Рычард Малінз
Ры́чард Ўэйн Ма́лінз (па-ангельску: Richard Wayne Mullins; 21 кастрычніка 1955, Рычманд, Індыяна, ЗША — 19 верасьня 1997, Блумінгтан, Іліной, ЗША) — амэрыканскі сучасны хрысьціянскі сьпявак-песеньнік, найбольш вядомы сваімі сьпевамі праслаўленьня «Цудоўны Бог(en)» ды «Крок за крокам».
Рычард Малінз | |
Richard Wayne Mullins | |
Дата нараджэньня | 21 кастрычніка 1955 |
---|---|
Месца нараджэньня | Рычманд, Індыяна |
Дата сьмерці | 19 верасьня 1997 (41 год) |
Месца сьмерці | Блумінгтан, Іліной |
Прычына сьмерці | дарожна-транспартнае здарэньне |
Месца вучобы | |
Прафэсія | сьпявак-песеньнік |
Гады дзейнасьці | 1981—1997 |
Жанры | сучасная хрысьціянская музыка |
Інструмэнты |
|
Супрацоўніцтва |
|
Лэйблы | Reunion |
Узнагароды | |
Сайт | richmullins.com |
Малінз быў шчырым вернікам, натхняўся Францішкам Асіскім, прысьвяціў яму мюзыкл «Canticle of the Plains»[1], які пераносіць гісторыю жыцьця сьвятога Францішка на Дзікі Захад[2].
Ягоныя песьні выконвалі розныя артысты, сярод якіх «Caedmon’s Call», «Five Iron Frenzy», Эмі Грант, Кэралін Арэндз, «Jars of Clay», Майкл Ўітакер Сьміт, Джон Тэш, Крыс Райс, Рэбэка Сэнт Джэймз, «Hillsong United» і «Third Day»[3].
Жыцьцяпіс
рэдагавацьРычард Ўэйн Малінз нарадзіўся ў сям’і ляснога фэрмэра(en) Джона і Нэвы Малінзаў ды меў двух братоў і двух сёстраў. У дзяцінстве наведваў квакерскі збор у Ліне; пасьля сям’я пераехала, і ён далучыўся да недэнамінацыйнай Ўайтўотэрскай царквы. Быў ахрышчаны ў 3-й клясе. У 1974 року скончыў Паўночна-ўсходнюю сярэднюю школу пад Фаўнтэйн Сіці.
У пачатку 1970-х рокаў граў і сьпяваў у хоры «Новыя стварэньні» ў Рычмандзе. У 1974—1978 навучаўся ў Цынцынацкім Біблійным коледжы, зарабляючы на адукацыю працай на паркоўцы. Таксама пісаў песьні і сьпяваў у гурце «Сыён».
У 1975—1978 быў моладзевым пастарам і музычным кіраўніком Аб’яднанай мэтадысцкай царквы Эрлангеру.
У 1981 року ўпершыню стаў вядомы на прафэсійнай сцэне пасьля выкананьня ягонай песьні «Sing Your Praise to the Lord» сьпявачкай Эмі Грант. Рычард Малінз кінуў «Сыён» і заняўся сольнай кар’ерай, дзеля чаго найперш пераехаў у Бэлсбург непадалёк ад Нэшвілу.
У 1987 року Малінз выкладаў размоўную ангельскую мову ў паўднёвакарэйскай сэмінарыі, пазьней непрацяглы час місіянэрстваваў у Тайляндзе.
У 1988 пераехаў у Ўічыту, дзе навучаўся ва Ўнівэрсытэце сяброў(en). У рамках навучаньня быў кіраўніком хору Заходнеэвангельскай вольнай царквы. 14 траўня 1995 скончыў унівэрсытэт у званьні бакаляўра музычнай адукацыі.
Пасьля гэтага пераехаў зь яшчэ адным сьпеваком Мічам МакВікерам у рэзэрвацыю навахаў у Цэ Баніта, каб выкладаць музыку дзецям. Ён жыў тут у індзейскай хаціне да канца свайго жыцьця. Пратэстанцкай царквы ў рэзэрвацыі не было, і ён наведваў каталіцкія набажэнствы.
19 верасьня 1997 року Малінз і МакВікер ехалі машынай на канцэрт у Ўічыцкі ўнівэрсытэт. Джып страціў кіраваньне, абодва не былі прышпіленыя пасамі і вылецелі з аўто. Пры гэтым насустрач рухаўся седлавы паўпрычэп, які, спрабуючы аб’ехаць перакулены джып, насьмерць зьбіў Малінза. МакВікер атрымаў траўмы, аднак ацалеў.
Пахаваньне Рычарда Малінза адбылося ў вялікай прысутнасьці людзей на могілках у Голансбэргу побач з братам і бацькам.
Музычная кар’ера
рэдагавацьРычард Малінз пераважна складаў і выконваў музыку для фартэпіяна і акустычнай гітары, аднак умеў віртуозна граць на цымбалах, дульцымэры ды ірляндзкай сьвістульцы(en).
