Саюз супольнай справы

маладэчанская падпольная арганізацыя

«Саю́з супо́льнай спра́вы» — тайная падпольная арганізацыя з сядзібаю ў месьце Маладэчна. Мела абшар дзейнасьці — Маладэчанская вобласьць, Баранавіцкая вобласьць БССР.

«Саюз супольнай справы»

Сьцяг
Дата ўтварэньня 1 студзеня 1949 (75 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 1951
Тып недзяржаўная, беларуская, народная
Юрыдычны статус грамада незаконная і злачынная для уладаў СССР
Мэта вызваленьне Беларусі ад бальшавікоў
Штаб-кватэра Маладэчна
Месцазнаходжаньне Сьцяг СССРМаладэчна, Маладэчанская вобласьць, БССР, СССР
Дзейнічае ў рэгіёнах Маладэчанская вобласьць, Баранавіцкая вобласьць
Сяброўства абавязковае і тайнае ад савецкіх уладаў
Афіцыйныя мовы Беларуская
Старшыня Радзюкевіч
Кіроўны орган Сойм
Колькасьць супрацоўнікаў невядомая
Колькасьць валянтэраў невядомая

Арганізацыя

рэдагаваць

На чале арганізацыі быў «актыўны беларускі нацыяналіст» Радзюкевіч. Падчас нямецкай акупацыі ён быў сябрам СБМ, у 1944 закончыў курсы кіроўнага складу арганізацыі ў Альбярціне. Імаверна, зь Беларусі не выяжджаў.

«Саюз супольнае справы» складаўся з троек, аднак агульная колькасьць сяброў невядомая.

Дзейнасьць

рэдагаваць

Пра «Саюз супольнае справы» вядома няшмат, і ўсе гэтыя зьвесткі паходзяць з матэрыялаў савецкае дзяржбясьпекі. Ён быў заснаваны ў 1949 годзе ў Маладэчанскай вобласьці. Паводле зьвестак савецкае дзяржбясьпекі, арганізацыя была створаная «з мэтай вядзеньня барацьбы супраць Савецкай улады за стварэньне беларускай буржуазнай дзяржавы».

Акрамя вярбоўкі новых сяброў, кансьпірацыйнікі займаліся вырабам і распаўсюдам сярод насельніцтва антысавецкіх улётак, адозваў. Яны былі «накіраваныя супраць мерапрыемстваў, якія праводзілі Камуністычная партыя і Савецкі ўрад у галіне сельскай гаспадаркі», то бок, мелі антыкалгасны зьмест, а сама арганізацыя магла ўзьнікнуць у час актывізацыі супраціўленьня сялянства масавай калектывізацыі.

Сябры арганізацыі нібыта таксама мусілі набываць зброю і боепрыпасы, а таксама ствараць партызанскія атрады да ўзброенай барацьбы ў выпадку ваеннага канфлікту паміж СССР і Захаду.

Радзюкевіч пакінуў нямала дакумэнтальных сьведчаньняў існаваньня «Саюзу супольнай справы». Напрыклад, завербаваныя сябры давалі пісьмовыя «забавязацельствы» і атрымлівалі ад кіраўніка арганізацыі «пасьведчаньні-даведкі», на якіх стаяла пячатка «Саюзу супольнай справы» — яны сьведчылі пра прыналежнасьць гэтых людзей да арганізацыі. Гэтыя даведкі склаў Радзюкевіч, а надрукаваў на пішучай машынцы ў 1949 годзе ўдзельнік арганізацыі Скарнічэнка, які працаваў у Маладэчне мэтадыстам Інстытуту ўдасканаленьня настаўнікаў.

Паводле зьвестак Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі, кіраўнікі арганізацыі мелі намер усталяваць сувязь з «узброенай бандай беларускага нацыяналіста Мятліцкага», якая ў той час дзейнічала ў Маладэчанскай вобласьці.

Прыпыненьне дзейнасьці

рэдагаваць

У 1951 годзе Міністэрства дзяржаўнае бясьпекі БССР выкрыла і ліквідавала арганізацыю.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць