Аліўе
Аліўе — салата, якую ў 1860-я гады прыдумаў францускі кухар Люсьен Аліўе ў Маскве пад назвай «маянэз зь дзічыны».
Аліўе | |
Іншыя назвы | маянэз зь дзічыны, сталічная |
---|---|
Тып | салата |
Нацыянальная страва | эўрапейская, паўднёваамэрыканская |
Паходжаньне | Расейская імпэрыя |
Рэгіён | Эўропа |
Аўтар | Люсьен Аліўе |
Дата зьяўленьня | 1860-я гады |
Асноўны складнік | яйкі ўкрутую |
Распаўсюджаныя складнікі | агуркі, бульба, морква, кілбаса і зялёны гарошак |
У 1920-я гады салату пераназвалі ў «сталічную», а ў яе складзе рабчыка замянілі курацінай. У паваенныя гады замест курыцы пачалі выкарыстоўваць вараную каўбасу. У 1970-я гады салата стала сьвяточнай стравай[1].
Складнікі
рэдагавацьУ наш час для прыгатаваньня салаты выкарыстоўваюць: па 4 вараныя бульбіны, звараныя ўкрутую яйкі і марынаваныя або сьвежыя агуркі, адну моркву, 300 грамаў варанай каўбасы, слоік зялёнага кансэрваванага гарошку вагой 200 грамаў, 3 сталовыя лыжкі маянэзу, а таксама лісьце пятрушкі і кропу[1].
Першапачаткова ж салату гатавалі з: паловы тушкі рабчыка, 2-х бульбінаў, часткі агурка, 4-х лістоў салаты, 3-х шыек ракаў, 1,5 сталовай лыжкі маянэзу, чвэрці кубка лансьпіка (выпаранае зь мяснога булёну жэле), чайнай лыжкі капэрсаў і 5 алівак[1].
Часам сьвежыя агуркі замяняюць карнішонамі. Таксама рабчыка могуць замяняць курацінай, цяляцінай і курапаткай[1].
Прыгатаваньне
рэдагавацьУ нашыя дні вараць бульбу і моркву, а яйкі ўкрутую. Затым бульбу, каўбасу, морку і яйкі наразаюць дробнымі кубікамі аднолькавага памеру. Пасьля нарэзкі агуркоў зь іх адціскаюць вадкасьць. З гарошка зьліваюць ваду, пасьля чаго яго ўсыпаюць у нарэзаныя складнікі. Затым наразаюць пятрушку і кроп ды зьмешваюць усё з маянэзам. Атраманую салату прыбіраюць на гадзіну ў лядоўню[1].
Даўней філе рабчыка наразалі брусочкамі і зьмешвалі брусочкамі бульбы і лустамі сьвежых агуркоў. Затым дадавалі аліўкі і капэрсы, пасьля чаго залівалі ўсё маянэзам. Пасьля астуджэньня салату перакладвалі ў талерку і ўпрыгожвалі ракавымі шыйкамі, лісьцікамі салаты-латука і лансьпікам[1].