У 1976—1977 роках падчас навучаньня ў Цынцынацкім Біблійным коледжы стварыў першы гурт «Сыён»[4]. Выйшаў адзіны альбом «Behold the Man» (1981). У гэты час Малінз напісаў песьню «Sing Your Praise to the Lord», якая стала хітом пасьля выкананьня яе ў 1982 року Эмі Грант. У 1983 Дэбі Бун запісала яшчэ адну ягоную песьню «O Come All Ye Faithful» для свайго альбому «Surrender».
У 1986 року Малінз выдаў свой дэбютны альбом «Рыч Малінз», у наступным — «Малюнкі ў небе»; аднак гэтыя альбомы ня сталі пасьпяховымі. Песьня «Цудоўны Бог» з трэцяга альбому «Winds of Heaven, Stuff of Earth» стала гітом.
У пачатку 1990-х Малінз выдаў два альбомы «The World As Best As I Remember It, Volume One» і «The World As Best As I Remember It, Volume Two» з больш акустычным гучаньнем і ўхілам у бок ірляндзкай музыкі. Песьня «Крок за крокам», напісаная ягоным сябрам Бікерам, увайшла ў першую частку і стала гітом на хрысьціянскім радыё.
У 1993 Малінз сабраў з нэшвільскіх музыкаў гурт «A Ragamuffin Band». Зь ім быў запісаны альбом «A Liturgy, a Legacy, & a Ragamuffin Band», пазьней названы 3-м найлейпшым хрысьціянскім альбомам усіх часоў паводле вэрсіі часопісу «Сучасная хрысьціянская музыка». Канцэптуальны альбом «Liturgy» часткова пазычыў ідэі з каталіцкага служэньня. «The Ragamuffins» таксама ўдзельнічалі ў запісе альбомаў Рычарда Малінза «Brother’s Keeper» (1995) і «The Jesus Record» (1998).
У 1997 Малінз зь Бікерам і Мічам МакВікерам стварылі мюзыкл паводле жыцьцяпісу сьвятога Францішка Асіскага: «The Canticle of the Plains»[2] — жыцьцём якога Рычард Малінз вельмі натхняўся.
Перад сьмерцю Рычард Малінз працаваў над наступным канцэптуальным альбомам, прысьвечаным жыцьцю Ісуса Хрыста. Ягоны даробак, дапоўнены песьнямі «Ragamuffin Band», Эмі Грант, Майкла Ўітакера Сьміта, Эшлі Кліўлэнд ды Філа Кігі, выйшаў пасьля ягонай сьмерці пад назвай «The Jesus Record».
Памяць
рэдагавацьУ 1998 року выйшаў памятны альбом «Цудоўны Бог: Трыб’ют Рыча Малінза».
29 красавіка 2014 Малінз быў занесены ў Залю славы госпэл-музыкі(en)[5].
9 студзеня 2014 року ў Ўічыце адбылася прэм’ера паўнамэтражнага фільму «Рагамафін» пра жыцьцё і творчасьць Рычарда Малінза[6].
Дыскаграфія
рэдагаваць- Behold the Man (1981)
- Rich Mullins (1986)
- Pictures in the Sky (1987)
- Winds of Heaven, Stuff of Earth (1988)
- Never Picture Perfect (1989)
- The World as Best as I Remember It, Volume One (1991)
- The World as Best as I Remember It, Volume Two (1992)
- A Liturgy, a Legacy, & a Ragamuffin Band (1993)
- Brother’s Keeper (1995)
- Canticle of the Plains (1997)
- The Jesus Record (1998, пасьмяротны)
Прэміі і ўзнагароды
рэдагавацьПрэмія «Голуб» Асацыяцыі госпэл-музыкі
- 1998: Выканаўца году (пасьмяротна)
- 1999: Прэмія «Голуб» песьні году — «My Deliverer» (пасьмяротна)
- 1999: Аўтар песьняў году (пасьмяротна)
- 1999: Recorded Music Packaging — «The Jesus Record» (пасьмяротна)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Canticle of the Plains (анг.). Kid Brothers of St. Frank. Праверана 20 лютага 2019 г.
- ^ а б Long, James P. (21 красавіка 1997) Mullins Takes Risk with Show on Saint, but Fans Keep Faith (анг.) Chicago (Illinois) Tribune. Kid Brothers of St. Frank. Праверана 20 лютага 2019 г.
- ^ Song list (анг.). Kid Brothers of St. Frank. Праверана 20 лютага 2019 г.
- ^ TimeLine : 1955—1985 (анг.) Never picture perfect: a tribute to Rich Mullins. Eric Townsend. Праверана 22 лютага 2019 г.
- ^ Paulson, Dave (29 красавіка 2014) Take 6, Dr. Bobby Jones among Gospel honorees (анг.) The Tennessean Праверана 20 лютага 2019 г.
- ^ Ragamuffin (2014) (анг.) IMDb Праверана 20 лютага 2019 г.
Літаратура
рэдагаваць- Brennan Manning. The Ragamuffin Gospel: Embracing the Unconditional Love of God. — Multnomah: 1990. — ISBN 0-88070-631-7
- James Bryan Smith. Rich Mullins: His Life and Legacy: An Arrow Pointing To Heaven. — Broadman and Holman, 2000. — ISBN 0-8054-2135-1
- Mullins, Rich, and Pearson, Ben. The World As I Remember It: Through the Eyes of a Ragamuffin. — Multnomah: 2004. — ISBN 1-59052-368-7
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАнгельскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |