія нацыяналісты.
Напрыканцы жніўня 1943 Я. Шынкевіч афіцыйна зьвярнуўся да В. Кубэ па дапамогу ў арганізацыі экскурсыйнае паездкі для маладых татараў у Райх. Просьба была задаволеная.
Наступным крокам муфтыяту было стварэньне ў месцах кампактнага пражыцьця татараў арганізацыйных цэнтраў-камітэтаў, якіх у канцы лютага 1944 налічвалася тры: у Менску, Клецку і Ляхавічах. Асноўнай мэтай камітэтаў было выкрыцьцё й пастаноўка на ўлік татарскіх нацыянальных кадраў для наступнага іх вайскова-гаспадарчага скарыстаньня. Але дазвол на стварэньне Саюзу татарскай моладзі (СТМ) быў атрыманы толькі пасьля вылучэньня ў красавіку 1944 Генэральнае акругі «Беларусь» і яе падначаленьня Ўсходняму міністэрству Розэнбэрга. У сакавіку 1944 у Вільні адбыліся перамовы паміж муфтыем Я. Шынкевічам і обэрштурмбанфюрэрам Шульцам, прадстаўніком СД, пра стварэньне моладзевае арганізацыі. Дамоўленасьць была дасягнутая, і саюз ачоліў намесьнік муфтыя Б. Халецкі й два ягоныя заступнікі — адзін па Генэральнай акрузе «Беларусь», другі — па Генэральнай акрузе «Летува». Штаб-кватэра СТМ месьцілася ў Вільні.
На пачатку сакавіка 1944 пад наглядам спэцслужбаў і Шульца пачалася распрацоўка пастановы пра Саюз і іншае неабходнае дакумэнтацыі. Ствараўся саюз па прыкладзе «Гітлерюгенду», але ахопліваў моладзь 6—20 гадоў, і сябрамі СТМ маглі быць людзі старэйшага веку. Уступленьне ў Саюз было добраахвотным, аднак пакінуць яго сябар мог толькі з дазволу свайго юнгфюрэра.
Саюз падзяляўся на тры групы: дзеці 6—10 гадоў, сярэдняга веку — 11—14 гадоў, старэйшыя — 15—20 гадоў. Апроч падзелу паводле веку ў СТМ існавалі мужчынская й жаночая арганізацыі. Будаваўся Саюз на прынцып фюрэрства й ахопліваў тэрыторыі Беларусі й Летувы. Сябры СТМ працавалі ў розных акупацыйных установах, служылі ў паліцыі, даглядалі параненых жаўнераў-мусульманаў, зьбіралі ахвяраваньні, ладзілі працу гурткоў мастацкае самадзейнасьці, вывучэньня нямецкае мовы й інш.
У сакавіку 1944 Б. Халецкага замяніў былы кіраўнік штабу Саюзу ў Генэральнай акрузе «Беларусь» 25-гадовы карчмар зь Вільні Х. Якубоўскі. Кіраўнікі Саюзу прайшлі стажаваньне ў Нямеччыне. У траўні 1944 Х. Якубоўскі, А. Шагільдзевіч, Л. Канапацкая, Т. Мухарскі й І. Гембіцкі наведалі шэраг гарадоў Райху, дзе азнаёміліся зь дзейнасьцяй «Гітлерюгенду». Урачыстае паседжаньне з абвяшчэньнем пра стварэньне СТМ адбыліся ў летувіскім горадзе Аліта 19 траўня 1944.
Акрамя работы з моладзьдзю, арганізацыя праводзіла вербаваньне маладых татараў у «дабраахвотніцкія дапаможнікі ПВА» (флакхільфэры). У наступным усе яны былі далучаныя да фармаваньняў СС.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8