Канцэпт-альбом

(Перанакіравана з «Канцэптуальны альбом»)

Канцэ́пт-альбо́м — музычны альбом, у якім кампазыцыі ня проста сабраныя пад адной вокладкай, але й аб’яднаныя агульнай тэматыкай, увасабляюць адну ідэю, зьяўляюцца часткамі адной гісторыі, альбо пераклікаюцца мэлёдыямі й пераходзяць адна ў адну. У канцэпт-альбомах парадак песень заўсёды мае істотнае значэньне, афармленьне кружэлкі таксама адмысловае, адпаведнае музыцы й тэкстам песень. Канцэпт-альбомы — зьява, ўласьцівая ў асноўным рок-музыцы ды іншым не-мэйнстрымавым музычным плыням: поп-альбомы, разьлічаныя на радыйную ратацыю, звычайна ня маюць ніякага парадку ды ніякай ідэі.

Першым у гісторыі канцэпт-альбомам можна лічыць Sgt. Pepper's Lonely Hearts Club Band гурта The Beatles. Росквіт канцэпт-альбомаў прыпадае на 70-я гады XX стагодзьдзя: у прагрэсіў-року абсалютная большасьць альбомаў — суцэльныя творы, што ўвасабляюць пэўныя філязофскія ідэі. Самыя славутыя канцэпт-альбомы створаныя гуртамі Jethro Tull (Thick as a Brick, A Passion Play), Pink Floyd (The Wall), King Crimson (нізка з чатырох альбомаў In the Court of the Crimson King, In the Wake of Poseydon, Lizard, Islands). У наступныя гады канцэпт-альбомы ўзьнікаюць у музыцы новай хвалі (напрыклад, у The Alan Parsons Project, Kraftwerk) і ў мэтале (напрыклад, у Dream Theater). З пашырэньнем паўэр- ды сымфа-мэталу ў канцы 90-х гадоў ўзьнікла шмат канцэпт-альбомаў, заснаваных на фэнтэзыйных гісторыях ці сярэднявечных легендах (так, Excalibur Grave Digger напісаны па матывах гісторыяў пра караля Артура, Nightfall in Middle-Earth Blind Guardian — паводле творчасьці Дж. Р. Р. Толкіна, а ўсе альбомы гурта Rhapsody распавядаюць гісторыі пра адзін і той жа фэнтэзыйны сьвет, прыдуманы музыкамі гурта).

У Савецкім Саюзе канцэпт-альбомы ўпершыню пачаў запісваць рок-гурт «Аквариум». Першы беларускі канцэпт-альбом — Сон у трамваі гурта Новае Неба; да паняцьця канцэпту набліжаюцца пазьнейшыя кружэлкі гуртоў Neuro Dubel і N.R.M.